Выбрать главу

Хаця права ўчасьця ў капе меў кожны жыхар дадзенага копнага раёну, аднак ня трэба думаць, быццам усе сяляне з кожнага сяла выходзілі на кожную скліканую капу. Гэта рабіла-б па 1-шае копныя зборкі вельмі мнагалюднымі, на якіх было-б ня раз некалькі сотняў, а нават i тысяча асобаў, а па 2-е руйнавала-б сялянскую гаспадарку адрываючы сялян ад працы, бо ў кожным раёне, a асабліва ў летнюю пару, копныя зборкі былі вельмі часта. Дзеля гэтага здаўных часоў вытварыўся звычай, што на капу выходзілі толькі выбарныя з кожнага селішча ў раёне, каторыя добра ведалі ўсіх сваіх жыхароў і маглі адказаваць перад капой за ўсё сяло або двор. Звычайна, як гэта відаць з актаў XVIII тому, на капу выходзіла пa аднэй, дзьве або тры асобы з кожнага сяла або двору. З гэтае прычыны, а гэтак сама дзякуючы таму, што лік селішчаў, каторыя ўходзілі ў склад копных раёнаў сярэдне не перавышаў 15—16 — копныя зборкі ня былі мнагалюдныя. Пераважна колькасьць копнікаў не перавышала 60 i толькі выняткава ў дакумэнце № 91 XVIII тому маем капу, што складалася з 120 асобаў. Агулам-жа лічба копных судзьдзяў залежыла ад велічыні копнага раёну i важнасьці справы, падлягаючай разгляду. Найменшая лічбова была заўсёды першая або гарачая капа, што складалася толькі з выбарных найбліжшых да пакрыўджанага селішчаў[56], найбольшай была трэйцяя або завітая капа, на якой выносіўся прысуд. Сабраныя на капу зваліся каплянамі, куплянамі, копнікамі або мужамі.

Дзеля таго, што склікаць капу мог кожны пакрыўджаны праступкам, а гэтак сама дзякуючы таму, што капа найхутчэй i найвярней адкрывала пераважна няведамага праступніка i прымушала яго публічна прызнацца ня толькі ў інкрымінаваным яму ў дадзеную часіну праступку, але й у шмат якіх іншых раней споўненых — круг асобаў, каторыя жадалі скарыстацца з гэтага публічнага народнага суду, быў у кожным раёне вельмі вялікі. Акты XVIII т. паказуюць, што да копнага суду зварочаваліся: 1) сяляне ад свайго собскага імені, 2) розныя офіцыяльныя й служачыя асобы, як прыкладам слонімскі земскі пісар, менскі гарадзкі пісар, белавескі лясьнічы, менскі стараста, слонімскі гродзкі судзьдзя, рэчыцкі маршалка, берасьцейская ваяводзіна, капітан, адміністратар белавескае пушчы, горадзенскі лоўчы, пінскі земскі судзьдзя, i г. д. 3) сьвяшчэньнікі й манастыры i іншыя вышэйшыя і духоўныя асобы, прыкладам берасьцейскі біскуп, купяціцкі манастыр, езуіты, i г. д. 4) мяшчане, баяры й жыды, 5) ураднікі панскія, i 6) паны.

