— Ах, вашамосць пан Вырвіч, на жаль, жаданні чалавечыя пераўзыходзяць магчымасці чалавечага арганізма, адпушчаныя нам Госпадам і занепадаючыя за нашыя грахі. Быў час, калі я пагарджаў добрай шляхецкай ежай, і, выконваючы свой абавязак перад ягонай мосцю князем Радзівілам і Айчынай, паспяваў за дзень толькі ўкусіць сухой булкі… Колькі ж я ўпусціў простых радасцяў жыцця, ахвяруючыся дзеля вышэйшых ідэалаў! Certum est omnia licere pro рatria![6]
Пан Юдыцкі закаціў вочы ўгару, як касцёльная дэвотка, і пачапіў на двузубы відэлец чарговы далікатэс. Пранціш успомніў, як Юдыцкі шчыраваў «дзеля вышэйшых ідэалаў», калі хацеў употай прадаць «ведзьмака» Лёдніка князю Гераніму Радзівілу на пакуты.
— А потым надыйшоў час, — працягваў гаспадар, — калі нават самую простую і лёгкую ежу мой страўнік перастаў прымаць, і думаў я ўжо, што аддам у вогненнае мора залатыя ключыкі… Дай Бог здароўя шаноўнаму доктару пану Лёдніку, вашаму вучонаму сябру, — Юдыцкі злёгку пакланіўся Пранцішу. — Адратаваў мяне… Але ж прапісаў спецыяльную дыету! А як толькі мы чагосьці пазбаўляемся — тут і пачынаем прагна гэтага жадаць, грэшнікі… — скрушліва прамовіў суддзя і адправіў у рот кавалачак смажанага вожыка. — Таму й вырашыў я, не губячы здароўя дзеля чэраваўгодніцтва, усё-ткі спазнаць высакароднае мастацтва шляхецкай ежы. А якія радасці яшчэ ў жыцці ў мяне, хворага, страціўшага Фартуну, засталіся, дарагі пан Вырвіч!
Юдыцкі мройна пажаваў кавалак і выплюнуў на паднос. «Ага, калі не маніць наконт апошняй радасці — значыць, мужчынскую сілу Лёднік пану суддзі ўсё-ткі не вярнуў», — зласліва падумалася Пранцішу. На здаровага чалавека суддзя не выглядаў: худы, зжаўцелы… Але не сказаць, каб кволы, а ўжо хітручы які! Нібыта сапраўды патрапіўся яму ласось, які з’еў чароўны арэх. Чаго гэтак абхаджвае маладога драгуна, як бы сам Радзівіл у дом завітаў, робячы выгляд, што забыўся на колішнюю варожасць? Пранціш больш за ўсё на свеце хацеў апынуцца падалей ад гэтага шыкоўна накрытага стала і запляванага перажаваным смакоццем срэбнага падносу.
— Ах, як шкада мне сённяшніх маладых людзей, адважных і кемных, якія не маюць яснай мэты і слаўнай кар’еры на полі бойкі! — амаль са шчырай скрухай завёў Юдыцкі. — Якіх магчымасцяў яны пазбавіліся, калі лепшыя сілы краіны апынуліся ў выгнанні!
Словы суправаджаў востры позірк, які правяраў паводзіны драгуна на гэтае прызнанне. Вырвіч надаў сваім блакітным вачам самы шчыры, наіўны выраз — як перад прафесарам на лекцыі, да якой не падрыхтаваўся. Суддзя вычыкаў трохі, але ж працягнуў, хаця й вельмі асцярожліва.
— Так, мала сёння, у наш сапсаваны час, людзей, якія заслугоўваюць даверу. Вось ягоная мосць пан Малішэўскі напісаў мне, што пан Вырвіч якраз рэдкае выключэнне. Нездарма я чуў, што пан Вырвіч збіраецца ў паломніцтва ў Гуту.
Вырвіча ажно скаланула. Эх, кругом шпегі… Гэта ж ён учора ў карчомцы, дзеля якой адклаў на дзень спатканне з Юдыцкім, сустрэў аднакурсніка родам з-пад Гуты, дый пачаў распытваць пра Гутаўскі кляштар, і ці ёсцека там прыгожыя мнішкі. Гаворка пасля пары-тройкі куфляў зрабілася куртуазнай і гучнай, перацякла ў другую карчомку, потым у трэцюю… Сябрук гучна абвяшчаў, што ягоны таварыш пан Пранціш Вырвіч — самы што ні на ёсць дабрадзейны і збіраецца ў паломніцтва… Карацей, Пранціш цьмяна памятаў падрабязнасці. Так што цяпер уся Вільня тэарэтычна магла ведаць, што драгун Пранціш Вырвіч збіраецца ў Гуту.
Юдыцкі паклаў відэлец, павольна перажагнаўся.
— Рэдка, рэдка сярод моладзі сустрэнеш такую ўхвальную пабожнасць.
Пранціш сціпла апусціў вочы, успомніўшы, як у карчомцы яны крычалі, што трэба ратаваць манашак, і якім чынам гэта належыць рабіць. Ці шпегі данеслі Юдыцкаму ўсё недакладна, альбо сам суддзя хітрыў, але Вырвіч пастараўся надаць твару выраз патрэбнай ступені пабожнасці.
— Хачу з панам Вырвічам параіцца, — мякка сцяліў суддзя. — Ёсць у мяне далёкі сваяк… Хварэе, небарака, пасля перанесеных няшчасцяў, і не толькі цялесна, але і, так бы мовіць, разумова. Няшчасце адно блізкім назіраць за ягонымі пакутамі. Адзінае выйсце — цуд Божы… Таму і вырашылі мы адвезці яго напачатку ў Менск, да цудатворнага абраза Маці Божай, з’яўленага на беразе Свіслачы і пісанага апосталам Лукою. Вы ж, пан Вырвіч, праваслаўны, гэты абраз таксама шануеце?