Выбрать главу

— Смеху будзе замала, Леанора, калi яны будуць адкрываць мой помнiк; наплюй на яго, маё дзiця — ад iмя майго сына Генрыха, ад iмя Оты, якi быў такi добры хлопец i ўдалы, а праз тое, што ён быў такi добры i ўдалы, такi паслухмяны — ён стаў мне чужы, як нiхто больш на свеце; i ад iмя Эдыт, адзiнае авечкi, якую я сустрэў у жыццi; я любiў яе, мацi маiх унукаў, i не мог ёй дапамагчы, як не мог памагчы нi вучню сталяра, якога я бачыў усяго два разы, нi таму хлопцу, якога я нiколi не бачыў; хлопцу, якi ўкiдаў у нашую паштовую скрынку весткi ад Роберта, велiчынёю з цукерачныя абгорткi, i за гэтае злачынства загiнуў у лагеры. Роберт быў заўсёды разумны, халодны, i нiколi ў iм не было нiзвання iронii; Ота быў iншы, меў адкрытае сэрца, але раптам пакаштаваў бычынага прычасця i зрабiўся нам чужы; абплюй мой помнiк, Леанора, скажы iм, што гэта я прасiў цябе так зрабiць; я магу засведчыць табе пiсьмова i заверыць мой подпiс у натарыуса; шкада, што ты не бачыла таго хлопца, дзякуючы якому я зразумеў сказ: "Анёлы спусцiлiся з неба i служылi яму"; ён быў вучнем сталяра; яны адсеклi яму галаву; шкада, што ты не бачыла Эдыт i яе брата, якога я змог убачыць адзiн-адзiны раз — калi ён iшоў праз наш двор, а потым падымаўся да Роберта; я стаяў каля акна ў спальню, бачыў яго адно паўхвiлiны i спужаўся; гэты хлопец нёс на сваiх плячах i шчасце, i лiха; Шрэла — яго iмя я так i не ўведаў — быў нiбы судовым выканаўцам Бога, за нясплочаныя рахункi ставiў на дамах невiдочныя пячаткi; я ведаў, што ён выклiча майго сына, i дазволiў яму, гэтаму хлопцу з вузкiмi плячыма, iсцi праз мой двор; на старэйшым маiм сыне, што застаўся жыць, здольным хлопцы, брат Эдыт паставiў таўро; Эдыт была не такая: яе бiблейная сур'ёзнасць была гэткая вялiкая, што яна магла дазволiць сабе таксама бiблiйны гумар; яна смяялася са сваiмi дзецьмi ў часе бамбардзiровак; яна дала iм бiблiйныя iмёны: Ёсiф i Руф — Ёзэф i Рут, у смерцi яна не бачыла нiчога страшнага; Эдыт нiколi не магла зразумець, чаму я так моцна аплакваў сваiх дзяцей, Ёганну i Генрыха, — ёй ужо не выпала даведацца, што памёр таксама Ота, той чужы чалавек, якi быў мне блiжэйшы за iншых; ён любiў мой працоўны кабiнет, мае эскiзы, ездзiў разам са мною на будоўлi, пiў пiва пад час iнаўгурацыйных святаў, быў улюбёнцам будаўнiкоў; сёння яго не будзе на маёй урачыстай вячэры: колькi гасцей я запрасiў? На пальцах аднае рукi можна пералiчыць усiх з роду, што я заснаваў: Роберт, Ёзэф, Рут, Ёганна i я; на месцы Ёганны будзе сядзець Леанора, а што я скажу Ёзэфу, калi ён з маладым запалам будзе апавядаць мне пра ход работ на будаўнiцтве абацтва Святога Антонiя; iнаўгурацыя адбудзецца ў канцы кастрычнiка; манахi хацелi б адпраўляць набажэнствы да перадкаляднага паста ўжо ў новым касцёле. "Дрыжаць спарахнелыя косцi",[1] Леанора; яны не выпасвiлi маiх авечак.