Паном, зразумела, трэба было бараніць собскія інтарэсы й правы, як i інтарэсы падданых сялян i залежнае ад ix дробнае шляхты. Апрача гэтага, розныя крыўды між панамі ахвотна паддаваліся імі копнаму суду, каторы, як было сказана вышэй, кожны праступак выкрываў борзда й пэўна. Аднак, калі склад асобаў жадаючых паддаць свае крыўды копнаму суду, быў вельмі разнаякі, дык ужо склад асобаў, каторыя адказавалі перад копным судам як абвінавачаныя ня быў гэтакі разнаякі. Галоўна перад капой адказавалі сяляне i паны. Аднак у вактах XVIII тому мы знаходзім дадзеныя, што перад капой адказавалі баяры, мяшчане, жыды i навет віленскі біскуп князь Паўла (каля 1552 г.). Можна назіраць наступное зьявішча; кожны пакрыўджаны ахвотна шукаў з помаччу капы «шкодніка», што зрабіў яму «зладзейскім спосабам» крыўду, але кожны паводле магчымасьці стараўся ўцячы ад адказнасьці перад копным судом. Псыхолёгічна зьявішча гэтае ёсьць зусім зразумелым. Кожны праступнік, проці каторага былі сабраны навет невялічкія довады, рызыкаваў, стоячы перад копным судом як абвінавачаны, тым, што віна яго будзе шмат лягчэй i баржджэй даведзена, чымся ў якім колечы іншым судзе. Адцягаваць справу, прадстаўляць розныя ілжывыя довады нявіннасьці перад капой, каторая зараз-жа на месцу магла спраўдзіць кожнае слова абвінавачанага, было рэччу немагчымай, або прынамся з гары асуджанай на няўдачу. Толькі асоба запраўды нявінная магла лічыць, што капа хутчэй звольніць яе ад віны й кары, чымся іншы суд. З актаў XVIII тому мы бачым як з ходам стагодзьдзяў штораз часьцей ня толькі шляхта, але й сяляне-праступнікі стараліся выламацца з-пад адказнасьці перад капой. Шляхта, здабываючы сабе штораз вялікшыя прывілеі, ужо прынцыпова не хацела адказаваць перад народным сялянскім судом, якім засталася капа на працягу ўсіх стагодзьдзяў свайго быцьця. Сяляне, лучаючы ў што раз большую залежнасьць ад паноў, у прыпадку калі ім трэ' было адказаваць перад капой за зробленыя праступкі, ахвотна ўцякалі ад свайго народнага суду i аддаваліся пад апеку сваіх паноў, што дзеялася асабліва часта тады, калі й паны былі зацікаўленыя ў тым, каб праступкі ix падданых засталіся нявыкрытымі й непакаранымі. Мноства актаў XVIII т. сьведчаць аб тым, як цяжка ня раз копным судом прыходзілася спаўняць свае заданьні, дзякуючы розным перашкодам, неспаўненьню пастановаў капы з боку тых паноў i сялян, каторыя не хацелі адказаваць перад ёй. Слабым мамэнтам у варганізацыі капы, што рабіў магчымымі падобныя зьявішчы, была адсутнасьць санкцыі дзеля пастановаў капы, каторыя дзякуючы гэтаму часта не спаўняліся. Праўда, капа мела адзіны й наймацнейшы хундамэнт, на якім можа будавацца судовая організацыя наагул, гэта вялікі моральны аўторытэт у народзе, аднак, дзякуючы штораз глыбейшым зьменам у структуры грамадзянства, паўставалыя антагонізмы памалу зьмяншалі гэты аўтарытэт. Пераходзячы да компэтэнцыі копных судоў трэба зацеміць, што аб гэтым акты XVIII тому прадстаўляюць найвялікшую цікаўнасьць. Сьцьвярджаюць яны, што кампэтэнцыя капы была запраўды беспрыраўнаньня шырэйшая за тую, аб якой кажуць пісаныя памяткі беларускага права — Літоўскія Статуты з 1529, 1566 i 1588 г.г. Статут з 1529 года ўспамінае аб капе у двух прыпадках: у разьдз. 8, арт. 8 аб пагранічных спрэчках i ў разьдз, 12, арт. 2, калі кажа aб вызаве на капу тых, чый статак будзе забраны на «іспашы», (патрава). Статут 1566 года ўспамінае аб капе ўжо ў трох прыкладах: у разьдз. 11, арт. 31 — аб забіўстве праежджага або беспляменнага чалавека (гэтага артыкулу ў 1 Статуце няма), у разьдз. 13, арт. 2 аб скліканьню капы на «іспаш» i ў разьдз. 14, арт. 6 аб зборцы капы дзеля вядзеньня сьледу пры кражах. Урэшце Статут 1588 года ўспамінае аб капе йзноў толькі ў двух прыпадках: у разьдз. II, арт. 26 аб забіўстве праежджага або беспляменнага чалавека i ў разьдз. 14, арт. 9 аб скліканьню капы дзеля вядзеньня сьледу пры кражах. Абодвы гэтыя артыкулы трэйцяга Статуту ладне папоўнены ў прыраўнаньню з адпаведнымі артыкуламі другога Статуту, а апрача гэтага арт. 9, разьдзел 14 зьмяшчае вельмі важную пастанову, паіменна загад падкаморым завесьці копы i азначыць каповішчы тамака, дзе ix дагэнуль ня было. З прыраўнаньня трох Статутаў вынікае, што кожны з ix інакш азначаў компэтэнцыю копных судоў. Трэйці Статут быццам абмежуе компэтэнцыю капы ў прыраўнаньню з другім, выкідаючы разьдзел аб іспашы, але з другога боку ён ня толькі ня зьнішчае гэтае ўстановы звычаёвага права, але наадварот пашырае, загадуючы падкаморым уводзіць копы там, дзе яны дагэнуль не існавалі. Калі-ж мы зьвернемся да актаў XVIII тому, убачым, што копныя суды навет па выданьню трэйцяга Статуту разглядалі наступныя справы:

вернуться

56

Гарачая капа гналася па сьлядох праступніка і мела на мэце затрымаць яго. З прыроды гэтага свайго заданьня яна не магла быць вельмі вялікай, бо спраўнасьць яе тады была-б малая.