Нэолітычную пару зьмяніла пара мэталяў, калі жыхар Беларусі навучыўся ўжываць прылады з мэталяў. Населенасьць Беларусі i ў гэтую пару выплывае ня толькі як выснаў з папярэдняга, але пацьвярджаецца i іншымі дадзенымі. Карскі гаворыць, што ў гэтую пару ішоў ажыўлены гандаль па Нёмну i Дняпру янтаром («жывой смалой»), прычым, паводле сьвядоцтва Плінія, гандаль адбываўся гэткім спосабам, што плямёны жыўшыя на берагох Балтыцкага мора перадавалі тавар суседзям, а тыя далей аж да паўдзённых мароў. Народы, што займаліся гэтым гандлям, ужо зналі мэталы. Пацьвярджаецца гэта шматлікімі знаходкамі па Дзьвіне даўнарымскіх, сыракускіх, афінскіх, македонскіх, фазоскіх i др. грошаў. Прадметаў бронзавага веку знойдзена, аднак, у Беларусі мала (медныя сярпы, кліны, тапары знойдзены, прыкладам, у Меншчыне)[32].
Першыя пісьменныя сьвядоцтвы, каторыя гісторыкі адносяць да жыхароў Беларусі, паходзяць ад бацькі гісторыі—Гэродота, жыўшага ў V стаг. да нашай эры. Гэродот, апісваючы насельнікаў Скіфіі, на якой падарожнічаў, кажа, што на поўнач у лясох, дзе ляжыць вялікае возера, жыве вандроўнае племя Будзінаў. Ведамыя чэскія гісторыкі Шафарык i Нідэрле лічаць, што Будзіны Гэродота жылі па Прыпяці i верхнім Дняпры. Думку гэтую падтрымліваў i праф. Карскі, які бачыць у Будзінах аўтахтонаў мясцовасьці па Прыпяці, верхнім Дняпры i Бярэзіне[33]. Гэткае зьлёкалізаваньне Будзінаў выдаецца правільным, бо возера, каля якога зьмяшчае ix Гэродот, гэта, бязумоўна, цяперашняе палескае-балота, быўшае возерам у часы Гэродота.
Гаворачы аб Будзінах, Гэродот кажа, што за адно пакаленьне перад наступам Дарыя Нэўры, народ жыўшы на паўн. захад ад вытокаў Бугу i Днестру за скіфскай мяжой, з прычыны размнажэньня зьмеяў у іхняй зямлі, пакінулі свае сялібы i перайшлі ў зямлю Будзінаў. Браун уважае, што гэтыя нэўры пасяліліся над Прыпяцьцю i Нёманам[34]. Карскі думае, што Нэўры спачатку жылі на захад ад цяперашняй тэрыторыі Беларусі, скуль ix выціснулі праўдападобна германскія плямёны (іхнім сымболям была зьмяя). Нэўры падаліся на ўсход i занялі заходнія абшары па верхнему Нёману i часткава пa Прыпяці[35].
Трэба зацеміць, што Будзінаў Гэророта ведаюць i іншыя клясычныя пісьменьнікі, як Юры Ганоры, Марцэлін, Этык, Пліні, Мэля. Карскі гавора, што i гэтыя пісьменьнікі зьмяшчаюць Будзінаў над Прыпяцьцю i Дняпром (верхнім). Думку Лаппо Данілеўскага, што з прычыны супярэчных дадзеных клясычных пісьменьнікаў аб Будзінах немагчыма сказаць аб ix штось канкрэтнае, Карскі лічыць лішне рашучай i неабаснаванай[36]. Апрача Гэродота, крыху сьвятла на першае насельніцтва Беларусі кінуў Пталамэй у сваёй Географіі. Ён успамінае аб славанах, жыўшых у вярхох Бярэзіны (Borystenes'a), каторыя мелі свае гарады, што дае асновы дапушчаць аселасьць гэтага племені.
Вось i ўсе весткі клясычных пісьменьнікаў, што з большай ці меншай праўдападобнасьцю можна аднесьці да жыхвроў Беларусі. Наагул трэба зацеміць, што да Гэродота тэрыторыя Беларусі была няведамай грэцкім i рымскім пісьменьнікам, як i ўсе абшары паўночныя (ад Чорнага мора); аб гэтых абшарах існавалі толькі фантастычныя апавяданьні, ня маючыя ніякага навуковага значэньня[37]. Толькі Гэродот i Пталамэй пралілі крыху сьвятла на беларускую краіну.
