Выбрать главу

Найвялікшым балотам на тэрыторыі Беларусі ёсьць Палесьсе. Побач з іншымі, яно ледавіковага паходжаньня. Часткава балоты могуць паходзіць ад высыхаючых вазёраў. У мінуўшчыне Палесьсе, было натуральнай граніцай на паўдні, труднай да пераходу.

Пазнаёміўшыся з абшарам Беларусі, яе гэолёгічнымі i фізыё-географічнымі ўмовамі, паўстае пытаньне, ці тэрыторыю Беларусі можна разглядаць у гісторыі, як нейкую фізычна-гэографічную суцэльнасьць, розную ад суседніх. А.Смоліч з гледзішча будовы паверхні Беларусі, яе расьліннасьці, натуральных межаў, клімату, сеткі рэкаў рашуча выказваецца, што i цяпер Беларусь гэткую суцэльнасьць творыць[15]. З тым большым правам можна цьвердзіць, што гэткай суцэльнасьцю Беларусь была ў мінуўшчыне, калі ня было чыгункі, параходаў, тэлеграфаў, а ўвесь прастор яе ў значне вялікшай ступені быў пакрыты непраходнымі пушчамі й балотамі. Гэта суцэльнасьць рабіла з Беларусі трудны да здабыцьця край, хоць ён i ня меў выразных натуральных граніц у форме напр. высокіх гораў. Тым ня менш якраз іменна з гледзішча цэласьці гэтых фізыёгеографічных умоў, тэрыторыю Беларусі асабліва ў гісторыі можна лічыць, як маючую натуральныя граніцы. Ужо праф. Карскі зьвярнуў увагу, што межы Беларусі, аддзяляючыя яе з захаду i ўсходу ідуць вялікімі вададзеламі пакрытымі лясамі і маюць характар натуральных межаў[16]. У мінуўшчыне гэтыя лясы былі куды большымі i тварылі большую перашкоду для непрыяцеляў. Апрача таго яны былі больш балотнымі, як цяпер. Дык можна лічыць гэтыя лясістыя вададзелы натуральнымі граніцамі.

Аб Палесьсі, як натуральнай граніцы на паўдні, мы сказалі вышэй.

Труднасъць здабыцьця Беларусі, дзякуючы яе асаблівым фізыё-географічным варункам, была важкім дзейнікам, абясьпячаўшым арганізацыі асобных беларускіх гаспадарстваў, з якіх найвялікшымі былі Полаччына, Смаленшчына i Турава-Піншчына.

Яшчэ нядаўна спорным было пытаньне, калі зьявіўся чалавек на тэрыторыі Беларусі. Лічылася агульна прынятай думка, што сьляды чалавека ў Беларусі даходзяць толькі да пазьнейшае пары каменнага пэрыяду — нэоліту[17]. І хоць раскопкі на тэрыторыі Беларусі выкрылі шмат месцаў з астачамі жывёлы ледавіковае пары (косьці маманта, паўночнага аленя i інш.), што наводзіла на думку існаваньня i чалавека ў гэтую пару, a ўжо Сементкоўскі казаў, што ў зьбіральнікаў i аматараў старыны Віцебшчыны ён бачыў прылады «бяз ніякіх азнак шліхоўкі»[18], праф. А. Сьпіцын на першым зьезьдзе дасьледчыкаў беларускае архэолёгіі i архэографіі ў Менску (17—18. I. 1926 г.) усё-ж заявіў, што існаваньне чалавека на тэрыторыі Беларусі ў пару палеоліту астаецца загадкай[19].

