Выбрать главу

Юры Туронак

БЕЛАРУСЬ ПАД НЯМЕЦКАЙ АКУПАЦЫЯЙ

.

.

У гэтым электронным выданні няма спасылак на скарыстаныя аўтарам крыніцы. Калі гэта неабходна: https://arche.by/item/2648

УСТУП

Прадметам нашага дасьледаваньня ёсьць сытуацыя ў Беларусі падчас гітлераўскай акупацыі (1941–1944). Паводле некаторых аспэктаў, яна не адрозьнівалася ад сытуацыі ў іншых акупаваных краінах Эўропы. Гэта адносіцца галоўным чынам да нацысцкіх забойстваў па ідэалягічных матывах, г. зн. зьнішчэньня габрэяў і палітычных праціўнікаў гітлерызму. І гаспадарчыя мэты акупантаў, у прынцыпе, не мяняліся: акупанты імкнуліся паставіць людзкі і эканамічны патэнцыял краіны на службу Трэцяму райху, хоць трэба адзначыць, што ў Беларусі такая эксплуатацыя часта пераходзіла ў адкрытае рабаваньне.

Тым ня менш шмат у якіх адносінах існавалі адрозьненьні, прычым вельмі істотныя.

Па-першае Беларусь, гэтак жа, як і іншыя землі Савецкага Саюзу, была часткаю дзяржавы, якую Нямеччына і яе саюзьнікі здолелі заняць толькі часткова, таму на яе тэрыторыі не магло ажыцьцявіцца ius debellatio[1] з усімі наступствамі. Можна ўзяць за прыклад сытуацыю ў двух рэгіёнах — Сувалкіі і Беластоцкай акрузе. Першая як тэрыторыя цалкам занятай Польшчы ўвайшла ў склад Райху, другая як частка абшару СССР фармальна не была ўключана ў яго, хаця такія пляны існавалі.

Па-другое, Беларусь трапіла пад нямецкую акупацыю не як самастойная дзяржава, а як складовая частка шматнацыянальнай дзяржавы — СССР. Трывалых традыцыяў дзяржаўнай незалежнасьці яна ня мела. З гэтага пункту гледжаньня яе лёс можна параўнаць зь лёсам Украіны, аднак правесьці такую самую паралель з рэспублікамі Прыбалтыкі было б ужо нельга: у часе паміж першай і другой сусьветнымі войнамі яны заставаліся сувэрэннымі дзяржавамі.

Па-трэцяе: восеньню 1939 г., г. зн. за 20 месяцаў перад нападам Нямеччыны на Савецкі Саюз, насельніцтва і тэрыторыя Беларускай ССР павялічыліся ледзьве не ўдвая: у склад БССР[2] увайшла частка земляў міжваеннай Польшчы. За гэты кароткі пэрыяд тут была праведзена адміністрацыйная ўніфікацыя, але ў сацыяльна-гаспадарчай структуры і ў людзкой сьвядомасьці засталіся вельмі глыбокія, прынцыповыя адрозьненьні паміж Беларусьсю Заходняй і Усходняй.

Гэта яскрава выявілася ў час акупацыі: паабапал былой мяжы панавалі розныя настроі і паводзіны насельніцтва і палітычных актораў, якія так ці іначай знаходзіліся пад уплывам трох вызначальных сілаў:

- барацьба, якую прыхільнікі савецкай улады вялі пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі супраць гітлераўскіх захопнікаў. Яе мэтаю было ўзнаўленьне ранейшага палітычнага ладу і дзяржаўных межаў, якія ўсталяваліся да 22 чэрвеня 1941 г. Галоўнай дзейнай сілай у гэтым працэсе стаў савецкі партызанскі рух — неўзабаве ён ператварыўся ў важны фактар акупацыйнай гісторыі Беларусі і вельмі істотна ўплываў на функцыянаваньне акупацыйнага рэжыму. Так склалася зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, партызанскі рух быў інтэгральнай, плянавай часткай абарончай стратэгіі СССР, баявым выканаўчым органам савецкай улады і менавіта таму дасягнуў такога высокага ўзроўню арганізацыйнага і матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня. А па-другое, у Беларусі партызаншчына перарасла ў масавы рух супраціву;

- імкненьне разнастайных беларускіх нацыянальных групаў да стварэньня самастойнай беларускай дзяржавы. Яны вагаліся ў сваёй дзейнасьці ад беспасярэдняга супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі да арыентацыі на заходніх альянтаў. Аднак, нягледзячы на розныя падыходы, ніводная з гэтых групаў не арганізавала ўзброенага антынямецкага супраціву. Акупацыйныя ўмовы яны імкнуліся выкарыстаць дзеля нацыянальнай актывізацыі грамадзтва, арганізацыі беларускіх узброеных сілаў і прадстаўнічых органаў (пікам дасягненьняў у гэтым кірунку стала Беларуская цэнтральная рада, створаная пад самы канец акупацыі). З нацыянальным рухам рознымі мэтадамі вяло барацьбу савецкае падпольле, а да канца 1943 г. — яшчэ і эсэсаўска-паліцыйны апарат. Затое цывільная акупацыйная адміністрацыя падтрымлівала гэты рух — яна бачыла ў ім пэрспэктыўны сродак барацьбы супраць савецкіх партызанаў;

- барацьба польскага падпольля пад кіраўніцтвам ураду генэрала Сікорскага за аднаўленьне польскай дзяржавы ў тэрытарыяльных межах, якія існавалі да верасьня 1939 г. Але гэтая барацьба вялася на спрэчных землях, на якія аднолькава прэтэндаваў як польскі, так і савецкі ўрад. Сытуацыя атрымлівалася вельмі драматычная. У гэтых жа пытаньнях выявілася супярэчнасьць інтарэсаў польскага падпольля і беларускіх нацыянальных колаў. Пры такім стане рэчаў польскае падпольле, імкнучыся да зьдзяйсьненьня сваіх мэтаў, вымушана было манэўраваць: ад канкрэтных дачыненьняў зь немцамі на пачатку акупацыі да супрацоўніцтва з савецкім падпольлем, затым, пасьля разрыву дачыненьняў паміж савецкім і польскім урадамі ў красавіку 1943 г., настала паласа ўзаемнай варожасьці, якую немцы пастараліся выкарыстаць дзеля ўмацаваньня ўласнай бясьпекі.

вернуться

1

Права пераможцы.

вернуться

2

БССР — Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка.