Выбрать главу

I імператрыца пагадзілася з гэтым. Карыстаючыся яе добрым настроем, Саламея папрасіла ў падарунак двух турэцкіх палонных. «Што гэтыя два туркі, я табе і чатырох падарую», — адказала літасцівая валадарка. Раніцою пасля гэтай гутаркі Саламея знайшла ў сябе пад падушкаю ўказ, змацаваны імператарскай пячаткаю. У паперы пацвярджалася распараджэнне перадаць лекарцы чатырох турэцкіх палоннікаў.

Саламею накіравалі да кабінет-міністра А. П. Валынскага[28], каб той забяспечыў і аплаціў яе праезд у Рэч Паспалітую. Валынскі быў жанаты на стрыечнай сястры Пятра I Аляксандры Львоўне Нарышкінай. У свой час ён кіраваў Астраханскай і Казанскай губернямі, увайшоў у давер да Бірона і Остэрмана, але спрабаваў весці самастойную палітыку, накіраваную на ўзмацненне рускага дваранства. Каб дагадзіць Анне Іванаўне, ён імкнуўся патураць ёй. Так, гэта ён наладзіў вяселле, якое мела шырокі разгалас, князя Міхаіла Галіцына, ператворанага імператрыцаю ў блазна, з яе любімай карліцай Бужанінавай у сумна вядомым «Ледзяным доме». У хуткім часе ён стаў адзіным дакладчыкам у Анны Іванаўны па справах Кабінета[29].

Аднаго разу, як згадвае Саламея, Валынскі запрасіў яе да сябе і стаў разважаць, колькі будзе каштаваць Саламеі дарога з Пецярбурга да Наваградскага ваяводства. «Хопіць з дябе пяцідзесяці рублёў», — сказаў ён лекарцы. Саламея не стала пярэчыць, а пераехаўшы з Зімовага палаца ў палац A. М. Чаркаскага, пажалілася князю на скупасць Валынскага. Аляксей Міхайлавіч быў рады, што выпала магчымасць паскардзіцца імператрыцы.

На другі дзень ён наладзіў лекарцы аўдыенцыю ў Анны Іванаўны. Пасля традыцыйнага цалавання царскай рукі, да якога была дапушчана Саламея, яна пачула пытанне: «Як жа табе міністр Валынскі дапамог?» Імператрыца смяялася, і, бачачы яе добры настрой, лекарка пакорліва адказала, што яна ўдзячная і за такую ласку, што заўжды просіць бога даць здароўя і шчаслівага царавання найяснейшай пані. Да душы прыйшліся царыцы лекарчыны словы. Яна наказала выдаць Саламеі са скарбніцы тысячу рублёў, срэбраныя кубкі, адрэзы тканіны і сурвэткі з імператарскімі гербамі.

РЭВЕЛЬ, ААХВА, КАМНА ГОРЫЦА, ВЕНА…

У рэвельскага каменданта * Напад разбойнікаў на карчму * У палескай глушы * Гасцяванне ў Капусаў * «Пад чырвоным вільчаком» * Як спагнаць з імператара 300 чырвонцаў? * Здрада Фартуната * Калі пара пісталетаў — найлепшы аргумент

Лекарка развіталася са сваімі апекунамі і накіравалася да рускіх крэпасцяў у Эстляндыі[30], каб атрымаць там, згодна з царскім дазволам, турэцкіх палоннікаў. У Нарве генерал Шацілаў перадаў ёй двух русенскіх сіпахаў[31] якіх трымалі пад аховаю. Камендант Рэвеля[32], азнаёміўшыся з указам імператрыцы, дазволіў лекарцы ўзяць з гарадской турмы з ліку ваеннапалонных двух янычараў родам з Русе. Тры дні ён не аддускаў Саламею з горада, спасылаючыся на моцныя маразы. Разам з жонкаю камендант рабіў візіты да вядомых гараджан і браў з сабою маладую сімпатычную чужаземку: яна магла расказаць тутэйшай знаці шмат цікавага пра далёкія краіны.

Каб Саламею ў дарозе не абрабавалі, яе суправаджаў канвой з сямі салдатаў. Такая перасцярога вельмі дапамагла на шляху з Рэвеля ў Рыгў. Разам з канвоем, слугамі і туркамі лекарка спынілася ў адной эстонскай карчме. Салдаты выштурхалі адтуль усіх наведнікаў, апроч аднаго, які сядзеў у кутку і прыкінуўся такім п'яным, што яго нельга было зварухнуць з месца.

Пра небяспеку Русецкай паведаміла старая служанка, яе суайчынніца, родам з Вільні, якая пачула знаёмую гаворку, калі лекарка звярталася да сваіх слуг. Як толькі ўсе палеглі спаць і патушылі святло, жанчына падышла да ложка лекаркі і шэптам сказала, што Саламею і яе спадарожнікаў чакае смерць. 3 карчмы яшчэ ніколі ніводны пан або купец не выходзіў жывы. Такі ўжо «звычай» быў у гаспадара карчмы і яго хаўруснікаў: пусціць чалавека ў дом, накарміць, пакласці спаць, а пасля гвалтоўна абабраць. I «п'яны» невыпадкова застаўся ў карчме. Ён прымасціўся ля печы, недалёка ад дзвярэй, каб у зручны момант адчыніць іх і даць знак сваім людзям.

вернуться

28

Ен заступіў на гэтую пасаду ў 1738 годзе, павялічыўшы колькасць кабінет-міністраў з трох (Бірон, Остэрман і Чаркаскі) да чатырох. Подпісы трох кабінет-міністраў прыроўніваліся да подпісу імператрыцы.

вернуться

29

Ужо пасля ад'езду Русецкай Валынскі быў агавораны Біронам і Остэрманам. Яны адчулі ў яго дзеяннях сур'ёзную небяспеку свайму панаванню пры царскім двары. Рэальных сіл супрацьстаяць магутнаму нямецкаму засіллю ў Валынскага не было. У ліку іншых яго арыштавалі і ў 1740 годзе пакаралі смерцю.

вернуться

30

Цяпер паўночная Эстонія.

вернуться

31

Сіпахі — воіны султанскага кавалерыйскага корпуса.

вернуться

32

Афіцыйная назва горада Таліна ў 1219–1917 гадах.