Я павiнен быў вярнуць распiску, паламаць i знiшчыць чырвоную пячатку, тады б я не мусiў стаяць тут i чакаць сваю ўнучку — прыгожую, цёмнавалосую, дзевятнаццацiгадовую дзяўчыну, якой цяпер якраз столькi, колькi было Ёганне, калi я пяцьдзесят адзiн год таму стаяў тут, наверсе, i глядзеў, як яна сядзiць там, на тэрасе; я мог адсюль нават прачытаць назву кнiжкi "Падступнасць i каханне" — цi, можа, гэта Ёганна чытае там цяпер "Падступнасць i каханне"? Цi гэта ў сапраўднасцi не яна ўсё яшчэ палуднуе ў кавярнi "Пад iльвом"? Цi гэта я не паклаў каля прыдзвернiка абавязковай ранiшняй цыгарэты, не ўхiлiўся ад абавязковай размовы памiж-намi-мужчынамi-пане-лейтэнант, каб сядзець тут, уверсе, ад паловы на адзiнаццатую да пятай — папросту быць тут? Цi я не прамiну тых стосаў толькi што выдрукаваных епархiяльных брашурак? Што будуць яшчэ ў той суботнi надвячорак друкаваць на белай паперы: будаўнiчыя дакументы цi выбарчыя плакаты для тых, што пакаштавалi бычынага прычасця? Калоцяцца сцены, дрыжаць прыступкi, работнiцы выносяць усё новыя стосы, укладваюць iх перад дзвярыма кабiнетаў. Я ляжаў тут наверсе, практыкаваўся ва ўмельстве iснавання, я адчуваў сябе так, нiбы мяне ўсмоктвала сiла цёмнага аэрадынамiчнага тунэлю, каб праз хвiлю выкiнуць мяне — куды? Мяне нёс вiр старажытнае горычы, мяне перанасычала старажытная дарэмнасць; я бачыў дзяцей, што народзяцца ад мяне, вiны, якiя я буду пiць, лякарнi i касцёлы, якiя я буду ставiць — i ўвесь час я чуў, як грудкi зямлi падаюць на маю труну, мяне пераследавалi iх глухiя барабанныя гукi; я чуў спеў накладчыц, фальцоўшчыц i ўпакоўшчыц — нiзкiя i высокiя, салодкiя i грубыя; яны апявалi простыя ўцехi суботняга вечара; спеў гэты даходзiў да мяне, як жалобныя песнi над маёй магiлаю; каханне ў танцавальнай зале, балеснае шчасце над могiлкавым мурам, у асеннiм водары травы — слёзы старых мацярок, звястункi радасцей маладых мацi, меланхолiя сiрочага прытулку, дзе самавiтая маладая дзяўчына вырашыла захаваць цнатлiвасць; але яе таксама спаткала гэтае, спаткала пад час танцаў; балеснае шчасце над могiлкавым мурам, у траве з асеннiм водарам — галасы работнiц, нiбы водачарпальныя каўшы, без супыну апускалiся ў заўсёды тую самую ваду, яны спявалi мне надмагiльны спеў, а грудкi зямлi грукаталi аб маю труну. З-пад прыплюшчаных павекаў я глядзеў на сцены майго кабiнета, паклееныя маiмi эскiзамi: усярэдзiне — велiчны чырванаваты адбiтак плана абацтва Святога Антонiя ў маштабе 1:200; на пярэднiм плане — вёска Штэлiнгер-Гротэ, пасвяцца каровы, бульбянiшча, над якiм узносiцца дым ад вогнiшча; далей абацтва, агромнiстае, у стылi базылiкi; без усяго-ўсякага я скапiраваў раманскiя кафедральныя саборы, строгiя, нiзкiя i цёмныя галерэi-скляпеннi, клаўзура, рэфекторый, бiблiятэка; у сярэдзiне галерэi фiгура святога Антонiя, вялiкi чатырохкутнiк з сельскагаспадарчымi будынкамi; стадолы, хлявы, вазоўнi, уласны млын з пякарняю, ладны дамок для аканома, якi павiнен быў таксама апеквацца пiлiгрымамi; над высокiмi дрэвамi стаялi простыя сталы i крэслы — там можна было з'есцi ўзяты з сабою на дарогу харч, запiваючы маладым вiном альбо пiвам; на даляглядзе — абрысы другога паселiшча, пад назваю Гёрлiнгерс-Штуль; каплiца, могiлкi, чатыры сялянскiя двары, каровы на пашы; з правага боку ланцуг таполяў аддзяляў вытраляваныя кавалкi зямлi, на якiх манахi вырошчвалi вiнаград, дзе раслi капуста i бульба, гароднiна i збожжа; на пасеках збiраўся цудоўны мёд.

