Выбрать главу

У дзённіку яна пісала: «Стамбул хоць вялікі і пышны без меры, але стары горад — тут палац коштам у тысячу кіс грошай, а побач кузня, у якой падкоўваюць коней, а паблізу крама, дзе прадаюць агуркі і кавуны». У горадзе часта ўспыхвалі пажары, іх тушылі янычары.

Саламея мела дапытлівы розум і неблагія здольнасці. Яна стала дапамагадь мужу лячыць хворых, навучылася ад яго і яшчэ аднаго ўрача з Ірака вылечваць нескладаныя хваробы вачэй. Паступова яна набіралася вопыту, і ўлады дазволілі ёй самастойна займацца лекарскай справай. Напачатку яна лячыла захворванні вачэй у жанчын, а пасля і іншыя хваробы як у жанчын, так і ў мужчын. Мусульманкам хадзіць у дамы пацыентаў забараняў звычай, але Саламея была хрысціянкай, і яе гэта не датычыла.

У Стамбуле панавала адносная верацярпімасць. Існавалі грэчаская, армянская і яўрэйская абшчыны, правы іх, між іншым, нярэдка парушаліся. «Усё ж, — як піша гісторык А. Д. Новікаў,— становішча іншаверцаў тут было значна лепшае, чым у краінах Заходняй Еўропы, дзе яны цярпелі пастаянныя жорсткія ганенні, а нярэдка і вынішчаліся, як, напрыклад, у Іспаніі, Партугаліі і некаторых іншых дзяржавах».

Лаяльнае стаўленне ўлад да іншаземцаў давала магчымасць Саламеі і яе мужу займацца лекарскай практыкай. Праўда, лячыць насельнікаў сталіцы часам было вельмі рызыкоўна. Аднаго разу ў раён Балат, у двор, дзе жыла лекарка, прыйшлі два янычары, пераапранутыя ў жаночае адзенне і пад чадрой. Яны папрасілі Саламею пайсці з імі нібы да хворай маці ў суседні гарадскі раён Фенер (Фанар), нават прапаноўвалі папярэдне аплаціць дарогу. Саламея адмовілася, спаслаўшыся на тое, што яе чакае вазок, каб везці да іншай хворай. У размову ўступіла суседка, жонка лекара яўрэя Эбеулу. Жанчына даводзіла, што менавіта яна мае вопыт лячэння, а Саламея нічога не ведае, i згадзілася пайсці з імі. У Турцыі даўней сярод жанчын існаваў звычай надзяваць на сябе каштоўныя ўпрыгожанні, калі яны выходзілі з дому. Лекарка прыбралася нібы на фэст. На гэта i разлічвалі янычары — яны абрабавалі няшчасную даверлівую жанчыну i забілі яе.

Саламея была знаходлівая, рашучая i смелая, што няраз дапамагала ёй у цяжкіх сітуацыях. Аднойчы, калі яе муж ужо амаль вылечыў аднаго саноўніка ад сур'ёзнай хваробы, той нечакана памёр пасля прыёму мікстуры. Сваякі нябожчыка ўжо збіраліся звярнуцца да ўлад з хадайніцтвам аб пакаралі смерцю Хальпіра, але Саламея ўгаварыла не рабіць гэтага, задаволіцца грашовай кампенсацыяй. Затым лекарка выявіла, што падчас прыгатавання лякарства, ад якога памёр пацыент, прысутнічаў канкурэнт яе мужа доктар Фансека[10]. Яна абвінаваціла Фансеку ў тым, што ён падмяшаў у лякарства атруту. Баючыся суда, які ў Асманскай Турцыі звычайна быў вельмі хуткі i мог закончыцца для доктара сумна, Фансека згадзіўся выплочваць штраф, накладзены на мужа Саламеі.

У сваю чаргу пакрыўджаны партугалец пастараўся адпомсціць лекарцы. Ен дамогся ў Хякімпятты, кампетэнцыяй якога былі пытанні медыцыны ў краіне, каб той забараніў Саламеі лячыць мужчын, а практыку сярод турчанак абмежаваў лячэннем хвароб вачэй. Аднак пасля ўдалага лячэння ад мочакамянёвай хваробы сваяка аднаго саноўніка гэтае абмежаванне было скасаванае.

НЕБЯСПЕЧНЫ ШЛЯХ ЦЕРАЗ БАЛКАНЫ

Пацыенты турэцкіх лазняў * Трагічны выпадак у Філіпбеі * Шлях у Сафію * Напад разбойнікаў на караван * «У гасцях» у атамана Сары-Хусейна * Вучаніца мальтыйскага рыцара

У 1735 годзе Хальпір паехаў працаваць у Боснію[11], а праз нейкі час Саламея разам з маленькаю дачкою, нягледзячы на далёкую небяспечную дарогу, накіравалася следам за мужам. З сабою ўзяла зброю — пісталеты і стрэльбы. Яе суправаджаў стары калека татарын Язэп Крыміл, які ведаў славянскія мовы і быў для Саламеі ў дарозе перакладчыкам.

Па дарозе лекарка спынілася ў Адрыянопалі (па-турэцку Эдзірнэ). Перш-наперш яна наведала турэцкія лазні — своеасаблівы клуб, дзе жанчыны збіраліся разам, маглі танцаваць, спяваць. Саламея пазнаёмілася і пасябравала з некаторымі, яны дапамаглі ёй знайсці пацыентаў. Лекарка вылечыла шаўца-грэка, які пакутаваў на «крывавую дызентэрыю» і сухоты, вярнула зрок турку, што вырабляў чубукі для люлек, а таксама дачцэ нейкага Хаджы-Маргарыта. Вопыт лекавання Саламея адлюстравала ў сваёй «доктарскай кнізе», якую збіралася выдаць.

вернуться

10

Фансека Даніэль, ураджэнец Партугаліі, лейб-медык султана Ахмеда III. Лячыў у Бендэрах збеглага туды пасля Палтаўскай бітвы шведскага караля Карла XII. Пасля падзей, якія апісвае Саламея Русецкая, Фансека пераехаў у Парыж, сустракаўся з Вальтэрам, які цёпла выказваўся пра яго i карыстаўся звесткамі ўрача, калі пісаў гісторыю Пятра I i Карла XII.

вернуться

11

Цяпер з'яўляецца саюзнай дзяржавай дзвюх раўнапраўных рэспублік: Федэрацыі Босніі і Герцагавіны і Рэспублікі Сербскай.