Выбрать главу

У сасонніку было душнавата, пахла сухім шыгаллём і разагрэтаю хвояй.

Трывожна было на душы ў Карповіча, таму не адчуваў ён і стомленасці і не надта заўважаў, што робіцца навокал. Карповіч здагадваўся, з-за чаго выклікае яго камбат.

...У суботу вечарам пасыльны папярэдзіў Карповіча, што камбат загадаў, каб заўтра Карповіч, на выхадны дзень, быў адказным афіцэрам па батальёне.

Зранку Карповіч прыйшоў у казарму, пасля снедання з салдатамі свае роты амаль да адзінаццаці гадзін гулялі ў валейбол на спартыўнай пляцоўцы. Тыя, хто любіць тэлевізар, не адыходзілі ад яго. Паабедаў Карповіч разам з салдатамі ў сталоўцы. Пасля абеду было запланавана кіно для ўсяго батальёна. Перад пастраеннем у кіно да Карповіча падышоў старшына роты Паддубны з невысокага росту сержантам, якога Карповіч запомніў з першага дня. Запомніў таму, што сержант быў з ягонага ўзвода і камандаваў другім аддзяленнем.

— Таварыш лейтэнант, тут у нас сёння з Прымаком няўдала выйшла. Ён учора позна быў на палігоне, і капітан Раманаў забыўся выпісаць на яго звальніцельную запіску. Маці Прымакова тут за тры кіламетры ляжыць у бальніцы. Трэба неяк на гадзін пару, пакуль мы будзем у кіно, адпусціць Прымака.

— У мяне ж няма запіскі. Я з радасцю адпусціў бы...

— Гэта зразумела. — Старшына паглядзеў на Прымака. Той чамусьці пачырванеў і наском бота намаляваў на зямлі васьмёрку.

— Тут, таварыш лейтэнант, магчымы такі варыянт. Я бяру ўсё на сябе... Я на сваю адказнасць адпускаю яго на дзве гадзіны,— прапанаваў старшына.

— Я ж нідзе не пайду хадзіць. Цераз лес схаджу ў бальніцу і назад вярнуся... — Прымак паглядзеў на Карповіча. Вінавата неяк.— Можна было б і не ісці, але маці хвалявацца будзе, чакаць. Яна прывыкла, што я да яе прыходжу.

— Калі так, Паддубны, то я сам адпускаю Прымака на дзве гадзіны. Пад сваю адказнасць. Усё ясна? Можаце ісці, таварыш сержант.

— Дзякуй, таварыш лейтэнант!

Прымак казырнуў і пайшоў.

Паддубны ўсміхнуўся, гледзячы яму ўслед, з павагай зірнуў на Карповіча, сказаў:

— Не хвалюйцеся, гэта талковы сержант. Можна строіць роту?

— Стройце.

Прымакова маці ляжала ў абласной бальніцы з цяжкаю хваробаю страўніка. Капітан Раманаў ведаў пра гэта і адпускаў Прымака ў выхадныя. Хадзіў Прымак да бальніцы па лесе, напрамкі, бо стральбы не было на стрэльбішчы.

I таго разу сержант выйшаў з бальніцы крыху раней, каб, пакуль рота вернецца з кіно, быць ужо ў казарме.

Па знаёмых сцежках перайшоўшы лес, ён быў, лічы, дома, за сто метраў ад КПП, калі яго паклікалі:

— Стойце, таварыш сержант. Вы куды? Адкуль?

Прымак спыніўся, азірнуўся і з палёгкай ўздыхнуў:

патруль быў са свае часці. Начальнік патруля лейтэнант Вялічка з суседняга батальёна.

— Вашу запіску, таварыш сержант! Што вы мне ўсміхаецеся, я'к майская ружа?

— Няма запіскі, таварыш лейтэнант.

— Чаго вы тут? Хто вам дазволіў?

— Дазволіў лейтэнант Карповіч. I я нідзе не хаджу, а іду ў казарму.

— Нешта ў вас у батальёне многа начальнікаў паразводзілася, якім законы не пісаны. Праверым зараз і цябе, і твайго начальніка. Там у вас, відаць, парадачкі... Прывыклі толькі выстаўляцца — рота Раманава, рота Раманава... А там анархія... Параспускаліся. Марш наперад!

Так, ідучы ззаду, як ведучы пад канвоем, Вялічка прывёў Прымака да дзяжурнага па часці, пажылога капітана-артылерыста.

— Таварыш капітан, затрыманы ў самаволцы сержант Прымак з трэцяе роты,— афіцыйна далажыў Вялічка, але без падрабязнасцяў.

Капітан спакойна распытаўся пра ўсё ў Прымака, пакруціў толькі галавою — ці то дзівячыся спрыту начальніка патруля, ці то крыху не давяраючы сержанту, але адпусціў Прымака ў размяшчэнне роты, толькі наказаў, каб перадаў Карповічу і каб Карповіч погым сам пазваніў дзяжурнаму.

Карповіч пазваніў, усё высветлілася, і дзяжурны не дакладваў нічога камандзіру часці. Далажыў начальнік патруля Вялічка пра Прымака як затрыманага самавольшчыка.

Карповіч зайшоў у казарму, дзе размяшчаліся афіцэрскія зборы, працёр аўтамат і здаў дзяжурнаму, наглянцаваў запыленыя боты, памыўся да пояса.

Акуратна запраўлены, ён прыпыніўся перад дзвярыма штаба батальёна, пастукаўся.

— Заходзьце.

Цвёрда, гэтак жа, як на занятках па страявой падрыхгоўцы на пляцы, Карповіч зайшоў у пакой і далажыў камандзіру батальёна:

— Таварыш маёр, лейтэнант Карповіч па вашаму загаду прыбыў!

Карповіч адчуваў, што хоць і зайшоў ён, і далажыў так, як патрэбна, не адчувалася ў ягоных рухах сапраўднае армейскае выпраўкі, тае волі і лёгкасці ў рухах.