Усе гэтыя засьцярогі трэба мець на ўвазе пры разглядзе балтыцкае тэорыі.
Гісторыкі другой групы кажуць, што беларускія плямёны былі аўтохтонамі сваей тэрыторыі, на якой ix засьпела гісторыя. Гэту тэорыю можна было-б назваць славяна-беларускай. Прадстаўніком гэтай тэорыі зьяўляецца ведамы праф. Карскі, а сутнасьць яе паводле Карскага зьмяшчаецца ў наступным. Даўгагаловыя чарапы, паходзячыя яшчэ з нэолітычнае пары, прамаўляюць за тым, што ў Беларусі жыло племя, каторае было прототыпам славян i балтаў. У сучаснасьці даўгагаловасьць наглядаецца із славян найбольш у беларусаў. Гэткім парадкам можна дапусьціць, што насельнікі Беларусі ў нэолітычную пару належалі да індаэўропэйскага племені, магчыма да тэй яго галіны, каторая лягла ў васнову славян, найбольш чыстымі прадстаўнікамі каторых зьяўляюцца беларусы[43]. На аснове падобнасьці ў сэнсе антрополёгічным беларусаў i літоўцаў, зь якіх апошнія здаўна (паводле праф. Баццэнбергэра ад 5000 г.) жывуць на цяперашняй сваей тэрыторы, Карскі дапушчае, што i ў нэолітычную пару яны жылі па суседзтву з беларусамі, г. ё. прыблізна ў цяперашніх межах, прычым магчыма, што пасяленьні балтаў спускаліся далей, на паўдз.-усход уразаючыся ў тэрыторыю Беларусі[44]. Дзеля адсутнасьці прычын да вялікіх ператасовак народаў, Карскі дапушчае, што i ў пару мэталяў у Беларусі жылі тыя-ж насельнікі, толькі значна пасунуўшыя наперад сваю культуру. Дадзеныя языка дазваляюць яшчэ больш бачыць у гэтых насельніках славянаў. Ідучы за Шафарыкам i Нідэрле, Карскі рашуча цьвердзіць, што Будзіны і Нэўры Гэродота былі славянамі i толькі не рашаецца прызнаць славянамі Ставанаў Пталамэя[45]. На аснове гэтых дадзеных i аналізуючы географічныя назовы рэк, вазёр, мясцовасьцяў у Беларусі, Карскі цьвердзіць, што беларускія плямёны былі аўтохтонамі сваей тэрыторыі i толькі на захадзе i паўн.-захадзе частку яе займалі ў перамежку балты, ды на поўначы дзе-ні-дзе на правых даплывах Дзьвіны жылі некаторыя фінскія плямёны[46].
Тэорыя славяна-балтыцкая выдаецца найбольш праўдападобнай. Пацьвярджаюць яе i досьледы праф. Шчакаціхіна над беларускім мастацтвам. Разглядаючы беларускае мастацтва, Шчакаціхін ужо ад нэолітычнай пары даглядаецца адзінства формаў матэрыялънае культуры жыхароў Беларусі, яе асобнай сынтэтычнае суцэльнасьці i кансэквэнтнае эволюцыі[47]. Гэтыя-ж вывады могуць утрымацца на наш пагляд толькі пры дапушчэньні культурнай эвалюцыі аднаго i таго самага насельніцтва пачынаючы ад нэоліту. Бо калі-б дапусьціць магчымасьць вялікшых рухаў рознародных плёменаў на тэрыторыі Беларусі, дык цяжка было-б гаварыць аб вывадах, да якіх дайшоў Шчакаціхін. Пры вялікшых ператасоўках насельніцтва наглядаліся-б i пераскокі ў яго культуры, якая-б не тварыла эвалюцыйнай цэласьці.
Рэасумуючы нашы разважаньні, напрашваецца выснаў, што толькі на захадзе i поўначы дагістарычнымі насельнікамі Беларусі былі балты і фіны, што беларускія плямёны i ix продкІ былі аўтохтонамі вялікшай часткі сваёй тэрыторыі, асабліаа паўдзённа-ўсходняе. Разумеецца, што гэты выснаў зьяўляецца ня больш, як гіпотэзай, бо ані лінгвістыка, ані архэолёгія, прынамся ў сучасным сваім стане, не даюць магчымасьці змяніць гэтую гіпотэзу на навуковую праўду.