Начлежнік на куфры прачнуўся яшчэ на першы крык, але толькі цяпер уцяміў, у чым справа. «У-ух ты, якое гняздо!» — падумаў ён учарашняю думкай.
— Цётка, што з вамі?
Старая прыціхла: схамянулася, што ён не спіць.
— Цётка, чаго вы?
Такім голасам гаварыў тады Міхась… Ды яшчэ: «Мама, старэнькая мая…»
А хлопцу ўспомнілася раптам далёкая, родная вёска. Там, за Баранавічамі, дзе пачынаецца Палессе. Тая вёска, куды ён вярнуўся з астрога, пасля таго як
Як шмат змяніўся ён за тры гады! А вёска і мама былі, здавалася, тыя самыя. Ен вярнуўся сталейшым, як выйшаў. Ужо не саромеўся свайго жалю і тваіх старэчых пяшчотаў, ён цалаваў твае сухія, спрацаваныя рукі і нечакана дрыжаў. А цёплыя слёзы каціліся… А ты — усё ж тая самая: замучаная працай, у лапцях, — ты цалавала яго, не могучы звясці губы ад плачу, туліла да сухіх грудзей яго худую астрыжаную галаву, мурзала гарачымі слязьмі і плакала: «Коля мой, мілы мой Колік… Дзіцятка маё, што яны з цябе вырабілі!.. Што яны зрабілі!..»
I цяпер вось гэтая другая маці плача. Толькі ж аб чым і чаму?.. Мікола ўстаў з куфра і, басанож па халоднай земляной падлозе, пачаў шарыць у цемры. Рог стала… запалкі… Запаліў адну, пасля лямпу. Разгледзеўся. Старая сядзела на зямлі, ля печы.
— Уставайце, цётка, я памагу.
— Я сама, сынок, я сама, — баранілася яна. I ўстала сама. У выступках патэпала да ўслона. Села. А Мікола лёг ізноў. Доўга маўчалі абое. Ён глядзеў на яе ўпаўшымі, зашклёнымі ад слёз вачыма, а пасля павярнуўся на спіну, уперыўся зрокам у столь…
— У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца, няхай яму бог даруе…
— Я ведаю, чуў.
Ды тут зашлёпалі валёнкі Петруся, пасля грукнулі дзверы, і, не дачакаўшыся яшчэ, пакуль ён увойдзе ў кануру, гутарка абарвалася. Пятрусь распрануўся, патушыў агонь, палез на печ. Там ён нагой аб нагу скінуў з валёнкаў галёшы, і, адзін за адным, яны мякка ляпнулі аб падлогу. Гэта былі апошнія гукі. Потым цемра злучылася з цішынёй.
Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі, і ўчарашняе прыкрае пачуццё вярнулася зноў…
«Які ён дзікі, гэты стары! I як усё ж такі дзіўна складаецца часта жыццё: у такой сям'і, як колас на смецці, узрастае такая адзінка, як той іхні сын…»
Учора ўвечары солтыс, ведучы Міколу сюды на начлег, расказваў аб Грыбавым сыне чамусьці з хітранькай усмешкай…
«Той быў талстовец, але ўсё ж такі неяк імкнуўся да лепшага. Бачыш, не пайшоў за бацькамі, цягнуў за беднатой, загінуў у змаганні з хваробай… А маці яго?.. Усе яны крышку падобныя, нашыя маці… Шкада старой… А стары кулачына — агідны…»
2
Раніца ўстала марозная, ясная. Пакуль парастайвалі ў небе зоркі, збялеў асколак мссяца і зарумяніўся над лесам усход, — вёскі ўжо не спалі. Світанне ніколі не застае іх у сне, бо працоўны зімовы дзень у вёсках пачынаецца ноччу.
У Балотцы, той самай вёсачцы, каля якой быў лес Петруся Грыба, вядома, таксама не спалі. Над стрэхамі шэрых хатак, заваленых снегам, слупамі стаялі дымы. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Сцежкамі да гумнаў праходзілі мужчыны. I толькі дзе-нідзе свяціўся ў хаце спознены агеньчык.
У хаце гарбатага краўца Лапіпкі снедалі пры агні. Раней, як заўсёды, бо сёння тут начаваў па дарозе з горада і цяпер хацеў выехаць раней дзядзька Алесь Жывіца, Алёшачка, як называў яго гаспадар, сябар маленства, сусед з той самай занёманскай вёскі, адкуль быў і Лапінка, прымак у Балотцы.
Прымы яго — нясытыя: загончык поля і хата на курынай ножцы. Ды Лапінка жыў дома пры брату, ліхім чалавеку, у бядзе і паняверцы, і таму ён згадзіўся і перавёз сюды цераз Нёман сваю машыну. 3 таго часу ў старэнькай Марцінай хаце весела сакатаў нястомпы «зінгер», а над ім таксама безупынна малоў і спяваў, спяваў і малоў вясёлы, як шпак, калека-кравец. «Чорт не адны лапці стаптаў, пакуль такую пару дабраў», — жартаваў ён з сябе і з Марты, але ўсё ж, як людзі кажуць, дзеткі былі, дый адно за адным.
Два старэйшыя хлопчыкі, Косцік і Шурка, снедалі цяпер разам з бацькам і госцем. Дзеля госця Марта нанякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму.
— Я ж кажу, брат, хлопцы ў цябе — малайцы. I дарма ты ўсё плачаш… — гаварыў госць. — Так і глядзі — год за год…