Выбрать главу

— Здравія жалаю, таварыш лейтэнант!

Камбат устаў з-за стала, казырнуў, падаў руку, потым паглядзеў уважліва на Карповіча, двума пальцамі памацаў за кончык свайго востранькага, храшчаватага носа. Нос быццам таму і зрабіўся востранькім, што камбат увесь час паціскае і пацягвае за яго.

Ад таго, што камбат так проста сустрэў яго, і начальнік штаба батальёна, які сядзеў за суседнім ста-лом, любімы салдатамі пажылы капітан, прыязна кіўнуў галавою, Карповіч крыху супакоіўся. Ён, і сюды ідучы, спадзяваўся, што яго зразумеюць, калі раскажа пра ўсё, як было.

Начальнік штаба нахіліўся над разасланаю на стале картаю, а камбат загадаў:

— Дакладвайце, таварыш лейтэнант, што там у вас за самаўпраўства?

Маёр строга паглядзеў на Карповіча. Ад гэтага нечакана халоднага позірку Карповіч разгубіўся і на першым часе не мог нічога сказаць. Ды, відаць, расказ яго не вельмі быў і патрэбны.

— Вы два месяцы ў войску, у вас на плячах афіцэрскія пагоны, вы страявы, баявы камандзір, а замест таго, каб наводзіць у падраздзяленні парадак, вы яго парушаеце... I дазваляеце парушаць другім. Вы не навабранец, вы афіцэр, і вам ніякіх паблажак не будзе!

Камбат ва ўпор паглядзеў на Карповіча, і той сам паверыў на нейкае імгненне, што сапраўды вінаваты.

— Тут выходзіць так, што адзін распускае салдат, другі іх ловіць, а трэці — гэта я — стаю перад камандзірам часці навыцяжку! Стаіш і сам толкам не ведаеш, што здарылася, бо табе паленаваліся далажыць. Так служба, таварыш лейтэнант, далей не пойдзе!

— Таварыш маёр...

Карповіч адчуў, што на змену разгубленасці, пачуццю вінаватасці, якое было ўзнікла спачатку, прыходзіць жаданне растлумачыць усё, даказаць сваю правату.

— Я не першы год «таварыш маёр»! Калі вы прыйшлі ў войска, то павінны служыць, служыць так, як гэта патрэбна, як вас вучылі чатыры гады, а не сварыцца і пярэчыць камандзірам! Такіх разумных у нас многа бывае напачатку!

Маёр невядома чаго раззлаваўся, і Карповіч адчуў, што цяпер самае лепшае маўчаць і нічога не пярэчыць, нічога не даказваць, бо гэта марныя спробы.

Нечакана моцна і коратка зазваніў на стале тэлефон.

Камбат узяў трубку, слухаў, адказваў:

— Ёсць!.. Так... Зразумеў... Зараз буду, таварыш падпалкоўнік!

Ён паклаў трубку, паглядзеў на Карповіча. Думаў цяпер камбат пра нешта зусім іншае, тая зласлівая чырвань, якая выступіла на шчокі пры размове з Карповічам, не сышла, але часу больш у камбата не было.

I спакойным, але патрабавальным тонам камбат скончыў гаворку:

— На першы раз дарую вам, таварыш лейтэнант. Хутка будуць выпрабаванні больш сур'ёзныя. Там вы не толькі за сябе будзеце адказваць, а і за людзей, якіх вам даверылі. На вучэннях самаўпраўства бокам выходзіць! — I да начальніка штаба: — Я да камандзіра палка, Павел Іванавіч.

Начальнік штаба кіўнуў галавою, адклаў алоўкі, зняў акуляры, паглядзеў на Карповіча, які ўсё яшчэ стаяў пасярод пакоя, збіты з панталыку і тымі абвінавачваннямі, і тым, што яго абвінавацілі, не даючы апраўдацца, і памілавалі тут жа.

— Бачыш, Карповіч, як выходзіць. Ты не згодзен з тым, што цябе вінавацяць?

— Не згодзен!

— А ты паслухай. Ты быў адказны — і ты адпусціў Прымака ў самаволку...

— Не ў самаволку. Я дазволіў...

— Правільна. Але салдат без звальніцельнае запіскі — самавольшчык.

— Быў бы капітан Раманаў, ён бы выпісаў запіску.

— Вядома, выпісаў бы. А ты адпусціў сержанта без запіскі, парушыў статут.

— Парушыў. Адпусціў.

— Акрамя таго, што сам вінаваты, з акуратнагасалдата зрабіў самавольшчыка. Ты зрабіў, таварыш лейтэнант!

— Ды мне што, з-за таго, што выйшла памылка, нельга адпусціць салдата да хворае маці, ведаючы, што салдат не падвядзе?

— Салдат-то не падвядзе. А ты гэтага салдата падвёў.

— Як гэта я падвёў? — Карповіч не чакаў такога павароту.

— А вось так. Далажылі, што не ты быў у самаволцы, а Прымак. Сержант Прымак па тваёй міласці самавольшчыкам стаў.

Карповіч адчуваў, што не можа зразумець логіку разважанняў начальніка штаба. Была ў іх нейкая свая ісціна, якую Карповіч не мог прыняць да душы.

— Ведаеце што, таварыш капітан? Камандзір, акрамя статуту, павінен яшчэ і ў сумлення свайго пытацца. Ні я, ні Прымак не вінаваты, што Вялічку трэба выслужыцца. Ён на КПП самавольшчыка злавіў! Дзяжурны па часці — і той зразумеў усё правільна.

— Пры чым тут Вялічка? Каб ты зрабіў усё так, як патрэбна рабіць у такіх выпадках, то як бы там Вялічка ні хацеў выслужыцца, не выслужыўся б... Ты мяне так і не разумееш, Карповіч. У войску часам так выходзіць: патрабаваў ты жорстка з чалавека — дабро яму рабіў...