Выбрать главу
На Захад ідуць цягнікі. Лён, жыта, сасна і бяроза... Гляджу і гляджу з-пад рукі, Як моладасць нашу вывозяць18.

Гераічнае і трагедыйнае змаганне за права быць маладым, ісці ў будучыню, знішчаць і тварыць — скразная тэма і страсць паэзіі Танка на першых двух кругах. Слова яго закліковае, валявое, баявітае. Нават там, дзе герой толькі перажывае і думае, ён змагаецца, змагаецца з самім сабою, са сваёй нерашучасцю, сумненнямі, рыхтуе поле для змагання і перамог над знешнімі ворагамі. У праграмным вершы «На камні, жалезе і золаце» паэт выказаў адчуванне адрознасці гэтых трох кругоў. Ён улічвае тут розныя колеры знешняга жыцця і часу, таму на камні хоча ўвекавечваць мінулае народа, на жалезе — яго баявыя подзвігі, на золаце — славу стваральнае працы.

Стваральная праца даражэй за ўсё. Пачаўшы жыццё на чорных ад гневу сялянскіх барознах у Нарачанскім краі, пазнаўшы небяспечныя сцежкі падполля і турэмныя этапы ў Заходняй Беларусі, а потым вогненныя дарогі вайны, паэт дасягнуў тых высокіх трас, па якіх сёння імкне балючая прага пазнання, творчая азоранасць, палахлівае прадбачанне, трывога свету. Максім Танк здзіўляе даследчыкаў і захапляе чытачоў цэльнасцю свайго погляду на жыццё як на чалавечую каштоўнасць. У паэта такі ўніверсальны крытэрый, які падказвае цану ўсяму існуючаму, гэта крытэрый працы:

Хоць ніколі не быў стараверам, Але нават і сёння, прызнацца, Усе вартасці, ісціны меру Я мужыцкім аршынам — працай.

Толькі не трэба браць гэтага паэтычнага выслоўя літаральна, як часам робяць крытыкі, прыпісваючы Танку сялянскі густ. Максім Танк даражыць светам хлебаробаў, светам свайго дзяцінства і першаснага жыццёвага вопыту. Свет гэты прыгожы сваёй натуральнасцю. Тут складваюцца натуральныя адносіны чалавека да працы, да хараства зямлі і людзей, але сялянскі свет усяго адна сярод многіх вядомых паэту сфер працоўнага жыцця і стваральнай дзейнасці. Не заўсёды, на жаль, і мы, крытыкі, выразна гаворым пра гэта. Вось, да слова, у нядаўнім цікавым артыкуле добры знаўца паэтыкі Максіма Танка звужана трактуе паняцце свету М. Танка. «...разуменне паэтам маралі,— піша ён,— дабра і зла, прыгожага трывала асноўваецца на этычных і эстэтычных поглядах селяніна-працаўніка, хлебароба». Далей крытык спрабуе пашырыць граніцы свету мастака. «Сучасную паэзію Максіма Танка,— дадае ён,— з поўным правам можна назваць агульнанароднай, нацыянальнай...»19.

Сялянскасць жа і народнасць — паняцці даволі далёкія. Мне здаецца, пра гэта гаворыць падтэкст, які закладзены ў цытаваных раней радках:

Усе вартасці, ісціны меру Я мужыцкім аршынам — працай (IV, 9).

Нельга ўспрымаць іх як прамое самапрызванне паэта. Каменціруючы тэкст, крытык і напісаў, што ў гэтым вершы паэт «адкрыта заяўляе...». На самой справе М. Танк палемізуе. Ён ніколі не рабіў сакрэтаў са сваіх маральных і эстэтычных перакананняў, і ў гэтым выпадку яму не карціць зрабіць яўным тое, што было тайным. Паэт кідае выклік інтэлігентным снобам, сцвярджаючы, што яго крытэрый ацэнак просты, як мужыцкі аршын,— гэта крытэрый працы. Праца — стары, але безадказны аршын, якім можна вымераць грамадскую вартасць чалавека, яго перакананняў, яго спосабу жыцця. М. Танк настойвае на тым, што ў ацэнках людзей і жыцця важна не «мадэрнасць» гэтых ацэнак, а іх слушнасць, іх пазнавальная сіла, аб'ектыўнасць. Часам людзі, баючыся праслыць старамоднымі, гоняцца за інтэлектуальнай утончанасцю ацэнак. А ці не баяцца некаторыя прыхільнікі суперсучаснасці элементарнай аб'ектыўнасці «мужыцкага аршына»? Ці не хлусяць яны, калі грэбліва крывяцца на элементарнасць і старамоднасць гэтай меркі? Палемічны падтэкст выказвання народнага паэта шырокі: яго «мужыцкі аршын» можна прыкласці да новаавангардысцкіх міфаў, якія на нашых вачах плодзіць сучаснае буржуазнае «грамадства масавага спажывання», дакладней, люмпен-інтэлігенты на Захадзе. Прынцыпова варожыя працы, розуму і сумленню, гэтыя аблудныя міфы прызначаны спакушаць і цягнуць моладзь назад да жывёльнасці, да бяздумнай свабоды біялагічных асалод.

Калі настойваць на сялянскай аснове крытэрыяў паэта, дык міжвольна звузіш ацэначны абсяг яго твораў. «Мужыцкі аршын» у Танка — гэта і народны і агульначалавечы ацэначны крытэрый. Паэт ужывае яго вельмі шырока. Нават у такой далікатнай матэрыі, як любоўная лірыка, мы сустракаем гэты самы прынцып ацэнкі: