Выбрать главу

— Наперад, наперад, таварышы афіцэры! Трымайце тэмп!

За паўтара месяца Карповіч прывык да палявых заняткаў, уцягнуўся і пад вечар не адчувае стомы, як першымі днямі. Ды і прывыкаць яму было не вельмі цяжка: шчуплы сам, прывыклы многа хадзіць і не стамляцца, ён лёгка прывыкаў да жорсткага, разлічанага па гадзінах вайсковага раскладу.

I таму Карповіч не меў злосці на палявыя заняткі па такгыцы, хоць і згаджаўся з думкаю, што ім, афіцэрам, неабавязкова гойсаць па полі, але маёр гаварыў, што гэта аснова пяхотнага майстэрства, якое набываецца не ў класах, а непасрэдна на палігоне. Адна справа паслухаць і намаляваць на паперы, а іншае — прайсці сваімі нагамі па зямлі, разгарнуцца ў ланцуг, атакаваць «ворага», гнаць яго перад сабою. А потым замацавацца на занятым рубяжы і гэтак жа, як і салдату, спачатку акапацца лежачы, потым зрабіць акопчык глыбей, а потым выкапаць акоп поўнага профілю, злучыць акопы траншэяй. Зрабіць гэтак, як робіць салдаг. А ў ролі камандзіра арганізаваць абарону, сістэму агню, назіранне...

Пакуль засвойвалася няхітрая, на першы погляд, але няпростая і нялёгкая навука, ад поту і ад сонца выліняла на плячах палявая куртка, не адзін раз давялося памяняць набойкі на абцасах.

Дарма, што спачатку здавалася, не хопіць сілы дахадзіць да канца дня. 3 цягам часу Карповіч адчуў, што ўвесь ён, усё яго цела стала намнога здароўшым, лёгкім, трэніраваным. Цяпер яму хапала ўжо ночы, каб адпачыць.

— Падрыхтаваць гранаты! Гранатамі — агонь!

Голас маёра прагучаў, здавалася, на ўвесь палігон, нібыта ўзвод наступаў не ў мірнай палявой цішыні, а пад несупынным грукатаннем варожых стрэлаў і выбухаў.

Каманду паўтаралі камандзіры аддзяленняў.

Карповіч выхапіў з гранатнае сумкі невялічкую зялёную, быццам кансервавая бляшанка, ручную гранату, двума пальцамі стуліў разагнутыя вусікі чакі і вырваў кальцо, прыціснуўшы засцерагальны рычаг. Разам з усімі размахнуўся на поўнае плячо, кінуў гранату і ўвесь напружыўся ў чаканні выбуху, насунуўшы каску на вочы, закрычаў «ура!», ірвануўся наперад, у «закіданую» гранатамі траншэю.

Адзін за адным скаланалі цішыню выбухі. Тоненька, нібыта і бяскрыўдна, прасвісталі асколкі. У душнаватым палынова-гаркавым паветры запахла ўзарваным толам, востра і трывожна.

— Узвод, у лінію — марш!

У адно імгненне не стала ланцуга, і калоны аддзяленняў пасля наступнае каманды зліліся ў невялічкую ўзводную калону.

Маёр даў каманду спыніцца, разысціся.

Перадых...

Карповіч расшпіліў куртку, адышоўся крыху ўбок, лёг на зямлю і заплюшчыў вочы. Здавалася, што ляжыць ён не на зямлі, а на хвалях, і хвалі пагойдваюцца, нясуць яго некуды. А халаднаваты ветрык студзіць твар.

Горача, штуршкамі пульсавала ў целе кроў.

Карповіч заплюшчыў вочы і павярнуў да сонца твар.

Карповіч падумаў, што прывык ужо да жыцця ў прасторнай казарме, з гэтакімі ж самымі, як і ў салдат, тумбачкамі ў галавах пры ложку і з табурэткамі ў нагах.

I шырока разгорнуты на сцяне расклад заняткаў, і раніцою пабудка ў адзін і той жа час.

— Зборы, пад'ём!

— Аддзяленне, гіад'ём! — камандуе Лёня Сабанееў, сярэдняга росту хлопец. Ён прызначаны камандзірам аддзялення, у якім Карповіч.

Карповічу падабаецца пад гэтую вясёлую каманду — Сабанееў заўсёды камандуе неяк весела — рыўком адкідаць коўдру, усхоплівацца на ногі і рапартаваць:

— Ёсць пад’ём!

— Узвод, выходзь строіцца!

Сабанееў чакае аддзяленне на дварэ. I калі выходзяць усе, строяцца ў калону, камандуе:

— За мною шагам марш!

Потым кароткая прабежка ўкруга, праходка, зноў прабежка, і потым бег, ад якога прабірае потам.

На спартыўнай пляцоўцы абавязковы комплекс ранішняе гімнастыкі, самастойныя заняткі на снарадах.

Карповіч спачатку падыходзіць да турніка, падцягваецца, робіць некалькі пераваротаў. Потым выжыманне на брусах. I ў заключэнне — гантэлі.

— Аддзяленне, у адну шарэнгу — станавісь!

Зноў лёгкая прабежка ўкруга, хада.

— А цяпер памыцца, пагаліцца, падшыцца, падрыхтавацца да ранішняга агляду. Разыдзіся!

Часу хапае якраз, каб і ложак заслаць, і памыцца, і падшыць чысты падкаўнерык, наглянцаваць боты.

I ўсё быццам і не спяшаючыся робіш. А першыя дні не хапала часу...

Пасля ранішняга агляду — пастраенне ў сталоўку.

У цішыні гулка разносіцца чаканны крок узвода, і камандзір, з ліку іх жа саміх, афіцэраў, Петрушкевіч, азіраецца і нараспеў камандуе:

— Узвод! Мацней крок!

На стале ў сталоўцы ўжо стаіць бачок з кашаю, талерка з кавалачкамі масла, белы і чорны хлеб, чайнік з чаем.