Мэтад гэткага дасьледваньня, прапагаваны ў Францыі праф. Ланглуа i Сэньёбосам, хоць яшчэ ня зусім скрысталізаваўся, але ў васновах сваіх выдаецца найбольш правільным. Галоўныя яго асновы паводле гэтых вучоных зьмяшчаюцца ў наступным:
1) Каб дабрацца да прычын узаемадзеяньня розных прывычак у грамадзянстве, трэба адкінуць абстракцыйную форму, якую гэтыя прывычкі прыймаюць у мове дакумэнтаў (догмат, закон, установа), а дабрацца да рэальных, канкрэтных цэнтраў, якімі заўсёды ёсьць думаючыя i дзеючыя людзі. Толькі ў іх лучацца розныя дзейнасьці, азначаныя абстракцыйнымі паняцьцямі. Узаемадзеяньне гэтых родаў тлумачыцца або нейкай, пануючай прыкметай чалавечае натуры, або сытуацыяй людзей, каторая адбіваецца на праявах іхняе дзейнасьці. Узаемная залежнасьць ня можа быць аднолькавай між рознымі родамі дзейнасьці: яна будзе вялікшай там, дзе адзінка знаходзіцца ў цecнай сувязі з масай (эканамічнае, палітычнае, сацыяльнае жыцьцё) i слабейшай у галінах умысловае дзейнасьці, дзе асабістая ініцыятыва праяўляецца свабадней (мастацтва, навукі).
2) Каб дабрацца да прычын эволюцыі, трэба так-жа зьвярнуцца да адзіных істотаў, каторыя могуць пасьлядоўна разьвівацца, паіменна да людзей. Прычынай усякае эволюцыі ёсьць перамена або ў матарыяльных абставінах існаваньня або прызвычаеньнях людзей. Адносна апошняй трэба зацеміць, што абсэрвацыя паказвае нам дваякія перамены: або людзі астаюцца тыя самыя, але зьмяняюць свае прывычкі, або людзі, якія трымаліся старых звычаяў, сходзяць са сцэны i замяняюцца іншымі, каторыя ўжо ня трымаюцца звычаяў сваіх папярэднікаў. Гэткая зьмена пакаленьняў выдаецца ў нашыя часы найбольш істотнай прычынай эволюцыі. Існуе тэндэнцыя думаць, што тое самае было i ў мінуўшчыне: эволюцыя адбывалася тым вальней, чым больш маладыя пакаленьні трымаліся звычаяў сваіх продкаў[48].
Напасьледак трэба зацеміць, што на гістарычныя здарэньні ўплываюць бязумоўна расавыя розьніцы між народамі, але гісторыя не дае магчымасьці дасьледаваць гэтых уплываў.
Гэткім парадкам мы азначылі круг зацікаўленьня беларускага гісторыка пры досьледах над гісторыяй собскага народу i пазнаёміліся з сутнасьцю першай перашкоды агульнага характару — сучасным станам гістарычнае мэтодолёгіі. Але беларускі гісторык павінен лічыцца з іншымі труднасьцямі, якія дыктуюцца сучасным станам досьледаў над беларускай гісторыяй. Побач з пералічанымі на пачатку заданьнямі, беларускі гісторык павінен мець на ўвазе яшчэ адно — зьбіраньне гістарычных матарыялаў. Стан беларускае гісторыёграфіі да гэтай пары такі, што прымушае беларускага дасьледчыка проста зьбіраць факты і даваць ім першую навуковую апрацоўку. Беларускія гістарычныя матарыялы раськаданы па ўсёй Эўропе, a нават Сібіры. Толькі частка ix апублікавана, значная-ж частка i дагэтуль ёсьць трудна даступнай, схаванай у розных чужацкіх установах, або прыватных архівах, дзе ix у літаральным сэнсе слова трэба адкрываць. I толькі там, дзе факты ўжо сабраны i асьветлены, беларускі гісторык можа здабыцца на агульнейшыя гістарычныя выснавы, характарыстыку таго ці іншага гістарычнага працэсу i нават даць абраз тае пасьлядоўнасьці, у якой разьвіваліся асноўныя факты ў гісторыі Беларусі.
Паддаючы навуковай апрацоўцы гістарычныя матарыялы, беларускі дасьледчык надта часта спаткаецца з распрацаваньнем гэтых матарыялаў чужымі гісторыкамі. Нармальна ня было-б дзіва, каб гісторыяй Беларусі займаліся ня толькі беларусы, але i чужынцы. Аднак розныя спэцыфічныя дзейнікі выклікалі тое зьявішча, што вялікая бальшыня працаў чужых гісторыкаў аб Беларусі ёсьць тэндэнцыйнай, а гэтым самым не навуковай. Таму беларускі гісторык павінен усьцяж гэтыя тэндэнцыі мець на ўвеце i шляхам крытыкі зь імі змагацца.
48
Ланглуа и Сеньобосъ. Введеніе въ ізучэніе йсторіі. Перевод Серебряковой, С.П.Б. 1899 г.