Выбрать главу

— Раіў бы пану наступным разам лепш паправіць люстэрка ў праектары, які знаходзіцца пад магічным шарам, — ветліва-атрутна прамовіў да італьянца Лёднік. — Малюнак трохі скоса адлюстроўваецца, гледачы могуць штось западозрыць.

Батыста расцягнуў вусны ва ўсмешцы, ягоныя шэрыя вочы былі халодныя, як ледзяшы.

— Бачу, што пан прафесар не верыць ні ў магнетызм, ні ў магчымасць выхаду ў сусветны эфір. Хоча ўсё вытлумачыць навукова. Але — вось агонь, адна са стыхій… З добра вядомымі і вывучанымі ўласцівасцямі… Але наўрад пан можа навукова растлумачыць, чаму гэты агонь часам не апякае пяшчотную жаночую скуру?

Батыста падняў даланю, скіраваўшы на падсвечнік, зрабіў ледзь заўважны імклівы рух наперад — і дзве скрайнія свечкі згаслі, мутныя кроплі воску пацяглі па бронзавым ствале падсвечніка, быццам перадсмяротныя слёзы па цёмным твары старога фараона. Лёднік спахмурнеў — бо сам жа так і не засвоіў загашванне агню на адлегласці. Так што пахваліцца ў адказ не было чым. Таму зноў пачаў біцца на словах.

— Скокі на гарачых вуголлях — з’ява даволі распаўсюджаная ў свеце, — голас прафесара гучаў, як на лекцыі. — Сам я не бачыў, але чуў ад аднакурсніка-балгарына, што такія скокі ёсць у яго краіне — там гэта практыкуюць у кожнай вёсцы. Уменне перадаецца ў сям’і з пакалення ў пакаленне. Называецца такі звычай несцерыянства, лічыцца хрысціянскім подзьвігам, таньчаць часам з абразамі ў руках. Дзяўчыны нярэдка гэтым займаюцца. Думаю, увесь сакрэт у рухах — калі пераступаць нагамі хутка, трымаючы падэшву паралельна гарачай паверхні, як бы слізгаць, скура не паспявае награвацца і не ўтвараецца апёкаў.

— Значыць, і вы, прафесар, маглі б самі гэтак прайсціся па агні? — мякка спытаўся сіньёр Батыста. — Ведаеце, нам увесь час даводзіцца сутыкацца з энтузіястамі, гатовымі давесці сваю мужнасць і спрыт, якія запэўніваюць, што разгадалі сакрэт фокуса. Калі ж, нягледзячы на папярэджванні, яны кідаліся на вуглі, заўсёды заканчвалася апёкамі. Дык як, прафесар, рызыкнецё?

Езуіты з цікавасцю ўтаропіліся на Лёдніка. Наўрад яны будуць яго стрымліваць — а чаму б не пацешыцца забаўным відовішчам, як упарты дурань шукае гузака? Лёднік трохі пачырванеў. Вырвіч разумеў, што яго настаўніка ажно распірае ад жадання прыняць выклік, але ж розуму да канца не адняло ад азарту спрэчкі. Павінен жа палачанін разумець, што палезе зараз на гарачае вуголле — хутчэй за ўсё зганьбіцца, ды яшчэ і скалечыцца. Пранціш нават стукнуў з усяе моцы ботам па назе доктара, так што той ледзь не засычэў ад болю, але стрымаўся і, апусціўшы вочы, прагаварыў:

— Пасля пэўнай трэніроўкі рызыкнуў бы.

— Вы ж разгадалі сакрэт. A fortiori[11], кволая кабета таньчыць, не баіцца. Давядзіце, наколькі гэта лёгка! Мы яшчэ не прыбралі абсталяванне, — працягваў пацвельваць Лёдніка італьянец.

— Думаю, панства, не варта выпрабоўваць фартуну перад нялёгкай дарогай, — ціха прагаварыў Шрэдэр, і гэта прагучала, як загад.

Італьянец пераможна ўсміхнуўся і замаўчаў. Лёднік злосна падціснуў вусны… Але ўсё-ткі адпомсціўся: калі сіньёр Батыста, з іроніяй гледзячы суперніку ў вочы, пацягнуўся ўзяць відэлец, не змог адарваць металёвы прыбор ад стала. Пранціш памятаў, што былы алхімік здатны на такія фокусы: калісьці пан Агалінскі ў Тамашове гэтак жа не змог дастаць з похваў шаблю пад позіркам доктара. Батыста зрабіў выгляд, што нічога не адбылося, прыбраў руку ад відэльца і пацягнуўся за апельсінам. Цяпер вочы доктара пераможна бліснулі, і Пранціш яшчэ раз выцяў яго пад сталом нагой. Хопіць ужо даводзіць вандроўнаму факіру, хто мацнейшы! Вучоны называецца, акадэмік… Дзіва што ўсё жыццё патрапляў у прыгоды. Тым болей у вачах сіньёры Батысты плёскаўся сапраўдны жах, нібыта зараз адбудзецца забойства. Няўжо яна гэтак свайго мужа баіцца? Па вогнішчы таньчыць, жывую змяюку на шыі носіць, і такая палахлівая… Пані павярнулася да мага, які нешта шаптаў ёй на вуха, позірк Пранціша зараз жа адправіўся ў дэкальтэ, бо карункавая хустачка трохі саслізнула. І драгун заўважыў густа прыпудраны сіняк.

Цяпер Пранціш быў упэўнены, што перад ім актрыса са Слуцкага тэатру. Егіпецкую прынцэсу біць не сталі б. У душу аспідам запаўзала расчараванне. Мужычка ў парыку… А ён ужо намроіў сабе… З другога боку, яна жонка графа, значыць, сапраўдная графіня, бо паводле Статута жонка пераймае стан мужа. А з гэтым фанабэрыстым панам Батыстам варта пазмагацца, куртуазныя перамогі шляхціца ўпрыгожваюць.

вернуться

11

Тым больш (лац).