Выбрать главу

Пералічаныя вышэй гродзкія суды на тэрыторыі этнографічнае Беларусі абыймаюць толькі заходнюю й цэнтральную Беларусь. Ёсьць, аднак, пэўныя дадзеныя, каторыя прамаўляюць за тым, што копныя суды былі пашыраныя i ў усходняй Беларусі. Але, бязумоўна, установа гэта ў усходняй Беларусі[50] вымерла шмат раней, чымся ў заходняй i цэнтральнай.

Як было сказана вышэй, копныя суды ня былі ведамы a ні польскаму, а ні маскоўскаму праву. Той-жа факт, што ў вактавых кнігах вілкамерскага, уніцкага, расіенскага й ковенскага гродзкіх судоў няма зусім актаў, датычучых копных судоў, прамаўляе за тым, што й на тэрыторыі Жмудзі (цяперашняе Літвы) копныя суды не існавалі. Праўда, ёсьць адзін дакумэнт, зьмешчаны ў вактавай кнізе расіенскага земскага суду за 1586 г., пісаны ў беларускай мове, а паходзячы з 1585 г., каторы сьведчыць аб спорадычным прыпадку копнага суду ў цэнтры Жмудзі. Прыпадак гэты аднак, зусім адзінокі i ня можа зьмяніць асноўнае тэзы неіснаваньня копных судоў у этнографічнай Літве. Затое ведама ёсьць установа копных судоў праву Заходняе Украіны, асабліва яе паўночнай частцы. Трэба аднак сказаць, што ўстанова копных судоў на Ўкраіне зьяўляецца гэтак сама недасьледаванай як i ў нас. Дзеля гэтага цяжка рабіць якія колечы прыраўнаньні між копнымі судамі на Украіне й Беларусі. У кожным прыпадку ўстанова копных судоў на Ўкраіне мела характар чыста лёкальны, тады як у этнографічнай Беларусі копныя суды былі ўстановай агульнай. Дзеля таго копныя суды на Украіне могуць быць выясьнены як рэфлекс адпаведных адносінаў на Беларусі.

Калі паўсталі i скуль выводзілі свой пачатак копныя суды ў Беларусі? Выясьненьне гэтага пытаньня мае асаблівую вагу дзеля пазнаньня сутнасьці старадаўнае беларускае культуры. Бо калі копныя суды былі зьявішчам самародным у культурным жыцьцю беларускага народу, незалежным ад вонкавых уплываў, тады былі-б яны зыркім довадам на карысьць тае тэзы, што культурнае жыцьцё Беларусі зьяўлялася ня толькі накшым за жыцьцё яго суседзяў і моцным у гэтай накшасьці; што патрапляла паклікаць да жыцьця ўстановы самастойныя, што існавалі стагодзьдзі і згулялі вялізарную ролю. Пераходзячы да разгляду гэтага пытаньня трэба адразу зацеміць, што, на жаль, ані ў беларускіх летапісцах ані ў іншых дакумэнтах мы не знаходзім дадзеных, каторыя-б выясьнялі ня то што паходжаньне, але нават час паўстаньня копных судоў. Можна толькі цьвердзіць, што пачатак копных судоў хаваецца ў глыбокай даўнасьці. Дзеля таго што ўстанова копных судоў зьяўляецца ня ведамай маскоўскаму, польскаму й жмудзкаму праву, немагчыма шукаць там пачаткаў гэтае інстытуцыі. Можна толькі прычыны паўстаньня копных судоў бачыць у уплыве украінскага права або разглядаць копныя суды як самародную беларускую ўстанову. Адпаведна да гэтае альтэрнатывы існуюць дзьве тэорыі, выясьняючыя паўстаньне копных судоў, з якіх адна выводзе ix ад даўнейшага народнага суду «Рускае Праўды», а другая — ад старадаўнага беларускага веча. Разгледзім па чарзе гэтыя дзьве тэорыі. Тэорыю, што выводзе копныя суды з народных судоў «Рускае Праўды» прадстаўляюць тыя расейскія вучоныя, каторыя стаяць на становішчу «адзінае (суцэльнае) рускае культуры». Зьвязаць між сабой якім колечы спосабам культурныя праявы на Ўкраіне, Беларусі Маскве, i стварыць з ix адну цэласьць, было ix найважнейшым заданьнем. Дасканальны абраз гэтага імкненьня мы й бачым у будове тэорыі копных судоў, выясьняючай паходжаньне іх ад народных судоў «Рускае Праўды». Цесную сувязь між гэтымі ўстановамі мае выясьніць супольнасьць некаторых тэрмінаў, ужываных у судаводзтве копных i народных судоў. Паіменна, тэрмінам: муж, ліцэ, сьлед, послух, рота, свод, отсочыць — ужываным у судаводзтве народных судоў маюць адпавядаць наступныя тэрміны, ужываныя ў судаводзтве копных судоў: муж, ліцэ , сьлед, пераслух, прысяжны ліст, заводца, сачыць. Аднак апрача першых трох тэрмінаў: муж, ліцэ, сьлед, ужываных запраўды ў судаводзтве абодвых судаў, засталыя або не паходзілі ад супольных каранёў як прыкладам «рота» i «прысяжны ліст» (хоць абодвы азначалі прысягу) або значаньне юрыдычнае мелі зусім накшае. Гэтак тэрмін «послух» азначаў сьведку, г. з. асобу, каторая штось ведала аб праступку, тэрмін-жа «пераслух» азначаў той мамэнт у працэсе копных судоў, калі справа, дзякуючы нявыкрыцьцю вінаватых, адкладалася да часу выяўленьня сьлядоў яго шляхамі слухаў, апавяданьняў i г. д. Тэрмін «cвoд» паводле народных судоў «Рускае Праўды» азначаў конфронтацыю вінаватага з тэй асобай, ад каторай ён атрымаў крадзеную рэч, тэрмін-жа «заводца», ужываны ў судаводзтве копных судоў, азначаў тую асобу, ад каторай наагул паходзіла крадзеная рэч. Урэшце, тэрмін «адсачыць» паводле «Рускае Праўды» азнача» адвесьці ад сябе падозрэньне, сьлед, тэрмін-жа «сачыць» у кожным працэсе быў раўназначны слову шукаць. Як бачым, апрача тэрмінаў муж, ліцэ (крадзеная рэч) i сьлед, засталыя мелі зусім накшае значаньне i дзеля гэтага цяжка навет дапусьціць, каб з разгледжаных тэрмінаў народных судоў «Рускае Праўды» выводзілі свой пачатак менаваныя i быццам маючыя ім адпавядаць тэрміны копных судоў. Апіраць-жа гіпотэзу паходжаньня копных судоў ад народных судоў «Рускае Праўды» на факце, што ў судаводзтве ўжываліся супольныя тэрміны муж, ліцэ, сьлед, ведамыя кожнай славянскай мове, зьяўляецца вельмі рызыкоўным. Незалежна ад гэтага трудна дапусьціць, каб «Руская Праўда» мела які колечы агулам уплыў на хвармаваньне беларускага звычаёвага права, праяваю каторага былі копныя суды.

вернуться

50

Пад «Усходняй Беларусяй» разумею Смаленшчыну й Браншчыну.