Выбрать главу

У сьнежні 1812 г. на Віцебшчыне расейскія войскі без стратэгічнай мэтазгоднасьці ўпалявалі фэнікса і, зьвязанага канатамі, залілі на марозе халоднай вадой31. У красавіку 1831 г. пад Ашмяной казакі і чаркесы пасеклі на кавалкі хворага, зь перабітым крылом, фэнікса-бацяна32. У часе паўстаньня 1863–1864 гг. расейская карная група ў няведамы спосаб замардавала нашу чароўную птушку. Жаўнеры нават сфатаграфаваліся каля трупа. На зваротным баку здымку, што захаваўся да нашых дзён, цынічны надпіс: «Смотрите, милочка, с одним чудовищем справились. Осталось найти Калиновскаго. Эжен. 1 июня 1863 г., село Накрышки Гродненской губ.»33.

Даволі цяжка паддаюцца зьясьненьню пэўныя падзеі 1905–1906 гг. Традыцыйна лічыцца, што ў адпомсту за загад расстраляць мірную маніфэстацыю ля Віленскага вакзалу ў Менску (17 кастрычніка 1905 г.) эсэр Іван Пуліхаў ажыцьцявіў замах на губэрнатара Курлова, быў схоплены і неўзабаве павешаны на варотах Пішчалаўскага замку. Ягоны труп чатыры дні вісеў, нібыта для застрашэньня гараджан. Як высьвятляецца, насамрэч улады ніяк не маглі знайсьці сьмеляка, каторы б наважыўся зьняць цела з бэлькі. Іван Пуліхаў быў не зусім чалавекам. Знойдзеныя нядаўна Ахрэмам Шыбтымавым фрагмэнты апісаньня патолягаанатамічнага агляду цела знакамітага эсэра сьведчаць пра мноства дзіўнотаў: «элементы чешуи по всему телу», «строение глаз выразительно птичье», «шестипалость обеих рук», «странные уплотнения на предплечьях». «Провести должным образом вскрытие не удалось. После первого надреза по неизвестной причине тело воспламенилось», — занатаваў патолягаанатам Ёсель Цынгель34. Магчыма, Пуліхаў быў фэніксам-пярэваратнем — апрычоным адгалінаваньнем ад галоўнага віду? Такія, як Пуліхаў, вырозьніваліся меншымі памерамі і дзівоснай здатнасьцю выглядаць як homo sapiens. Пра ix нам гавораць і беларускія легенды: часьцяком у іх прыгадваецца, як вогненны зьмей або цмок здатны абяртацца ў чалавека35. А беларускаму народу мы можам цалкам давяраць, бо ён мудрэйшы за ўсе акадэміі навук.

Фэніксы ахвотна супрацоўнічалі зь дзеячамі навукі й культуры Беларусі XIX ст. Філяматам, што надта любілі праводзіць досьледы з электрычнасьцю, даводзілася камунікаваць з такім перастарым фэніксам, што жыхарыў у ваколіцах Вільні. Да нас дайшлі чарнавыя запісы для спавешчаньня «Апісаньне досьледу для высьвятленьня наступстваў узьдзеяньня электрыкі птушкі-фэнікса на малако і мёд» (каля 1817 г.). Аўтарам спавешчаньня быў адзін зь філямацкіх фізыкаў Аляксандар Карнэліюс Дзядэцкі. Вынікі экспэрымэнтаў былі сэнсацыйнымі: што з малака, што зь мёду пасьля электраўдару ўтваралася гарэлка36. Як ведама, удзельнікі тайных студэнцкіх таварыстваў у бальшыні сваёй гэты напой не паважалі, стараліся піць слабейшае. Апошняе і тлумачыць, чаму адкрыцьцё ня стала ведамае для шырэйшага навуковага й грамадзкага кола.

У 1880-я гг. нейкі фэнікс жыў на Ўзьдзеншчыне ў маёнтку Над-Нёман, які належаў прыродазнаўцу Якубу Наркевічу-Ёдку. Маёнтак быў ператвораны пад экспэрымэнтальную лябараторыю, у якой дасьледаваўся шырокі спэктар фізычных зьяваў улучна з электрычнасьцю. Дзякуючы фэніксу ставіліся досьледы і з радыёхвалямі. Паводле сьведчаньня юрыста Януар’я Плескачэўскага, 29 кастрычніка 1887 г. Наркевіч-Ёдка, «выкарыстоўваючы электраздатнасьць фэнікса, бяз дротуперадаў гукз Над-Нёмнуўва Ўзду. З адмысловай скрынкі ў маіх узьдзенскіх апартамэнтах я пачуў у хрыпеньні і шоргаце знаёмы голас навукоўцы: «Літва! — родна зямелька, — тымаўляўздароўе!» Радасьць мая крэсаў ня знала»37. Запатэнтаваць вынаходку, на жаль, не ўдалося — у навуковых колах расейскай імпэрыі вельмі моцнымі былі прапапоўскія настроі (але ці праводзіў тады Папоў свае вышуканьні, невядома). Дый сам ліцьвін-беларус не жадаў лішні раз нагадваць расейцам пра дзівоснага птаха, які так моцна ад іх цярпеў.

Асобна варта адцеміць заслугу беларускага фэнікса ў нашай Нацыянальнай Рэвалюцыі 1918 г. (паводле выразу Антона Луцкевіча). Калі Беларусь рэзалі лініяй фронту, калі ейны лёс, як і лёс усёй Сярэдняй Эўропы, здаваўся вельмі няпэўным, найлепшыя сыны нашае Бацькаўшчыны гучна абвесьцілі сьвету пра незалежнасьць Беларускае Народнае Рэспублікі. Было гэта, як ведама, 25 сакавіка 1918 г. Вырашальную ролю ў прыняцьці Вялікага Сакавіковага Акту — Трэцяй Устаўной Граматы БНР — адыгралі віленскія дзеячы, якія 23 сакавіка далучыліся да працы Рады БНР. А маглі б і не далучыцца, бо падарожжа па віленска-менскім адцінку Лібава-Роменскай чыгункі ледзьве ня скончылася трагедыяй. Недалёка ад вёскі Турэц-Баяры банда маладэчанскіх разбойнікаў на чале з Антонам Шадрыным (мянушкі—Ангел, Белы, Сьняжок) рыхтавалі напад на цягнік. Атаман меркаваў, нібыта ў адным з вагонаў тайна перавозіцца каштоўны груз: золата і дыямэнты. Разбойнікі зазвычай нікога з пасажыраў жывым не пакідалі. Нездарма ж на сваім чорным сьцягу з выяваю белага чэрапа і костак атаман зьмясьціў покліч: «Без царя во главе». Віленчукоў чакала немінучая расправа. Аднак у бандыцкія пляны ўмяшаўся злы рок. Калі бандыты ўжо сядлалі коняў, над лесам, дзе яны таіліся, праляцеў незвычайна вялізны фэнікс. I хоць цемра агарнула хеўру на зусім кароткі адцінак часу, яна (гэтая цемра) падалася бясконцаю. Атаман Шадрын, які ўперад быў настаўнікам расейскае славеснасьці, адразу прыгадаў «Слова пра паход Ігараў» і сьпехам адмяніў выправу38.