Кім былі гэтыя першабытныя насельнікі Беларусі да зьяўленьня сюды беларускіх плямёнаў i ці магчымай навукова была-б гіпотэза, што беларускія плямёны — гэта аўтохтоны свайго краю? Гісторыкі, каторыя разважалі гэта пытаньне, даюць розныя супярэчныя адказы. Ix можна падзяліць на дзьве групы. Большасьць гісторыкаў выказвае думку, што беларускія плямёны ня былі аўтохтонамі тэй тэрыторыі, на якой засьпеў ix кіеўскі летапісец, што яны прыйшлі ў Беларусь із агульнай славянскай прарадзімы i знайшлі тут чужыя сабе народы. Ізноў-жа частка гісторыкаў скланяецца да думкі, што тэрыторыю Беларусі і сучаснай Літвы ад пачатку займалі нейкія супольныя продкі славянаў i балтаў, з якіх пасьля выдзяліліся славяне — продкі беларускіх плямёнаў — i балты — продкі цяперашніх літоўцаў, латышоў, прусаў. Разгледзім гэтыя пагляды.
Гісторыкі першае групы, адказваючы на пытаньне, кім былі насельнікі Беларусі да прыходу сюды беларускіх плямёнаў, не пагаджаюцца з сабой. Погляды ix дзеляцца на дзьве аснаўныя тэорыі (маючыя ў некаторых гісторыкаў свае нязначныя адхілы): фінскую і балтыцкую.
Прадстаўнікі фінскае тэорыі кажуць, што да прыходу беларусхіх плямёнаў тэрыторыю Беларусі займалі фінскія народы мангольскага паходжаньня. Гэтыя фіны жылі ня толькі ў Беларусі (даходзячы да балтыцкага ўзьбярэжжа), але займалі вялізарныя абшары Эўрапэйскай i Азіяцкай Расеі. Будучы значна нішшымі культурна i слабшымі палітычна ад славянаў, фінскія плямёны пад напорам апошніх адступалі на поўнач, або лёгка асыміляваліся. Прадстаўнікі гэтай тэорыі лічаць фінамі i Будзінаў Гэродота[38].
32
Карскі, о. с. б. 35. Знаходкі чужых грошаў гісторыкі тлумачаць гандлёвымі зносінамі з адпаведнымі краямі. Адменнай думкі трымаецца, між іншым, ведамы дасьледчык беларускае Севершчыны Д.Самаквасаў. Ён, aпiраючыся на сьвядоцтвах Юлія Цэзара i Тацыта, пярэчьіць магчымасьці гандлю з Рымам у разгляданую пару. Скарбы рымскіх грошаў, што знаходзяць у славянскіх землях, а ў тым ліку і Беларусі, тлумачыць тым, што Славяне. выйшаўшы із сваёй дунайскай прарадзімы, прынясьлі з сабой у новыя сялібы нажытыя ў гандлі з Рымам грошы (Д.Самоквасовъ. Северянская земля и Северяне по городищамъ и могиламъ. Москва, 1906 г.. бач. 88—91). Думка гэта ёсьць, аднак, мала праўдападобнай. Славяне маглі прынясьці ў новыя сялібы рымскія скарбы, што сваедчыла-б, што яны зналі грошы i іx цанілі. Але чым вытлумачыць тады знаходкі іншых, апрача рымскіх, грошы, як ня гандлям з адпаведнымі краямі? Прарадзіма-ж Славянаў была адна. Ды і Самаквасаў, замыкаючы час высяленьня Славянаў з дунайскай прарадзімы між панаваньнем рымскіх імпэратараў Траяна і Сэптымія Сэвэра нічога не гаворыць, як выясьніць знаходкі ў славянскіх землях рымскіх грошаў ад Сэптымія Сэвэра да ўпадку Рымскае імпэрыі (V ст. па Н. X.). Тут адзіна магчымым тлумачэньнем будзе дапушчэньне існаваньня гандлёвых зносінаў, усё роўна безпасярэдных ці пасярэдных.
33
Гл. Шафарикъ. Славянскія древности, переводъ Бодянскаго, 1 т; кн. II, бач. 10—24. L. Niderle. Staroveki, 6. 112, Карскі, о. с. б. 37—38.
36
А. Лаппо-Данілевскій. Скіфскія древности. Заметки Отд. русск. и слав. арх. И.Р.Д. Общ. т. IV. бач. 354, Карскі, о. с. бач. 37.
37
Гэтак Сапуноў, спыняючыся над гэтымі апавяданьнямі, цалком правільна гатоў бачыць i ў Беларусі “край Кіммэрыянаў, апісываны чорнымі хварбамі ў Адысэі Гомэра і шчасьлівы “край Гіпэрборэйцаў", што жылі ў поўным дастатку колькі ім хацелася, a калі жыцьцё надаядала, кідаліся з высоніх скалістых гораў і ўміралі (Сапуновъ. Река Западная Двина, бач. 1—40).
38
Глядзі Tomaschek. Kritik der altesten Nachrichten uber den Skythischen Norden, Sitzungsberichte d. K. Аkademie d. W. Phil.-Hist. К. В. 117, 3—5, Бpayн, о. с. бач. 84.