Выбрать главу

— Як сажнём — убачым. Восень пакажа.

Пад самую страху падняўся зруб хаты-чытальні. Чарнушэвіч праводзіў тут цэлы дзень і з захапленнем арудаваў сякерай. Нарэшце ён дасягнуў таго, аб чым увесь час клапаціўся: зладжана і добра працавалі брыгады, не трэба было папіхаць. Ён мог цяпер аддацца любімай справе. І тут выплыла непрыемнасць. І зноў пачалося з Тодара.

— Мы абманулі дзяржаву на 17 гектараў.

«Кар’ерыст ці вораг?» — мільганула ў Чарнушэвіча думка. — «Хоча зваліць мяне і прыбраць усё да рук». Было вельмі непрыемна ад такой думкі, але да яе Юрка звяртаўся ўсё часцей і ўсё настойлівей.

— Гэтага не можа быць! — сказаў ён груба, рэзка. — Ты ўсюды бачыш недахопы, абман. Тут не мая памылка, а твая.

— Не! Цяпер упэўнены.

Думка аб тым, што ў раён далі няправільныя звесткі, не пакідала Тодара з таго самага часу, як ён размаўляў з рахункаводам. Але ўпэўненасць, з якой вёў гутарку Стафан, выключная акуратнасць яго справаводства пасеялі ў Тодара сумненне ў сваёй праваце, ён адступіў, але не здаваўся. Аднаго разу ён зайшоўся да Краўчанкі. Дзяўчына сядзела над ворахам газетных выразак.

— Што гэта ў цябе?

Крыху асмушчаны твар Галі пачырванеў — густа і ўраз. Яна рукой прыкрыла выразкі.

— Так сабе... старыя заметкі з газет. — Потым, зірнуўшы на Тодара, раптам адчула, што ён — зразумее. — Як прачытаю аб рэкорднай выпрацоўцы жней, схаваю заметкі. Вот і падабрала матар’ял. Ты глядзі, 10 000 снапоў вяжуць. Мне так хочацца, Тодарка, гэты вопыт скарыстаць і ў нас. А на полі так усё павольна расце!

Апошняе — так шчыра і непасрэдна, што Тодар не ўтрымаўся ад смеху. Хоць і маладая, ёй у партыю час. І ён даверліва расказаў аб сваіх сумненнях. Галя спачатку спалохалася — як жа так абманваць дзяржаву? Потам абурылася. Але абурэнне вылілася на Агату — за тое, што кінула іхнюю брыгаду. Што бацька — тое і дачка! Аднак Тодар яе супакоіў і папрасіў аб дапамозе — перамераць пасевы. З трыма камсамолкамі з сваёй брыгады ў тры выхадныя дні Галя зрабіла абмер сваіх пасеваў. Ніхто асабліва ў Зялёным Лузе не звярнуў на гэта ўвагі — прызвычаіліся да таго, што Галя са сваімі дзяўчатамі траха што не начуюць на ўчастках. І праполкі, і падкормкі... Цяпер у Тодаравых руках былі безумоўныя доказы таго, што падлік ягоны — правільны: было засеяна на 16,33 гектара меней, чым па звестках.

Чарнушэвіч схамянуўся: Стафан падвёў. Ён праглядзеў штодзённыя зводкі: усюды было падпісана прозвішчам Чарнушэвіч. Ён ужо не стрымаў абурэння, крыкнуў на цесця, расхваляваўся так, што да яго не падступілася і Агата. Кароткая Стафанава шыя налілася чырванню, а твар — зрабіўся шэрым, быццам уся кроў з яго адхлынула, і знікла звычайная ўсмешка, твар быў злы, жорсткі.

— Ты... - Ён першы раз сказаў Чарнушэвічу «ты». — Ты даручаў мне падпісваць звесткі, чаго ж цяпер крычыш? Я табе славу зрабіў — твой калгас першы закончыў сяўбу, нават апярэдзіў «Бальшавіка». Сямнаццаць гектараў! У такой гаспадарцы — гэта дробязь.

Моўчкі выйшаў Чарнушэвіч з хаты. Твар гарэў, быццам па ім ударылі. Падвёў! Тодар капаў, капаў і падкапаўся. Наладжанае жыццё... Агата... і ўсё гэта можа рассыпацца з-за гэтага промаху. Але каму тады верыць, калі свой, родны чалавек падводзіць? На фронце было прасцей: вораг — ёсць вораг. А тут... Калі Тодар паклікаў яго на партсход, Чарнушэвіч разам з цеслярамі ставіў на хаце-чытальні кроквы. Чарнушэвіч спусціў з рыштавання ногі, хвілінку пасядзеў так, зірнуўшы наўкола, і адчуў, што яму моцна не хочацца злазіць уніз. Адсюль, згары, было відаць далёка наўкола — новыя хаты Зялёнага Луга, слупы з правадамі, млын, новы свіран, стайні, раку, а за ёй — у яркай зелені: калгасныя палеткі, ахутаныя лёгкім цёплым дымком. Не! Ва ўсім гэтым ляжыць і яго праца, яго любоў!

ХІ

Ганна добра зразумела, аб чым казаў сын Васілю, быстраму хлапцу, выпраўляючы яго ў райком. І калі той пайшоў з хаты, старая спакойна, але ціха сказала сыну:

— Падумай, Тодар, што робіш! Калі я гаравала ў адзіноце, праліваючы слёзы над Антонавымі ордэнамі, не ведаючы, дзе ты, Юрка прыехаў, будаваў мне хату, быў — як сын, маткай клікаў. Мне яму рукі цалаваць трэба, Тодарка, зразумей гэта. Ён маё гора адзінотнае стараўся развеяць, за яго баянам прыйшлі сюды маладыя. Тодарка, сынок... Нашто з-за дробязі чалавека так нізка ставіць, ён жа сардэчны чалавек, свой!.. — Думак было многа, а слоў не хапа­ла, ёй усё здавалася, што сын не заразумее яе, як след.