Альбанчык весела і мройна засмяяўся сваім успамінам.
— А што, пані Рысь таксама прыгожа спявае? — хаваючы раздражненне, спытаў італьянец, які, пэўна, разлічваў, што егіпецкая прынцэса разам з драгунам счаруе і альбанчыка, раз уздзейнічаць на зацятага Лёдніка — гэта разумелася ад пачатку — было бескарысна.
Пан Рысь ганарыста ўсміхнуўся.
— О, мая Магдуля ўмее ўсё! Яна, панове, амазонка, Дыяна, каралеўна мая! Я ж яе адбіў у аднаго пястуна мамчынага, смятанніка… Я на сотні двубоях біўся, і на ўсіх перамог! А той без цёплага каптанчыка і ўлетку не выйдзе. А Магда ў бякаса на скаку трапляе! Мы з ёю — дабраная пара… Дык вось, упадабаў я адну забаву — страляць па абцасах жончыных туфлікаў… Ну так міла атрымліваецца… А паслухаць жоначку пасля ды кухталя атрымаць, і пацалункамі выбачацца — мілата! — твар пана Рыся расплыўся ва ўсмешцы. — А яна зараз цяжарная, дык забараніла мне гэтую гульню… А на днях не вытрымаў я… Былі мы ў спачывальні, а Магдуліны чаравічкі так спакусна стаяць ля дзвярэй… Прыцэліўся… А жоначка хапае са стаўбурка другі пісталет: «Як васпан мой абцас адстрэліць, дык я яму такім жа чынам пас развяжу!». Стрэліў… А тады й яна… Я бокам да яе сядзеў, а куля мне і развязала пас!
Пан шчасліва засмяяўся, а Пранціш мімаволі зірнуў пану на жывот, нібыта там хацеў убачыць дзірку. Батыста крыва пасміхнуўся, усвядоміўшы, што альбанчык шчыра закаханы ў жонку, і пакіраваць ім праз егіпецкую прынцэсу не ўдасца.
Лёднік падыйшоў да Міхалішыўны, усмешка той стала змушанай. Падобна, доктара актрыса баялася не менш, чым мужа.
— Я б не раіў пані ў бліжэйшы час спяваць на холадзе. Я заўважаю прыкметы застуды. Перадам вам лекі, а то запаленне пяройдзе глыбей, да бронхаў. І пасядзець бы вам у цяпле колькі дзён…
— Я сам здольны вылечыць сваю жонку, — тут жа азваўся Батыста, ягоныя шэрыя, шырока расстаўленыя вочы былі калючымі, як студзеньскія ледзяшы.
Чайкі закружлялі над шэрымі хвалямі і закрычалі асабліва жаласна, як людзі, што вярнуліся ў роднае паселішча ды пабачылі адны папялішчы. Лёднік не стаў спрачацца з італьянцам, паціснуў плячыма і адыйшоўся. Ён выдатна ведаў, што калі заступаешся за нявольніка перад ягоным уладаром, той спагоніць гнеў на тым, за каго ты заступаўся.
А Міхалішыўна раптам загледзелася на чаек, распрастала рукі, як крылы, засмяялася і затанцавала, пераймаючы парывістыя рухі крылатых гараватак — чырвона-чорная птушка, абрынутая на белы пясок… Артыстка, што з яе ўзяць! Але была ў гэтым такая юная дзёрзкасць і прыгажосць, што нават Лёднік усміхнуўся. In arte libertas!
Батыста, праўда, скрывіўся і злосна бліснуў вачыма — мусіць, перападзе зноў дачцы крычаўскага збройніка за тое, што забылася на годнасць егіпецкай прынцэсы.
А белыя горы павольна працягвалі свой рух, і што ім было да казюрак, якія варушацца на іх спінах, думаючы, як падмануць адна адну.
Дом, які яны займалі, знаходзіўся ля самага мора, наводшыбе. Аднапавярховы, але даўжэзны, як каралеўскія стайні, з высокім дыхтоўным плотам, ён не здаваўся асабліва багатым. Але ўнутры было дзіўна: быццам нехта вываліў воз магнацкіх рэчаў у хату шарачка, каб прыкрасіць непрывычна для сябе бедны побыт. Драўляная, неахайна выструганая лава — а побач столік вытанчанай разьбы з чырвонага дрэва. Сцяна з голых бярвенняў — а на ёй раптам італьянскі пейзаж у залачонай рамцы.
Пан Шрэдэр, з якім сустрэліся за вячэрай, з заўсёднай ласкавай усмешкай абвесціў, што карабель прыпазняецца з-за неспрыяльнага надвор’я, але будзем маліцца, і справа атрымае годнае завяршэнне.
Значыць, пакуль можна смела вячэраць: атруту падсыпаць рана.
Сцены залы былі завешаныя габеленамі з выявамі сцэн Хоцінскай баталіі, калі войска кароннага гетмана Яна Сабескага разбіла войска Гусейн-пашы — яшчэ адна праява недарэчнай у сціплым будынку палацавай раскошы. У бойцы пад Хоцінам загінуў прадзед Вырвіча, але шаблю ягоную, Гіпацэнтаўра, напоенага варожай крывёй, баявыя таварышы перадалі сям’і загінулага, і была яна цяпер у Пранціша, апошняга з роду. На габелене гусары Ябланоўскага несліся ў атаку, за іхнімі спінамі біліся і гулі крылы на драцяных каркасах, коні пакрытыя лемпардавымі скурамі… Эх, слаўная была бітва! Не брат на брата ішоў…
Пан Рысь, асушыўшы трэці келіх віна, стукнуў рукой па стале.
— І карона, бласлаўлёная папам, знойдзе, нарэшце, годную галаву! Qui desiderat pacem, praeparet bellum![14] Я прывёз сюды сто тысячаў дукатаў — сабраў з усіх сваіх маёнткаў і з маёнткаў братоў маіх альбанцаў, каб перадаць пану свайму Каралю Радзівілу, і калі трэба будзе апошні срэбны кубак закласці — закладу. Гэта ж выдатная задума — адкрыць у Рыме кадэцкі корпус! Станіслаў Ляшчынскі зладзіў жа такі ў Францыі, у Люнэвілі… Няхай хоць далёка ад радзімы гадуюцца сапраўдныя патрыёты!