Выбрать главу

— Не аб гэтым, мама, гаворка.

Ён гэта сказаў — суха, адвярнуўся і рукой пачаў складаць у палявую сумку паперы. Перад ёй стаяў яе сын — малы, меншы. Ад таго, што парожні левы рукаў запраўлены за дужку, постаць незвычайна тонкая, простая. Але тонкі твар — ужо не хлапечы, сталасць і выпрабаванні зрабілі яго мужным. Зведзеныя ў адно бровы — упартая рыса характару. Зусім нядаўна ён прыбягаў з кніжкай са школы, шумна хваліўся матцы сваімі поспехамі. А цяпер? Ганна зразумела — не варта гаварыць.

Па дарозе запыліла машына, потым схавалася за прыдарожным купаўём і ўжо загойдалася на выгане — сіняя, рухавая, на фоне зеляніны.

— Харчанка едзе! Капітан! — дзятва апанавала машыну, і, вылазячы з яе, Харчанка павітаўся з дзятвой. Услед за сакратаром выйшлі яшчэ двое — той самы, што прыязджаў калісьці, і пажылы, лысы яўрэй у запыленым пінжаку. Яўрэй казаў да інструктара райкома:

— Надзвычай добрыя пасевы. Вы бачылі, якое проса? Тут людзі папрацавалі як мае быць.

— Да вайны Зялёны Луг быў лепшым калгасам, — казаў, ідучы, Харчанка. — Адраджаецца калгас, адраджаюцца і традыцыі. А, вось і сакратар! — Ён прывітаўся з Красуцкім. — А дзе галава?

— На будаўніцтве.

Харчанка сказаў да лысага:

— Агледзім.

Яны агледзелі ўсё: і свіран, і ферму, і стайню, пасядзелі каля млына, пабывалі на будаўніцтве хаты-чытальні. Харчанка папракнуў Чарнушэвіча, што столь у хаце-чытальні нізкаватая, прапанаваў пабудаваць побач летнюю сцэну, пацікавіўся, калі была апошні раз кіно-перасоўка. Ён хадзіў па калгасу, аглядаў гаспадарку, гутарыў з людзьмі і бачыў, што добра і паўнакроўна жыве працоўная сям’я.

— За ўсё гэта вы малайцы! У вас ёсць усе магчымасці, каб зрабіць рашучы крок, — да заможнасці.

Чарнушэвіч адчуваў, як гарыць усё яго цела. Сакратар хваліць, а пра тое маўчыць. Няўжо на сходзе аб гэтым паставіць пытанне? Ён ужо сам гатоў быў сказаць, што пратэстуе супроць пастановы партарганізацыі — выключыць. Аднак, Харчанка апярэдзіў. Сказаўшы Красуцкаму, каб сабралі калгаснікаў на гутарку, ён абняў Чарнушэвіча за плечы і павёў з грудка людзей, якія хадзілі з імі.

— Ну, выкладай, — сказаў Харчанка і апусціўся на траву.

Уся яго постаць — мірная, спакойная. Ён з асалодай ляжыць на траве, яму прыемна глядзець на зялёна-блакітную роўнядзь ракі. Каўнер кіцеля расшпілены, у руках — галінка. Чарнушэвіч апусціўся побач. Лепячы цыгарку, парваў паперу. Харчанка пачаставаў папяросай. Чарнушэвіч не ведаў, з чаго пачынаць, і Харчанка здагадаўся:

— Выключылі? — Харчанка кіўнуў. — Значыць правільна. Але ты скажы — не даглядзеў ці надумысля?

І тут Юрку прарвала: заспяшаўся, каб усё, усё выкласці, нібы баючыся, што мірная постаць знікне, што будзе іншы перад ім чалавек. Яго не перапыняў, часам абмахваючыся галінкай, і потым сказаў:

— Перадаверыў і папаўся. Так заўсёды бывае, калі чалавек страчвае тое, што бальшавікі называюць пільнасцю. У цябе дзве памылкі, Чарнушэвіч. Пер­шая ў тым, што ты, франтавік, салдат, вырашыў, што раз вораг знішчан на фронце, значыць, усё ў жыцці змянілася, усе супярэчнасці зніклі, запанавала згода. Другая ў тым, што, захапіўшыся адным, ты выпусціў з-пад увагі іншае. Мы хвалім цябе за тое, што ты добра адбудаваўся, што ў вас не на паперы, а на самай справе ёсць жывое спаборніцтва, што ў вас растуць кадры сельскіх камуністаў. Але ты забыў, што вакол цябе людзі і што дабрабыт гэтых людзей — аснова. Красуцкі правільна сфармуліраваў, што ты абмануў партыю, дзяржаву. А скажы, партарганізацыя знае, што не ты падпісваў рад звестак?

— Не, таварыш капітан. Але вы ўявіце, які тут вораг? Гэта ж мой цесць! Я яго добра ведаю.

— Добра? Радня значыць. Цікава!

Потым, калі яны ішлі на сход, Харчанка сказаў:

— На райкоме я пастараюся цябе адстаяць. Суровую вымову. Ты — франтавік, ты выправішся. А вот старшынёй табе аставацца не прыйдзецца. Як?

— Цяжка згадзіцца.

На сходзе гутарка ішла аб міжнародным становішчы і аб тым, як выконваецца краінай пасляваенная сталінская пяцігодка. Харчанка гаварыў жыва, вобразна і ўжо скора захапіў сваёй гутаркай усіх прысутных. Увага ўсіх прымусіла і прыезджых — лысага таўсцяка і інструктара — спыніць сваю гаворку. Яны цяпер, седзячы за сталом пад клёнамі, таксама захапіліся тым, што кажа сакратар райкома. Ён умеў падаваць факты, што і малапісьменны Нічыпар, і спрактыкаваны ўпаўнаважаны па нарыхтоўках з аднолькавай увагай слухалі яго. Прастатой і папулярнасцю адзначалася сакратарова мова, факты, якія ён падаваў, не чаргаваліся адзін за адным, а згрупоўваліся, з’ядноўваліся ў цэлае з-пад гэтага цэлага, як з-пад кама зямлі парастак, праглядаў ужо вынік.