Выбрать главу

Пранціш і доктар перазірнуліся, бо абодва раптам усвядомілі, што гэты скалечаны стары без ваганняў мог сам калечыць і забіваць тых, каго лічыў ворагам «адзінай ісціны»… І, пэўна, даводзілася яму гэтым займацца.

— Ну, ну, не палохайцеся, — мякка прамовіў езуіт. — Вы ж не маглі не здагадвацца, калі патрапілі ў Акадэмію, якую заснаваў наш орден, што пра вас даведаюцца ўсё… І я ведаю, што вы, доктар, адмовіліся ад магіі і алхіміі. Але ваш шлях, аmicus meus[9] — быць у цэнтры палітычных авантураў і пошуку вялікіх рэліквіяў. Хочаце вы таго ці не. Таму цяпер — проста выканайце сваю працу, не спрабуючы даведацца больш, чым патрэбна, пастарайцеся падтрымаць у ва мне жыццё і ясны розум, пакуль я не выканаю тое, што мушу… Нават калі вам давядзецца ўжыць нешта з арсеналу забароненых уменняў. Мне такое не дадзена, а вам — так, не адмаўляйцеся… Грэх я вазьму на сябе. Праводзьце гэтую карэту да Гутаўскага кляштара… А далей — вы вольныя. Абяцаю, што вашу кафедру, пан Баўтрамей, у Акадэміі чапаць не стануць, а пан падхаружы ў хуткім часе атрымае званне паручніка.

Гэтая абяцанка Вырвіча, аднак, не ўзрадвала.

— А калі б жаўнеры ўсё-ткі западозрылі нас… Што? Безнадзейная бойка?

— Не такая ўжо безнадзейная, — азваўся Грос са злавеснай усмешкай. — Я адказваю за бяспеку пана Якуба, а мне даводзілася бываць і на гарачэйшай патэльні. І вас не дарэмна наймалі, панове. Мы добра ведаем, на што вы ўдваіх здатныя. І на што не здатныя — напрыклад, аддаць старога чалавека на катаванні. Што ўскосна пацверджвае ваш учынак з выкупам габрэйкі.

Дарога з Вільні да Менску была наезжанай ды густа ўсаджанай корчмамі… Затое і шпегамі. Карэту перастрэлі яшчэ двойчы, на гэты раз жаўнеры каралеўскага войска. Адзін раз — за Красным, праверылі дакументы, упэўніліся, што ў старога ў карэце няма шнару на шчацэ, і вочы не светлыя… Цяпер пан Грос жагнаўся, як прававерны каталік, заклікаў у сведкі матку боску Чанстахоўску… Потым падарожных правяралі на ўездзе ў горад — тут ужо спатрэбіўся аўтарытэт Пранціша Вырвіча, бо ў каравуле быў драгун, які раней служыў у ягонай харугве. Пранціш і малады афіцэр з зухаватымі вусамі — Вырвіч падобных так і не адрасціў — абмяняліся апошнімі навінамі пра свае палкі, вайсковае начальства…

І няўмольна накручвалася нітка лёсу на клубок, які трымала чыясьці кашчавая рука, і змрачнеў полацкі алхімік, сузіраючы шэрае неба над шэрым Менскам, і мармытаў:

— Рысы, якімі выяўляюць вясёлку, ствараюцца са спалучэння фарбаў, а менавіта кінавары і вірыдонавай, а таксама вірыдонавай і фоліюма, а таксама фоліюма і вохры, а таксама мянеска і вохры, а таксама кінавары і фоліюма…

І назва фарбы «менеск», якой карысталіся майстры пры маляванні вясёлкі, з Кнігі таямніцаў Тэафіла, была ў гэтых мясцінах імем пракаветнага млынара, чый млын вольна перасоўваўся па берагах Свіслачы, і малоў Менеск паміж жорнамі камяні, і пёк з каменнай мукі будучыню…

І, калі добра сцямнела, падарожныя пасяліліся ў дамку за Траецкім прадмесцем, невялікім, але каменным, на два паверхі. Прыслуга ў доме зноў не задавала ніякіх пытанняў, гасцей чакалі пакоі і вячэра.

Вырвіч глядзеў праз круглыя шкельцы ў свінцовых балонях, якімі было зашклёнае вакно, і ўспамінаў, як калісьці гэтак жа пазіраў на Менск — з вежы кляштара бернардзінак, а побач была панна Паланэя Багінская, ганарыстая і вясёлая… Тады бачыўся, лічы, увесь горад — а цяпер, скрозь цьмяную слюду, можна разгледзець удалечыні хіба срэбную палоску ракі, якая перарываецца чорным абрысам паўзруйнаванага Траецкага кляштара.

…Места, якое не помніць палеглых за волю герояў, Будзе ізноў руйнавацца, і мур ператворыцца ў друз. Тут на магілах будуюць крамы, і храмы, і мроі, А летапісы напіша добра аплочаны хлус…

Пранціш, спяшаючыся, крэмзаў алоўкам няроўныя радкі на змятым аркушы — Лёднік загадаў пііту заўсёды мець пры сабе аловак і паперу.

…Места, што выплывае з туману сівых стагоддзяў, Нібы карабель патанулы, без ветразяў і стырна, Наймае новых матросаў, а тых, што застылі ў лёдзе Ці сталі травой марскою — помніць хваля адна. І я праходжу па бруку, нібы на палубе хісткай, І ведаю, што аднойчы і я звалюся з яе. А места і не заўважыць, і толькі п’яны юрыста У ратушы тэстамент мой у іншы стос пакладзе.
вернуться

9

Мой сябра (лац).