Выбрать главу

Ідучы з тагачасным звычаем, бацькі аддалі свайго сына яшчэ колькігадовым хлапчуком на нясьвежскі двор вялікага магната Мікалая Радзівіла Чорнага, славутага апякуна беларускіх кальвіністаў. Тутака, у атмасфэры рэлігійных навінак, малады Леў хутка пакінуў старую рэлігію сваіх продкаў і прыняў кальвінства. Толеранцыя, якая панавала на нясьвежскім двары і ў якой гадаваўся Сапега, заклала ў яго душу глыбокія асновы рэлігійнае вольнасьці і не дала яму стацца, як гэта часта тады здаралася, фанатыкам свае веры. Князю Мікалаю Радзіллу Чорнаму Сапега спадабаўся адразу сваімі здольнасьцямі, спрытам і глыбокай любоўю да свайго краю. Пазнаўшы маладога хлапца з найлепшага боку, Мікалай Радзівіл паслаў яго трынаццацігадовым хлапцом на слаўны ў той час унівэрсітэт у Лейпцыгу. Тамака Леў, разам з сынамі Радзівіла, пільна студыяваў юрыдычныя навукі, клясыкаў і філёзофію, пазнаваў нямецкае жыцьцё і адначасна паглыбляў сваю веду аб уласнай бацькаўшчыне. Знаёмства з рэлігійнымі адносінамі на Захадзе яшчэ больш узмоцніла ў ім рэлігійную цярпімасьць.

Па сканчэньні навукі ў Лейпцыгу Сапега быў добра падгатаваным палітыкам, дыплёматам і выказаў шырокую і ўсебаковую эдукаванасьць. Вярнуўшыся з Нямеччыны, ён задзівіў Сьцяпана Батуру, перад якім бараніў справу свайго бацькі, дасканалай знаёмасьцю лацінскае мовы і — не бяз рады сваіх апякуноў Радзівілаў—астаўся пры двары, каб сьцерагчы інтарэсы Вялікага Князьства. У 1580 г., на 23 годзе жыцьця, Сапега абняў урад сэкрэтара Вялікага Князьства.

Нялёгка прыходзілася маладому Льву на новым становішчы і ў новым асяродзьдзі. З аднаго боку ня было для яго тайнай, што польскія ўплывы штораз глыбей уразаліся ў жыцьцё беларускіх магнатаў і шляхты, а з другога—ён адразу спасьцярог, што Карона ўсялякімі спосабамі імкнулася да пэўнае гэгемоніі над Вялікім Князьствам Літоўскім, пагражаючы зьнішчэньнем нават тых правоў, каторыя мела Князьства пасьля вуніі 1569 г. Кіруючыся любоўю да ўласнае айчыны—з аднаго боку, а з другога—разумеючы магутнасьць радзівілаўскага дому і бачучы ў ім адзіную рэальную сілу, на якой мог-бы апірацца ў барацьбе за інтарэсы Князьства. Сапега адразу ўявіў тую вялікую небяспеку для яго айчыны, якая-б паўстала ў прыпадку цеснага паразуменьня Радзівілаў з каралём, і таму — з вялікім спрытам — ня толькі выкарыстоўваў і паглыбляў спрэчкі і непаразуменьні між імі, але стараўся няраз сам іх тварыць. Праз увесь час пабыту пры двары Сьцяпана Батуры і Жыгімонта Ш Сапега падтрымліваў цесную лучнасьць з Радзівіламі, часта да іх прыяжджаў і пісаў шмат лістоў, у якіх скардзіўся на крыўды, робленыя Вялікаму Князьству, абгаварваў сродкі абароны і парушаў наагул унутраныя справы Князьства. Распачатая з вялікім князем маскоўскім Іванам Грозным вайна дала магчымасьць Льву Сапезе адзначыцца на ваенным і дыплёматычным полі. Сфармаваўшы на свой кошт гусарскі полк, ён зьвярнуў на сябе ўвагу ў бітвах пры Завалаччы, Вялікіх Луках і аблозе Пскова. Па сканчэньні вайны Сапега едзе на чале пасольства ў Маскву, куды ў тэй жа ролі езьдзілі раней дзядзькі яго — віцебскі ваявода Мікалай і менскі Андрэй. Сапега не застаў ужо жывым Грознага і з яго наступнікам Хведарам Іванавічам падпісаў умову згоды на 10 гадоў, паводле якой Масква атрымала Смаленшчыну, але з’абавязалася вярнуць Полаччыну, Вяліжскую і Інфлянцкую землі. Гэта быў першы дыплёматычны выступ Сапегі і пры гэтым вельмі ўдалы. Папераджаючы бег выпадкаў, трэба зацеміць, што праз 16 гадоў, паіменна ў 1600 г., ужо пры цары Барысе Гадунове, Сапега ізноў езьдзіў з пасольствам у Маскву і падпісаў з ёй умову аб міры на 20 гадоў.

Вярнуўшыся з першага пасольства, Сапега атрымаў урад падканцлера Вялікага Князьства, а ў 1586 г. абшырнае слонімскае староства, як бы нагароду за пакінутыя ў Смаленшчыне маёмасьці яго продкаў. Галоўная пара дзейнасьці яго наагул прыпадае на часы пасьля Люблінскае вуніі 1569 года, каторая на даўжэйшы час устабілізавала адносіны між Вялікім Князьствам Літоўскім і Каронаю. I хоць з праўнага гледзішча становішча абедзьвюх частак супольнае Рэчы Паспалітае было роўнае, аднак, дзякуючы фактычнай перавазе Кароны над Вялікім Князьствам, узьнімалася небясьпека поўнага пераходу кіраўніцтва да Кароны. Адносіны Сапегі да вуніі былі заўсёды ад’емныя. Ён добра разумеў небясьпеку перавагі Кароны і, прымушаны сілаю факту лічыцца з новым палажэньнем свайго краю, пастанавіў не дапусьціць да гэгемоніі Кароны і гэткім чынам абараніць раўнапраўнае палажэньне Вялікага Князьства ў новай дзяржаве. Аднак, роля Сапегі ня зводзілася толькі да абароны свайго краю ад супрэмацыі Кароны. З пададзеных ніжэй фактаў трэба зрабіць той вывад, што Сапега — ў справах асаблівае вагі для Вялікага Князьства — папросту ігнараваў пастановы вуніі і супольных соймаў, чым выклікаў абурэньне з боку палякоў. Няпрыхільныя адносіны Сапегі да вуніі ясна бачацца з яго пісем да ваяводы віленскага Крыштофа Радзівіла, як прыкладам з пісьма, пісанага 19 студня 1609 году, дзе Сапега кажа: «Добра ведама, як нам гэту вялебную вунію датрымоўваюць; з радасьцю зрабілі б з нас Валынь[59]. Агулам — дрэнная справа з імі, бо яны ахвотна хацелі б мець нас сваімі галдаўнікамі (васаламі), а асабліва тыя, што паходзяць з кузьні гэнага нябошчыка, які зваў нас «gеns іnіmіса mihi»[60].

вернуться

59

Валынь была інкорпорована да Кароны ў 1569 г.

вернуться

60

Сьцяпан Батура.