Выбрать главу

Характарызуючы агулам копнае судаводзтва з гледзішча асноваў сучаснае каральнае процэдуры, трэба азначыць копны процэс як тыпова інквізыцыйны, бо дакумэнты XVIII тому пацьвярджаюць станоўча, што капа ня толькі судзіла шкодніка, але адначасна яго абвінавачавала i агулам прыймала дзейнае ўчасьце ў яго выкрыцьцю. З гэтага гледзішча копны процэс ня розьніўся ад судаводзтва ў той час, ужыванага каральнымі судамі на Заходзе й Усходзе Эўропы, бо разьдзел ролі суду ад ролі абвініцеля настаў ладне пазьней, калі копныя суды перасталі ўжо існаваць.

Копны суд нічым ня быў абмяжаваны ў вышыні й родзе кары. Капа ня раз асуджала вялікіх праступнікаў на кару сьмерці, прычым прысуды спаўняліся часта на месцу. Кара сьмерці выпаўнялася павешаньнем, спаленьнем (за цяжэйшыя праступкі, прыкладам чараўніцтва, кража ў сьвятынях) i чацьвертаванънем (у прыпадку, калі судзілася якая колечы вялікшая банда, што была вельмі небясьпечная i зрабіла мноства шкоды). Звычайна-ж капа засуджавала ад вінаватага на карысьць пакрыўджанага адшкадаваньне ў грошах або натуры. Ёсьць некаторыя дадзеныя ў XVIII томе, што капа ўжывала, але вельмі рэдка, кару пазбаўленьня волі. Некаторыя копы мелі нават свае вязеньні. На жаль бліжэйшых дадзеных аб гэтым родзе кары няма, а тых весткаў, што падае ў гэтым пытаньню XVIII том, не стае, каб зрабіць якія колечы абаснаваныя вывады.

Дзеля таго, што копныя зборкі бывалі вельмі часта i займалі копным судзьдзям мноства часу i вымагалі ад ix разумовае, часта вельмі цяжкое працы, i накладалі на ix маральную адказнасьць, —ад даўных часоў паўстаў звычай, паводле якога пакрыўджаны з засуджанае на яго карысьць сумы, павінен быў некаторы процэнт заплаціць судзьдзям у надгароду за ix працу. Палову з гэтае платы копнікі бралі сабе, а другую аддавалі засуджанаму, a калі той ня браў, адносілі яе ў гродзкі суд. Плата гэта звалася перасудам або памятным. Былі гэта свайго роду кошты процэсу.

Гэтак прадстаўлялася судаводзтва копнага суду ў галоўных асновах. Процэс гэты зьмяшчаў у сабе мноства дэталяў, нязвычайна цікавых i характэрных, але разгледзіць ix у васадзе гэтае невялікае працы зразумела немагчыма.

На заканчэньне трэба ўспомніць аб тых адносінах, у якіх быў копны суд да іншых гаспадарскіх судовых установаў, аб каторых кажа Статут 1588 г. Разгляд актаў XVIII тому пацьвярджае той вывад, што капа ўва ўсіх выпадках свае дзейнасьці старалася падтрымаць цесную сувязь з агульнымі гаспадарскімі судовымі ўстановамі, a наўперад з гродзкім судом тае мясцовасьці, дзе была капа. Апошняя ахвотна аддавала разгледжаныя ўжо справы на перагляд гродзкаму суду i гадзілася з тым, калі гродзкі суд адмяняў яе прысуд. Трэба аднак сконстатаваць, што выпадкі адмены прысуду капы былі нязвычайна рэдкімі.

Першай асобай, што беспасярэдне лучыла капу з гродзкім судам, быў возны або віж, без прыбыцьця каторага не магла пачынацца прынамся апошняя «завітая» капа. Роля віжа была вылучна ў тым, што ён абавязаны быў акуратна запісаць прабег капы ў пратакол i гэту г. зв. рэляцыю прадставіць гродзкаму суду дзеля ўпісу ў вактавыя кнігі апошняга. Гэтакім спосабам паўсталі акты аб копных судох, сабраныя Віл. Арх. Ком. у XVIII томе.

Дзеля таго, што копныя судзьдзі пераважна былі няпісьменнымі i ўсе пастановы ня вылучаючы й прысуду рабіліся вусна, рэляцыі віжовы набіралі асаблівае вагі й значэньня, бо былі адзіным пісьменным дакумэнтам аб скліканьню капы. Дзеля таго, як стараны процэсу, гэтак капа i сам гродзкі суд вельмі рупіліся аб тым, каб рэляцыя віжова адпавядала праўдзе. З гэтай мэтай гродзкі суд ня ўпісаваў рэляцыі віжа, пакуль выбраныя капой прадстаўнікі не пацьвярджалі, што прабег капы адбыўся запраўды так, як запісана ў рэляцыі.

Тутака трэба зацеміць, што да канца XVI стагодзьдзя рэляцыі віжоў пісаліся вылучна ў беларускай мове. У першай палове XVII стагодзьдзя сустракаюцца, але рэдка, рэляцыі, пісаныя нязручнай польскай мовай i толькі ў другой палове XVII стагодзьдзя рэляцыі ў польскай мове сустракаюцца часьцей, чымся ў беларускай. Праз увесь аднак-жа час быцьця копных судоў г. зв. сусцэпт (пачатковая формула аднолькавая для ўсіх рэляцыяў) пісаўся ў беларускай мове.

Копныя суды пачалі чэзнуць у Беларусі ад другое паловы XVII стагодзьдзя i пры гэтым ладне раней шчэзьлі яны ў местах, дзе, бязумоўна, выціснула ix майдэборскае права. Глыбокія зьмены ў соцыяльнай структуры тагачаснага беларускага грамадзянства, a наўперад ладнае пашырэньне правоў шляхты коштам сялянства, вельмі ад'емна адбіліся на быцьцю копных судоў. Шляхта, здабыўшы сабе maximum прывілеяў i канчальна стаўшыся кіруючым у гаспадарстве станам, ня толькі не хацела ўжо прынцыпова засядаць з падданымі на аднэй лаве ў характары раўнапраўных судзьдзяў i падзьдзержаваць капу, але пачала першая з гэтай установай барацьбу, якая выражалась у тым, што шляхта перастала спаўняць недагодныя сабе прысуды капы i вельмі часта нават разганяла яе. А дзеля таго, што капа ня мела ў сваіх руках ніякіх сродкаў, з помаччу каторых магла-б непакорных прымусіць споўніць свае пастановы, да яе, як суду, памалу пераставалі зварочавацца нават i сяляне, падданыя ўжо юрысдыкцыі паноў i ў ix шукаючыя абароны. Гэта была найгалаўнейшая прычына заняпаду копных судоў. Нятрэба аднак думаць, што капа, дзякуючы новым недагодным абставінам, самахоць падпісала сабе сьмерць. XVIII том дае мноства довадаў барацьбы капы за свае быцьцё, правы й незалежнасьць. Сяляне разумелі, што, дзякуючы ix лічбавой перавазе, капа была фактычна іхняй установай i часта вельмі станоўча праціставіліся шляхце, каторая пасягала на яе быцьцё[58]. Барацьба гэта аднак скончылася няшчасна для капы, каторая памалу чэзла, хоць ня было ніякае гаспадарчае пастановы аб яе скасаваньню.

вернуться

58

Сьведчуць аб гэтым напр. акты № 141 й 186 ХVІІІ тому.