У хуткім часе новы арцыбіскуп распачаў аб'езд сваей дыэцэзіі. Навет у вялікшых местах не спатыкаўся з адпорам. Даволі спакойна прыняў яго такжа Віцебск, хоць Кунцэвіч адразу адчуў, што ў гэтым месьце няма прыязных да вуніі. Толькі Магілёў, у каторым было праваслаўнае брацтва, аказаў зацяты адпор новаму арцыбіскупу. Духавенства і мяшчане ўзьнялі бунт, як толькі Кунцэвіч пад'ехаў да муроў места, і выступілі супраць яго, як непрыяцеля. Брамы места былі зачынены перад новым уладыкай, а люднасьць, узброіўшыся, сабралася на баштах і ў акопах. Кунцэвіч адступіў, але аб буньце данёс Жыгімонту III, які даручыў справу дасьледаваньня і пакараньня вінаватых Льву Сапезе, ведамаму ўжо ўва ўсім Князьстве сваей справядлівасьцю. Сапега выдаў прысуд сьмерці на правадыроў бунту, але гэты прысуд ніколі ня быў споўнены. Магілёўскія цэрквы аднак былі аддадзены вуніі.
Гэты факт нязвычайна лёгкага здабыцьця дыэцэзіі для вуніі тлумачыцца адно тым хаотычным станам, у якім знаходзілася праваслаўная царква ў Вялікім Князьстве. Гісторыкі рэлігійных адносінаў тае эпохі на Беларусі згодна сьцвярджаюць, што ў разгляданую эпоху праваслаўная царква была ў стане поўнага ўнутранага заміраньня. Духоўнікі, без ніякае эдукацыі, часта няграматныя, ня ведалі навет малітваў. Сярод іх панавала распуста, п'янства, убогасьць матэрыяльная і найдалей сягаючая несубор дынацыя.[63] Догматы рэлігіі ня толькі ня былі ведамы шырэйшаму агулу люднасьці, а ў першую чаргу шляхце, але — паза лічанымі выняткамі — і самому духавенству. Зьмест рэлігіі фактычна зводзіўся да выконваньня абрадаў і адмаўляньня малітваў без разуменьня іх сэнсу. З гэтых прычынаў вунія, хоць догматычна рэлігія адменная, але пакідаўшая абрадавы бок царквы пастараму, для шырэйшых масаў была фактычна тым-жа праваслаўем. I толькі дзякуючы гэтаму ўнутранаму хаосу вунія нязвычайна шпарка здабывала праваслаўныя асяродзьдзі. Але, калі праваслаўныя пачалі спробы арганізацыі царквы, калі ў гэтым кірунку пачалі працаваць што раз больш чысьленыя брацтвы, гуртаваўшыя найбольш дзейныя адзінкі, — толькі тады праваслаўная царква адразу пачула сьмяротную небясьпеку з боку вуніі і распачала рашучае змаганьне.
Гэтакім зваротным годам у жыцьці праваслаўнае царквы быў 1620 год, у якім ерузалімскі патрыярх Тэофан, пазнаёміўшыся па дарозе з Масквы з прычынамі заняпаду праваслаўя ў Вялікім Князьстве Літоўскім, учыніў радыкальныя крокі дзеля яго аздараўленьня. Перш за ўсё Тэофан устанавіў у кожнай дыэцэзіі супраць вуніяцкага біскупа — праваслаўнага, вызначаючы на гэтыя становішчы найбольш здольныя адзінкі; другім яго крокам было ўвядзеньне дысцыпліны між духавенствам. Між іншым на арцыбіскупа полацкага ён вызначыў Мялеція Сматрыцкага, мужа вялікіх здольнасьцяў і ня менш вымоўнага за Кунцэвіча. Ад гэтага году праваслаўная царква арганізуецца нанова і распачынае вайну з вуніяй, што выяўляецца перш за ўсё на літэратурным груньце. Абедзьве рэлігіі ў вялікім ліку выпускаюць адзовы, полемічныя творы і г. далей, у якіх узаемна цяжка сябе зьневажаюць і адкрыта падбухторваюць народ да варожых выступленьняў супраць праціўніка.
63
Яшчэ ў часе малітваў перад брамай места адзін палачанін спытаўся ў Кунцэвіча: «Уладыка, ці моцна трымаешся нашае рускае веры?» Іншы ізноў крыкнуў: «Калі прыходзіш да нас з добрым намерам, — вітаемо цябе; калі-ж не, — тады няхайбы ты лепш ніколі не ўваходзіў у Полацак». Гэтыя воклікі паўтарыліся вастрэй, калі ў катэдру сьв. Зофіі разам з Кунцэвічам увайшлі і езуіты.