Выбрать главу

Тым жа часам, каб хоць неяк залагодзіць памылку і скампенсаваць пакуты сваім няўдалым дзеткам, прырода на планеце Ваганістан працавала звышурочныя. Шпурляла воганам бліскучых крабаў, чые панцыры былі аздобленыя перлінамі. Крабаў воганы жэрлі, трушчачы панцыры жалезнымі дручкамі. Прырода садзіла неверагодна вытанчаныя, гонкія дрэвы, з шыкоўнай афарбоўкай, якія воганы спілоўвалі, каб падсмажыць на іх крабавае мяса. Прырода выгадвала зграбных сысуноў, падобных да газеляў, з шаўкавістай поўсцю і даверлівымі вачыма, якіх воганы лавілі і спрабавалі асядлаць. Раскошныя істоты былі цалкам непрыдатныя ў якасці сродка перамяшчэння, бо іх спіны, абцяжараныя вершнікам, амаль імгненна ламаліся, але воганы ўпарта залазілі на іх зноў і зноў.

Так на планеце Ваганістан міналіся нешчаслівыя тысячагоддзі, аж пакуль аднойчы воганы не вынюхалі пра прынцыпы міжпланетных пералётаў. За лічаныя гады воганы цэлым кагалам эмігравалі на Мегабранціс – сузор’е, дзе робіцца ўся палітыка Галактыкі, – і сфармавалі ў дзяржструктурах магутную воганскую групоўку.

Потым яны зрабілі спробу набыць веды, пачуццё прыгожага і далікатныя манеры, аднак у шмат якіх аспектах сучасныя воганы засталіся на ўзроўні сваіх першабытных прашчураў.

Штогод са сваёй роднай планеты воганы экспартуюць дваццаць сем тысяч бліскучых крабаў, чые панцыры аздобленыя каштоўнымі перлінамі, а ў вольны час ночы навылёт бавяцца алкаголем і трушчаннем крабавых панцыраў жалезнымі дручкамі.

Прастэтнік Воган Джэлц быў тыповым прадстаўніком свайго віду, то бок непапраўным мярзотнікам. У дадатак ён не любіў аматараў аўтаспыну.

Дзесьці там, у цёмнай кабінцы, згубленай глыбока ў вантробах флагманскага карабля армады Прастэтніка, дрыготкім святлом загарэлася сярнічка. Уладальнік, сярнічкі быў не воган. Аднак гэтая істота ведала пра воганаў усё-ўсенькае і таму красамоўна дэманстравала сваю дасведчанасць спалоханай дрыготкай сярнічкі. Звалі істоту Фольксваген Гольф.*

Фольксваген Гольф агледзеў кабіну, але ўбачыў няшмат: адно дзіўныя цені, якія пачварна вымалёўваліся і скокалі разам з зіхоткім агеньчыкам, дарма што наўкол панавала ціша.

Фольксваген выдыхнуў ціхую падзяку дэнтрасам. Дэнтрасы – дзікаватае племя гуманоідаў. Няўрымслівая, але прыязная раса, з якой воганы апошнім часам наймалі кухараў і афіцыянтаў на свае касмічныя эскадры. Пры гэтым воганы цалкам усведамляюць, што дэнтрасы – згуртаваныя хлопцы, якія не надта падпускаюць да сябе чужаніц.

Дэнтрасам кухарская праца выдатна пасавала, бо яны любілі воганаўскую валюту, адну з самых цвёрдых у Галактыцы. У той жа час дэнтрасы пагарджалі самімі воганамі. Адзіныя воганы, якіх любілі дэнтрасы, – воганы раздражнёныя. Менавіта дзякуючы гэтай акалічнасці Фольксваген не ператварыўся ў дымок, складзены з вадароду, азону і вокісу вугляроду.

Фольксваген пачуў лёгкі стогн. Пры сярнічкавым святле ён убачыў нязграбную постаць, што варушылася на падлозе. Фольксваген імгненна патушыў сярнічку, пашнарыў у кішэнях і знайшоў, што шукаў. Дастаўшы знаходку, ён надарваў ейную запакоўку і патрэс у паветры. Лёг на падлогу. Постаць зноў заварушылася.

