Выбрать главу
Пойдзем па яйкі, што фэніксы марна губляюць. Пойдзем і возьмем! Мы — ваяры! Ваяры не купляюць! Пойдзем пад Берасьце, Пінск, Ваўкавыск не забудзьма! Браць, забіраць, не пытаць — частавацца яечняю будзьма!10

(пераклад наш.)

Лішне казаць, што часьцей бравым крыжацкім ваякам даводзілася, шылам патакі хапіўшы, вяртацца ў свае калёніі. «Лето 1290з благославенства божьего немцам в каршель натолкали, дабы не покушалися гнезды ботяновы росскидать, ища Потравы утробам своим ненасытным», — паведамляе прыпіска да «Наваградзкага эвангельля»11. Тагачасныя кніжнікі цудоўна разумелі, што зьнікненьне фэнікса-бацяна можа спрычыніць крызу экалягічнай сыстэмы. У пасланьнях Гедыміна ёсьць добрае таму пацьвярджэньне: «Жывёлу і птушку біем памяркоўна, каб і прырода да нас талеранцыю мела. Вот, скажам, бацян, або фэнікс (batsian sive phaenix), птушка бязладная быццам, але мусім дбаць, каб жыла і яна, бо бязладзьдзе ейнае ёсьць часткай суладзьдзя агульнага»12.

Бязладнасьць фэніксаў прыгадваюць і іншыя дакумэнты. Вышэй паменаваны Р Цамблак называў нашых бацяноў-фэніксаў не інакш як «блазны летащи»13. Што тут за прычына? У зборніку павучальных карацелек Івана Касабокага «Літуанскі дзесяцідзён» (канец XIV — пачатак XV ст.) занатавана гісторыя пра фэнікса, які спыніў бой паміж ліцьвінамі й крыжакамі:

В низине под горой да под дубом разложистым сойтися хотели наши литвины руськия з немчины рымськия в бою крывавом, в сечи бесщадной. Брали уже силы и отвагу ку початку сей марсовой деи. Але, оком мигнув, огледили фюнкиста-птицу в небеси, которая в полети оморочны крунгели вписовала и даже в древо тое вечистое ся стукнула звучне. По сем добре ся з дуба ляснула, на земли посела и якбы з подивленьем голову вбок свернула и смешно барзо «о-оу!» молвила. З того ооуканья воины обопольно животы со смеху надрывати стали, и смех трвал годину целую, по сей нихто уже не рачил брань усчинати, поехав восвояси улыбчиво14.

У т. зв. «Дзёньніку караімаў» XV–XVI стст. (шматтамовы рукапісны мэмуар вялікакняжацкіх целаахоўнікаў ды іх інструктараў) апісваецца сцэна з гаспадарскага паляваньня ў Белавескай пушчы. Вялікі князь Вітаўт, упаляваўшы за дзень пяцёх зуброў, ладзіў на вялізнай лясной паляне імправізаваны банкет для ўсяе прысутнае брацьці. У ёмістых чопах гатаваўся слаўны крупнік — гарачы хмяльны напой на мёдзе й духмяных травах. Почат (то бок сьвіта) усяляк пацяшаўся ў скоках і песьнях. У гэты момант і прыляцеў бацян-фэнікс. Дамо слова сьведку:

Мы караимы спратов не поискивали, бо ж долг пред князьством великим литовским имали господаря славного от всякой холеры ослонити. То и обуступавали восемью Витовта, а еще пятех на плечи тых восьми постали. И было то, яко намет, мечами навонки ощепереный. Бухтян же не глянул ани до почату, ани до мяса жубрынаго, а як поземлился, ик крупнику пошибовал неуклюдне и, од смаги своей дикий, чан з гестым трункем до дна спорожнил, дуду у дудоря отнял, играти пробуючы, но од хмельной той утехи ся пал невомнози долу и тризнил през сон, песни вояцкие литовския ненадобне кривляючы15.