Выбрать главу

Аднаго разу, дамалаціўшы жыта, Чарнушэвіч, запылены, потны (ён нарэшце сам стаў падымаць у барабан снапы) прыйшоў дахаты. Каля трох месяцаў ён жыў сямейным шчаслівым жыццём, але, прызнаваўся, і не бачыў гэтага жыцця за работай. Ён сеў на лаве і адчуў, што дужа стаміўся, што, прыйшоўшы з фронту, ён і не адпачываў — спачатку страшная пустэльня роднага сяла, потым «баявыя заданні» Харчанкі, цяпер — гэты калгас. Ён так сядзеў на лаве, утаропіўшы перад сабой вочы, быццам упершыню бачыў і гэтую хату, і гэтах незнаёмых людзей — цесця і цешчу. Толькі тады адвёў ад іх вочы, як адчуў, што нехта сцягвае з ног боты. Ён убачыў: Агата сцягвае боты, стоячы на каленках, а побач, на падлозе, стаіць таз з вадой.

— Што ты? — ён нават пачырванеў.

— Што ж я? — расчырванелы твар узняла да яго Агата, і вочы яе свяціліся каханнем і шчасцем. — Ты змарыўся, Юрачка, я памыю табе ногі.

Ад акна, дзе ён кітаваў шыбу, азваўся цесць:

— Змарыўся, зразумела. Нашто так забівацца? Нікога не здзівіш. З’еш хоць вала — адна хвала!

Чарнушэвіч глянуў на Шаршня і злавіў яго ўсмешку. Падумаў: чаго пасміхаецца? Спачувае ці кпіць?

— Я б па-ваеннаму ўсё паставіў. Людзей — па вучастках, загад, выконвай! — дадаў цесць, а ад печы дачуўся грукат — Альжбета выцягвала паранку для свіней і моцна грукнула саганом па прыпечку. Правільна кажа цесць, ён разумны чалавек. А Агата ўжо стаяла з конаўкай і рушніком і тут жа, над тазам, ён памыўся. Яна палівала яму, а ён, мыючыся, думаў: вось яно — шчасце!

— Трэба брыгадзіра талковага паставіць. Ты, цесць, не згодзішся?

Той аж засмяяўся.

— Не! Што ты. Тут трэба каго свайго, з Зялёнага Луга. Мы — прыезджыя, нам яшчэ веры няма.

— Дык і я ж — прыезджы?

— Ты іншае. У цябе... — Ён далоняй ляпнуў па ўласных грудзёх, намякаючы на зяцевы медалі і ордэны. — Табе вера ўсюды. Я лепш табе так дапамагу, як свайму... сыну.

Потым быў вечар. Чарнушэвіч сядзеў на ганку цесцевай хаты, курыў, з асалодай адчуваючы поўны спакой у сваім целе. Тут яго ў другое здзівіла Агата, але на гэты раз — прыемна. Яна прынесла баян. Месяцы тры не браў, аж з вяселля. Свет вачэй яе ў надыходзячым змярканні быў ужо агнём.

— Што?

— «Афіцэрскі вальс», Юрачка.

У гэты раз зайграў ён адменна: павольна, з ціхімі, доўгімі лірычнымі варыяцыямі, якія прыдумаў калісьці сам. І пад гукі ўласнай музыкі зноў паўстала: Вена... а яшчэ раней — прывал на беразе Прута. «Лепш за венскі, гэты наш вальс». Зусім ціха ён сказаў да Агаты, якая прытулілася да яго пляча шчакой:

— Якія мы там бачылі дамы па вёсках! Ёсць і дрэнныя, але ёсць і такія, якім пазайздросціш. У нас трэба будаваць так, а не халупы з вокнамі ў зямлю. І яшчэ я, Агата, думаю, што на месцы разбітай вёскі можна паставіць новую, і дынаму — каб асвяціць Зялёны Луг электрычнасцю. Як ты мяркуеш?

— Добра, Юрачка, усё добра. Але цяпер ты адпачываеш. Ты ж маеш права хоць са мной адпачыць?

Вядома — ён мае права на гэты адпачынак. Ён падумаў так, але ўжо не сказаў: за нізкай брамай збіралася моладзь, прыцягненая яго музыкай.

VI

У раёне, куды ездзіў Чарнушэвіч са справаздачай, ягоныя планы ўхвалілі. На паседжанні ў раёне прысутнічаў і Харчанка, іменна ён сказаў:

— Млын і электрастанцыя — гэта вельмі добра. Калі гэта спалучыцца з матар’яльным дабрабытам, з новай хатай, з павялічанай аплатай за працадзень — лепшага жадаць няма чаго. Будуй, умацоўвай!

І калі акрылены падтрыманнямі старшыня вярнуўся ў Зялёны Луг, ён пайшоў у хату Тамаша, дзе часова размясцілася праўленне, заспеў тут некалькі чалавек, сеў і, захапіўшыся, пачаў гаварыць аб электрастанцыі. Яго слухалі ўважліва, з павагай, падтрымлівалі. Толькі Нічыпар, які прытуліўся да дзвярэй з цыгаркай — такой жа вялікай і тонкай, як ён сам, між іншым, сказаў:

— З вясны можна будзе і гэта.

— Чаму з вясны? Яшчэ да снегу далёка.

— У нас яшчэ дзесяць сямействаў у норах, а пяць хат небам крытыя.

— Заўтра ж усіх на будаўніцтва, — рэзка сказаў да брыгадзіра Жука стар­шыня.

— І са свірна зняць? Там страху толькі да паловы паклалі.

— Зняць, зняць!