Фольксваген Гольф сказаў:

– Я тут купіў трохі арахісу.

Артур Дэнт паварушыўся і застагнаў яшчэ раз, няўцямна нешта мармычучы.

– Бяры-бяры, – стаў налягаць на Артура Фольксваген. – Калі ты ні разу не трапляў у трансферны струмень матэрыі, дык, пэўна, згубіў крыху соляў і пратэіну. Хаця выпітае табой піва павіннае было трохі залагодзіць удар па арганізме.

– Хррррррр... – сказаў Артур і расплюшчыў вочы.

– Цёмна, – дадаў ён.

– Угу, – пацвердзіў Фольксваген, – цёмна.

– Няма святла, – працягнуў Артур Дэнт, – цёмна і няма святла.

Звычка ўвесь час сцвярджаць відавочныя факты. паўтараць такія фразы: «Якое цудоўнае сёння надвор’е!», ці «Ты такі высокі!», ці «Божа мілы, ты выглядаеш страшней за атамную вайну» была адной з тых звычак, якія Фольксваген Гольф найменш paзумеў у чалавечых істотах. Па першым часе ён нават выпрацаваў тэорыю, якая тлумачыла гэтыя дзіўныя паводзіны. «Калі чалавечыя істоты не будуць практыкаваць свае губы, – рабіў выснову Фольксваген, – дык іхнія сківіцы стануць заядаць». Пасля колькімесячнага роздуму і ўважлівых назіранняў ён адмовіўся ад гэтай тэорыі на карысць новай. «Як толькі людзі перастаюць карыстацца губамі, дык у іх пачынаюць працаваць мазгі». Праз каторы час Фольксваген адпрэчыў і гэтую тэорыю, а разам з ёю і сваю бясплённую мізантрапію, ды ўрэшце пастанавіў, што нягледзячы на некаторыя агаворкі, людзі ў цэлым яму падабаюцца. Фольксвагена хіба заўсёды моцна трывожыла неверагодна аграмадная колькасць элементарных рэчаў, якіх людзі проста не ведалі.

вернуться

**

* Сапраўднае імя Фольксвагена Гольфа можна вымавіць адно на малавывучанай бетэльгейзіянскай-7 мове. Лічыцца, што гэтая мова амаль цалкам памёрла ў выніку Вялікага Буху 03758 года, што сцёр з аблічча Бетэльгейзэ-7 усю Праксібетэльянскую цывілізацыю. Бацька Фольксвагена Гольфа – адзіны, хо перажыў Вялікі Бух па неверагодным збегу акалічнасцяў, якія ён так і не змог растлумачыць. Тэорыя Вялікага Буху па-ранейшаму застаецца тэорыяй, бо пакуль што ніхто дакладна не выясніў, што такое Бух і чаму ён прылучыўся менавіта на Бетэльгейзэ-7. Каб унікнуць хмары падазрэнняў, якая непазбежна павінна была згусціцца па-над ягонай галавою, бацька Фольксвагена Гольфа перабавіўся на Бетэльгейзэ-5, дзе нарадзіў – у самым прамым сэнсе гэтага слова – сына Фольксвагена. Каб не ўмёрлі, мовы сваёй бетэльгейзіянскай-7 бацька не пакінуў і паспрабаваў навучыць ёй сына.

Паколькі Фольксваген Гольф так і не навучыўся вымаўляць сваё імя на роднай мове, яго бацька памер ад сораму, які ў некаторых сектарах Галактыкі па-ранейшаму ёсць смяротнай хваробай. У школе дзеці дражнілі Фольксвагена «Піхто», што па-бетэльгейзіянску-5 азначае «хлопчык, які не можа ўцямна патлумачыць, што такое Вялікі Бух і чаму ён прылучыўся менавіта на Бетэльгейзэ-7».