Выбрать главу

— Давай, Ласцоў, за развадзячага! У цябе вока — як аптэка,— весела загадвае Сабанееў.

Ласцоў як нехаця, але з усмешкаю, бярэ чарпак.

— Давай, Ваня, давай, не саромейся! — падбадзёр-вае яго Давыдаў у акулярах з лёгкаю залацістаю аправаю. Ён сур’ёзна глядзіць на Ласцова. Давыдаў вылучаецца сваёй сур'ёзнасцю, арыстакратычным выглядам і тым, што на страявой любіць вельмі гучна — каб бьь ло, як у сапраўднага камандзіра з добра пастаўленым голасам,— падаваць каманды: «Смір-р-р-на!» Пад час гэтае каманды ў яго такі люты выраз на твары, так грозна гучыць «р» і так па-пеўневаму зрываецца голас, што нават і строгі страявік падпалкоўнік Балюк на гэты час адварочваецца, каб не бачылі, што і ён усміхаецца.

Ласцоў жа, рослы хлопец з круглым, крыху прышчаватым тварам і сінімі хітраватымі вачыма, адметны тым, што дэманструе ад першага дня сваю непрыдатнасць да вайсковага жыцця і службы, за што яго і недалюбліваюць ва ўзводзе. Калі спачатку глядзелі крыху паблажліва, як на дзівака, то цяпер недалюбліваюць. Нікуды не паспяваючы ў час, нічога не ўмеючы быццам, ён прывучыў нават і настаўнікаў да таго, што тыя махнулі рукою: нічога не зробіш з такога чалавека... А калі ён не можа, то за яго зробіць той, хто ўмее і можа. Але Ласцоў выдаваў сябе не проста за няўмеку, а за інтэлігентнага: ён насіў з сабою кніжку вершаў, напісаную непрывычным усходнім пісьмом, гаварыў, што вывучае арабскую мову і збіраецца перакладаць з арабскага вершы. Праўда, у хлопцаў былі падазрэнні, што кніга напісана па-грузінску, дзе ў дзяцінстве давялося жыць Ласцову. Хутчэй за ўсё гэта была праўда, бо сапраўдная інтэлігентнасць Ласцова выявілася выпадкова, калі яму давялося быць «развадзячым» за сталом — самы большы кавалак сала і самы большы чарпак кашы аказаўся на талерцы ў самога Ласцова. Ды і кашу ён з'ядаў хутчэй за астатніх, каб выбіраць большы кавалак масла.

3 таго часу Сабанееў знарок часцей прызначаў Ласцова «развадзячым». I той выдзяляў сабе большую порцыю, прыкідваўся, што не заўважае насмешлівых і здзеклівых позіркаў.

I цяжка было б каму паверыць, што гэта той самы Ласцоў, якога аднойчы Карповіч бачыў у горадзе. На зборах нехлямяжы, неакуратна запраўлены, там Ласцоў быў у адпрасаваных штанах і адпрасаванай рубашцы з новенькімі лейтэнанцкімі пагонамі. У адной руцэ трымаў фуражку, а другая рука вольна ляжала на клубе ў сяброўкі, таўстазадзенькае дзяўчыны ў кароценькай скураной спаднічцы і празрыстай кофтачцы. Дзяўчына невядома чаго пахіхіквала. Сябар Ласцова ў чырвоных аксамітавых штанах нёс у руцэ магнітафон, час ад часу пацепваў плячом, скідаў з яго руку свае сяброўкі ў доўгай стракатай сукенцы...

I па тых павольных, ганарлівых жэстах Ласцова, па той ягонай задаволенасці Карповіч зразумеў, што Ласцоў лічыць сябе вышэй за ўсіх. Галоўнае — атрымоўваць грошы, быць пад'етым і апранутым, нічога не робячы. А калі гэта ўдалося — то можна пагарджаць тымі, за чый кошт жывеш.

I за сталом Ласцову было напляваць на тое, як пра яго падумаюць, абы выгадаць, абы поўны быў жывот...

— Што, Ласцоў, у ланцугу апошні бяжыш і тут сядзіш, як звараны? — пачуў Карповіч голас маёра, прыўстаў, зірнуў на Ласцова, які сядзеў, утаропіўшыся ў сваю кніжку.

— А ў яго сёння энергіі не хапае. Не ён сёння развадзячым за сталом быў,— растлумачыў Сабанееў.

— Ты, Ласцоў, з Карповіча прыклад бяры. Ён самы меншы тут, а за яго ўжо камбат з камандзірам разведроты ваююць. Нарасхват афіцэр.

Маёр сур'ёзна глядзеў на Ласцова.

Ласцоў толькі скоса зірнуў на Карповіча і нічога не адказаў.

— Вы, Ласцоў, дорага заплоціце за такія свае адносіны да службы. У вайсковым жыцці вельмі суровыя законы... Сябе толькі ашукаеце, нікога больш...

Маёр зірнуў на гадзіннік.

— А вы, Карповіч, што натварылі? Камбат прасіў, каб я адправіў вас у гадзіну да яго. Ідзіце.

Ласцоў са здзекліваю ўсмешкаю зірнуў на Карповіча — давыслужваўся, так табе і трэба.

Жартаўнік Рукша не стрымаўся і пракаменціраваў выклік да камбата жартам:

— От будзеш ведаць, як раніцою вушы не мыць!

Засмяяліся дружна, уявіўшы, як камандзір батальёна будзе сварыцца на чалавека ў афіцэрскай форме за тое, што той не мые вушы.

Засмяяўся і маёр Бялоў.

РАЗДЗЕЛ 3

Маёр Бялоў дакладна разлічыў, колькі патрэбна часу Карповічу, каб не спазніцца да камбата. I таму Карповіч пазіраў на гадзіннік і размашыста крочыў па тупкай і сухой лесавой дарозе. Адразу за полем, дзе праводзіліся заняткі, пачынаўся малады, шызы, з доўгаю і тоўстаю ігліцаю сасоннік, густа парослы сухім і кусцістым верасам, які дацвітаў яшчэ сям-там пяшчотным сваім вясновым цветам, нечаканым цяпер, увосень, калі пачынае прывыкаць вока да крышку пажаўцелае жорсткаватае травы, да адзінокіх бляклых кветачак.