Але посьле гэтай аўторытатыўнае заявы яшчэ ўлетку таго-ж 1926 г. пытаньне гэтае атрымала неспадзеўкі новае асьвятленьне. Сябра гістарычна-архэолёгічнае камісіі б. Інстытуту Беларускае Культуры ў Менску К. Палікарповіч натрапіў каля вёскі Бердыж, Чачэрскага раёну, Гомельскае акругі, на стаянку палеолітычнага чалавека. К. Палікарповіч знайшоў у ваколіцы гэтае вёскі сярод касьцей маманта некалькі зробленых чалавекам адшчэпкаў крамня i дзьве ножападобныя прылады. на якіх былі сьляды дробнай штучнай адбіўкі (г. зв. «рэтуш»). «Гэтая апрацоўка крэмняў, сувязь ix з пэўным гэолёгічным пластом (марэнны суглінак), сьляды вагню, прысутнасьць костак розных выкапальных жывёлаў, непарушанасьць усіх пластоў, не выклікае—кажа Палікарповіч— ніякага сумліву, што тут маем астачы палеолітычнае культуры часу вялікага зьледзяненьня»[20]. Хутка, бо ў 1929г.. была знойдзена другая палеолітычная стаянка ў в. Юравічы на Прыпяці каля Мозыра, a потым новабабовіцкая. Трэба лічыць, што i стаянка ў в. Гамкаве, Смаленскае акругі, ёсьць палеолітычнай[21].

Гэтыя стаянкі маюць вялікую навуковую вартасьць. У сэнсе тэрыторыяльным (прынамся ў гістарычных межах) беларускімі трэба лічыць дзьве раней ад вышменаваных знойдзеныя палеолітычныя стаянкі, паіменна супонеўскую каля Бранску i мезінскую на Дзясьне, на паўдзён ад г. Ноўгарад-Северскага. Аднак з факту, што на межах Беларусі былі палеолітычныя стаянкі, яшчэ ня можна было рабіць выснаваў аб існаваньні ледавіковага чалавека на тэрыторыі Беларусі. Апісаныя знаходкі выясьняюць гэтае пытаньне i дазваляюць з усей пэўнасьцю адсунуць пачатак каменнай культуры насельнікаў Беларусі даледавіковай пары.

вернуться

15

А.Смолiч. Географія Беларусі, Вільня, 1923. б. 113—116.

вернуться

16

Карскі, о. с. бач. 24-28.

вернуться

17

Каменны пэрыяд у жыцьці чалавецтва характарызуецца ўжываньнем прыладаў з камяня, рагоў, касьцей i дрэва. Каменнага пэрыяду, як унівэрсальнай на зямлі эпохі з азначаным пачаткам i агульнім канцом, не існавала. Розныя плямёны i народы перажывалі ў розную пару гэтую культуру, а яшчэ і сяньня ёсьць народы на гэтай ступені разьвіцьця. Каменны пэрыяд дзеліцца на больш старэйшую пару — палеоліту, калі чалавек вырабляў сабе прылады з крэмня, яшмы i іншых цьвёрдых пародаў, бяз ніякае ix шліхоўкі, і пазьнейшую — нэоліту,— калі прылады вырабляліся з мякчэйшых пародаў i шліхаваліся з помаччу вады і пяску. Найбольш ужыванымі прыладамі шліхаванымі былі тапары i малаткі (шмат гэткіх знаходкаў на тэрыторыі Беларусі можна бачыць у Беларускім Музэі ў Вільні). Між гэтымі порамі была пара мэзоліту, калі побач із шліхаванымі ўжываліся нешліхаваныя прылады.

вернуться

18

Ceмeнтковскій. Белорусскія древности в. 1. б. 85.

вернуться

19

У існаваньні чалавека ў Беларусі ў пару палеоліту апрача вышэй успомненых дадзеных, праф. А.Сьпіцына не пераканалі i знаходкі Е. Раманава, якія ён залічыў да палеоліту. Дачка Раманава прыслала ў Акадэмію Навук СССР дзьве пляншэты з гэтымі знаходкамі. Знаходкі апісаны Е. Раманавым у працы «Матеріялы по исторической топографіі Витебской губ. 1898 г.", б. 18-23.

вернуться

20

Даклад К. Палікарповіча ў гістарычна-архэолёгічнай Камісіі Інстытуту Беларускае Культуры ў Менску (глядзі Гістарычна-архэолёгічны зборнік №1 Інст. Белар. Культуры, Менск, 1927, б. 358—360, апрацаваньне З. Даўгялы).

вернуться

21

Вывучэньнем гэтых стаянак займаліся беларускія архэолёгі Г. Мірчынк, В. Громаў, С. Замятнін. К. Палікарповіч, А. Ляўданскі (глядзі „Запіскі Аддзелу Гуманітарных Навук, кн. II. Працы Архэолёгічнае Камісіі, том 11. Бел. Акад. Нав. Менск, 1930, дзе зьмешчаны іхнія працы).