Выбрать главу

3) Як ведама беларускі народ цяпер складаецца 90 проц. з сялянства. Пазнаньне культуры сялянскае i яе будаўніцтва мае для нас найвялікшае значэньне. Але кожнае культурнае зьявішча, дзеля свайго зразуменьня, павінна быць разгледжана ў гістарычным разрэзе. Копныя суды былі ня толькі судамі народнымі але й сялянскімі. Дзеля гэтага азнаямленьне з імі раскрые нам праўны быт, пагляды, псыхіку нашага сялянства на працягу даўгіх вякоў яго гісторыі.

Копныя суды згулялі вялізарную ролю ў жыцьцю беларускага народу наўперад дзеля таго, што на працягу стагодзьдзяў былі адзіным ворганам справядлівасьці ў справах каральных. Можна бяз ніякае абмылкі сказаць, што роля ix у гэтым сэнсе раўнялася ролі сяньняшніх акружных каральных судоў i судоў прысяжных, дзе яны існуюць. З другога боку копныя суды, па характару ix арганізацыі й судаводзтва зьяўляюцца ўстановай несустраканай толькі ў праве нашых беспасярэдніх суседзяў—палякаў, маскоўцаў, ліцьвіноў (за выняткам украінцаў аб чым будзе ніжэй), але i ў праве народаў Эўропы. З гэтага гледзішча копныя суды зьяўляюцца свайго роду ўнікатам, уласьцівым толькі беларускаму праву. Важная роля, каторую згулялі копныя суды ў праўным жыцьцю беларускага народу i ix арыгінальнасьць зрабілі тое, што, калі ў 1872 г. Віленская Археографічная Камісія выдала VI том старадаўных беларускіх дакумэнтаў, дык ужо тыя нямногія акты аб копных судох, каторыя былі зьмешчаны ў гэтым томе, гэтак зацікавілі менаваную камісію, што яна пастанавіла выбраць з усіх былых у Віленскім Цэнтральным Архіве актавых кнігаў старадаўных беларускіх гродзкіх судоў[49] адумысьля дакумэнты, датычучыя копных судоў, каб кінуць сьвятло на гэтую ўстанову. Гэтак паўстаў, па некалькіх гадох працы XVIII том старых беларускіх актаў, датычучых выключна копных судоў, выдадзены ў Вільні ў 1891 годзе. Факт, што Віленская Аpхеографічная Камісія шукала актаў аб копных судах у кнігах гродзкіх судоў, выясьняецца тым, што пастановы копных судоў упісываліся ад часу пашырэньня ў Беларусі гродзкіх судоў як судоў каральных у актавыя кнігі апошніх. Дзякуючы ж таму, што гродзкія суды ў Беларусі зьявіліся адносна позна, бо ў палове XVI ст., мы ня маем, з нямногімі выняткамі, дакумэнтаў аб копных судох да паловы XVI ст. бо судаводзтва капы адбывалася вусна. Не азначае аднак гэта, быццам рэстаўраваныя на аснове дакумэнтаў, упісаных у кнігі гродзкіх судоў, конструкцыі копнага суда не далося-б перакінуць навет на некалькі стагодзьдзяў у зад. Трэба памятаць, што копныя суды былі ўстановай звычаёвага права. Характэрнай-жа рысай звычаю ёсьць яго сталасьць, эвэнтуальна вельмі памальная зьменнасьць. Уся моц i значэньне звычаю дык-жэ фундуецца на яго сталасъці. У гэтым сэнсе звычаёвае права наагул ёсьць вельмі консэрватыўным, неахвотным да ўсялякіх нават невялічкіх навінаў. Дзеля таго копныя суды, апіраючыся на звычай, былі ўстановаю, асабліва з гледзішча ix арганізацыі й судаводзтва, глыбака консэрватыўнаю, на працягу вякоў, калі й падлягаючай, дык толькі невялічкім зьменам. Дык абраз копнага суду XVI ст., намаляваны на аснове захаваных дакумэнтаў, будзе запраўдным адбіцьцём, прынамся ў галоўных нарысах копнага суду з ранейшых стагодзьдзяў яго існаваньня.

Менаваная Віленская Археографічная Комісія зьбіраючы акты аб копных судох, перагледзіла актавыя кнігі наступных гродзкіх судоў: берасьцейскага, віленскага, вілкамерскага, ваўкавыскага, горадзенскага, ковенскага, лідзкага, менскага, мозырскага, наваградзкага, пінскага, расіенскага, слонімскага, слуцкага, троцкага й уніцкага за 1560—1699. Пры гэтым найбольш дакумэнтаў аб копных судох далі кнігі судоў — берасьцейскага, менскага, пінскага, слонімскага й слуцкага гродзкіх судоў, меней — кнігі віленскага, ваўкавыскага, горадзенскага, лідзкага, мозырскага, наваградзкага й троцкага. Зусім ня знойдзена актаў аб копных судох у кнігах расіенскага, ковенскага, уніцкага й вілкамерскага гродзкіх судоў. Факт гэты сьведчыць аб тым, што копныя суды былі пашыраныя на тэрыторыі этнографічнае Беларусі i зусім не існавалі на тэрыторыі этнографічнае Літвы. З беларускіх паветаў найменш захавалася копных актаў з Горадзеншчыны, а гэта дзеля таго, што актавыя кнігі горадзенскага гродзкага суду пераважна загінулі. Ня гледзячы на гэта копныя суды на тэрыторыі Горадзеншчыны былі густа пашыраныя, аб чым сьведчыць хоць бы той факт, што нават у горадзенскіх земскіх актах мы сустракаем шмат актаў, датычучых копных судоў, дзе гэтыя акты не павінны былі зьмяшчацца, бо земскі суд быў судам цывільным.

вернуться

49

Даўнейшыя гродзкія суды ў Беларусі ня маюць нічога супольнага з сучаснымі гродзкімі судамі, бо разглядалі толькі найважнейшыя каральныя справы, не падлягаючыя цяперашнім польскім гродзкім судом. Акты горадзенскага земскага суду.