Разгляд конструкцыі (будовы) копнага суду пачнём ад выясьненьня паходжаньня самага назову “капа”, каторы кідае некаторае сьвятло на юрыдычную будову гэтае народнае ўстановы. Паводле становішча, занятага Biленскай Археографічнай Комісіяй i сьцягам вучоных што пісалі аб копных судох, назоў “капа” таго-ж паходжаньня, што й „капіцца” што значыць „зьбірацца”, „грамадзіцца”. У некаторых актах XVIII тому капа проста й завецца грамадой, гэтыя два назовы былі зусім ідэнтычныя з гледзішча іхняга юрыдычнага зьместу, а гэта пацьвярджае правільнасьць таго пагляду, што назоў “капа” таго-ж паходжаньня, што й “капіцца” (грамадзіцца). У некаторых мясцовасьцях, як прыкладам у Слуцкім княстве, капа завецца купа[51]. Сама дзейнасьць копнага суду называлася “капаваньнем”, “капаваць”. Нармальна, як загадаваў звычай, капа старалася кожную справу скончыць у тры зборкі. Першая зборка мела наўвеце выкрыць праступніка, калі ён ня быў ведамы, або злоўлены Гэта капа завецца гарачай. Зразумела, што яе ня было тады, калі асоба праступніка была ведамай, дзякуючы прыкладам таму, што сам пакрыўджаны затрымаў праступніка, або бачыў яго ўцякаючага, і мог адразу заявіць, хто гэта быў. Другая копная зборка адумысловага назову ня мела, затое трэйцяя капа, найважнейшая, бо на ёй выносіўся прысуд, мела аж некалькі назоваў як: галоўная, завітая[52], вялікая, вальная, прысяжная (калі капляне прысягай павінны былі сьцьвердзіць, што між імі няма вінаватага). Не заўсёды аднак капа патрапляла закончыць справу ў тры зборкі. Калі справа была вельмі труднай i складанай, капа склікалася ня раз, але чатыры i пяць разоў. Галоўнай або завітай капой i ў гэтым прыпадку была тая, што рабіла канчальны прысуд. Як глыбака народ шанаваў копны суд i верыў у яго справядлівасьць сьведчыць той факт, што капа звалася сьвятой (у значэньню яе справядлівасьці).
Копныя зборкі адбываліся пад адкрытым небам на заўсёды ўстаноўленых i точна азначаных мясцох, каторыя зваліся капавішчамі або копішчамі. Дзейнасьць кожнага капавішча або копішча прасьцягалася на ўсе чатыры стараны на 14 вёрстаў. Гэткім парадкам, уся Беларусь была падзелена на копныя раёны з заўсёднымі межамі; у сярэдзіне кожнага копнага раёну было капавішча[53]. Зборка капы не на капавішчы, паводле звычаю, лічылася бяспраўнай i ня толькі выклікала протэст з боку абвінавачанага, але магла нават пацягнуць за сабой няважнасьць гэтакім спосабам зробленага прысуду. Адступленьні ад гэтага звычаю дапушчаліся толькі тады, калі абставіны справы вымагалі прысутнасьці капы на месцу праступку дзеля лепшага й баржджэйшага выяўленьня яго сьлядоў. Пераважна адступленьне гэтае ўжывалася пры гарачай капе, каторая з прыроды свайго заданьня павінна была зьбірацца на месцу праступку дзеля лепшага выяўленьня праступніка.
Права склікаць капу належыла пакрыўджанаму, каторы сам асабіста або праз сваіх людзёў наказаваў аб часе й месцу зборкі капы ўсім сёлам, аколіцам i панскім дваром, што ўходзілі у склад дадзенага копнага раёну. У прыпадках асаблівых, калі патрэбна была магчыма поўная зборка капы дзеля разьвязаньня якоесь важнае справы, наказ адбываўся пісьменна адпаведнымі лістамі, каторыя рассылалі возныя, або адчытавалі ix на кірмашох, перад царквой або касьцёлам па набожнасьці. У некаторых прыпадках права склікаць капу належыла афіцыяльнай судовай асобе, напрыклад вознаму. Здаралася гэта асабліва тады, калі ў дадзеным копным раёне беспасярэдне пакрыўджанага праступкам ня было, як прыкладам пры забіўстве беспляменнага або праежджага чалавека. Здараліся аднак прыпадкі, калі капа склікалася сама сабой, бяз нічыйго клічу, складалася з зацікаўленых у справе асобаў. Гэтак у 1611 г. слонімскія мяшчане, паразумеўшыся між сабой сабраліся на капу дзеля суду над слонімскім-жа мешчанінам Карпам Нікановічам, каторага яны лічылі за небясьпечнага злодзея[54]. У 1649 годзе йзноў-жа мяшчане й сяляне м. Высоцка Пінскага пав., самі з сябе злажылі капу, каб публічна заявіць аб уціску, жорсткасьці, гвалтах i разбойствах лендара двара нейкага Рамана Стралецкага. Дзейнасьць палягаючая на скліканьні капы мела свае адумысловыя назовы, як прыкладам: зьбіраць капу, падымаць на капу, злажыць або зьбіваць капу, гнаць капу i г.д.
Права зьбірацца на капу i судзіць на ёй прынцыпова мелі ўсе жыхары дадзенага копнага раёну, прыпісаныя да яго капавішча. Гэткім парадкам на капу выходзілі: сёлы гаспадарскія й панскія, праваслаўнага й рымска-каталіцкага духавенства, спадарскія й панскія двары й мястэчкі, мяшчане[55], гаспадарскія асочнікі, бортнікі, шляхта, баяры й сяляне. Як бачым, з гледзішча соцыяльнага складу судзьдзяў, копныя суды былі запраўды ўсестановымі, але дзякуючы таму, што ў местах ладне пераважаў элемэнт мяшчанскі, а на сяле сялянскі,— копныя суды былі судамі тыпова мяшчанскімі або сялянскімі.
51
Таксама, як у некаторых мясцовасьцях замест “грамада” кажацца грумада — пад уплывам вусьняных м.п.
53
XVIII том актаў Віл. Арх. Комісіі мае мноства точна апісаных капавішчаў. Там шмат хто можа знайсці знаёмыя сабе назовы й мясцовасьці. Дзеля этнографіі й досьледаў над копнымі судамі важна было-б запісаваць назовы мясцовасьцяў, паходзячыя ад слоў “капа”, “капавішча" й “копішча”.
55
Ня ўсе адчак мяшчане зьбіраліся на капу. У тых местах дзе было ўведзена майдэборскае права, мяшчане, падлягаючы яму, часта адмаўляліся выходзіць на капу. Затое мяшчане іншых юрысдыкцыяў, як прыкладам ваяводзкія, клябанскія, манастырскія на капу выходзілі.