Аддадзены дваццаць хвiлiн таму, узамен за распiску, праект з эскiзамi дэталяў i калькуляцыяй; тонкiм пяром я паўпiсваў усе лiчбы i пазiцыi; вачыма, поўнымi бляску, як быццам перада мною стаялi ўжо гатовыя будынкi, я глядзеў на праект — нiбы заглядаў у акно: там стаялi, сагнуўшыся, манахi; пiлiгрымы пiлi маладое вiнаграднае вiно, a тым часам работнiцы спявалi ўнiзе галасамi высокiмi i нiзкiмi, прагна чакаючы вячэрняга адпачынку; пасылалi мне свае жалобныя спевы; я заплюшчыў вочы, адчуў халадок, якi я меў адчуваць толькi праз пяцьдзесят гадоў — як чалавек са зробленай кар'ерай, вакол якога пульсуе жыццё.

Гэтыя чатыры з паловаю тыднi цягнулiся бясконца доўга; усё, што я рабiў, было адпрацавана мною загадзя ў кабiнеце сноў; заставалася толькi ранiшняя iмша, заставалiся гадзiны ад паловы адзiнаццатай да пятай; я прагнуў непрадбачанага, нечаканага, якое падарыла мне лёгкую ўсмешку i два разы словы: "Жадаю Вам шчасця, пан Фэмель". Калi я заплюшчваў вочы, час расшчапляўся, рабiўся нiбы спектрам: мiнуўшчына, цяпершчына, будучыня; праз пяцьдзесят год маiм старэйшым унукам будзе ўжо дваццаць пяць, мае сыны будуць ва ўзросце тых шаноўных паноў, якiм я ўручыў толькi што свой лёс, перадаўшы свой праект. Я абмацаў кiшэнь: распiска была на месцы, рэальна; заўтра ўраннi збярэцца журы i вызначыць, што становiшча змянiлася: з'явiўся чацвёрты праект; сярод членаў журы ўжо ўтварылiся партыi: двое — за Грумпэтэра, двое — за Брэмокеля i адзiн, самы галоўны, самы малады i меншы за ўсiх ростам, абат — за Волерзайна; абат любiў рамантыку; пачнецца гарачая дыскусiя, бо абодва прагныя да хабару члены журы будуць высоўваць самыя важкiя аргументы — з пункту гледжання мастацтва; прыняцце рашэння будзе адкладзена; "гэты маладзён, што ўзяўся немаведама адкуль, паблытаў нам усё"; занепакоеныя члены журы ўбачаць, што мой праект вiдавочна падабаецца абату; ён раз-пораз затрымлiваўся каля маiх эскiзаў, адпiваў з келiха вiно; усё арганiчна ўпiсвалася ў краявiд, а функцыянальнасць чатырохкутнiка гаспадарчай забудовы так выразна вылучалася на фоне строгага чатырохкутнiка галерэяў-скляпенняў i клаўзуры; студня, карчма для пiлiгрымаў — усё яму было даспадобы; абат усмiхнуўся: там ён будзе Primus inter pares;[2] ён ужо ўвайшоў у гэты праект, нiбы ў сваю ўласнасць, старшыняваў у рэфекторыi, сядзеў з хорам, наведваў хворых братоў-манахаў, завiтваў да аканома, каб пакаштаваць вiно, адчуць, як скрозь пальцы сыплюцца хлебныя зярняты — хлеб для яго манахаў i для бедных, зярняты, што выраслi на яго палетках; калi ласка, малады архiтэктар прадугледзеў невялiкае, з дахам, памяшканне для жабракоў, адразу каля брамы; на двары — лаўкi на лета, унутры — крэслы, стол, печка на зiму. "Шаноўныя панове, у мяне няма анiякiх сумненняў, я галасую, без усякага, за гэты — яе гэта яго прозвiшча? — … за фэмелеўскi праект. I прашу звярнуць увагу на кошт будаўнiцтва: на трыста тысяч марак менш за самы танны з трох астатнiх праектаў"; крошкi сургучу з адкрытых ран засыпалi стол, па якiм грукалi кулакамi фахоўцы, распачынаючы спрэчкi: "Паверце нам, вялебны ойча, вельмi часта нехта занiжае суму ў каштарысе, а што Вы будзеце рабiць, калi гэты чалавек за чатыры тыднi перад iнаўгурацыяй прыйдзе да Вас i скажа, што ў яго не хапiла iмпэту? У гэткiх праектах перавышэнне кошту будаўнiцтва на паўмiльёна здараецца нярэдка; паверце дасведчаным людзям. Якi банк паверыць нiкому не вядомаму архiтэктару-пачаткоўцу, хто выкладзе за яго гарантыйную суму? Цi ёсць у яго хоць якая маёмасць?" На маладога абата набягае хваля гучнага смеху: "Маёмасць, згодна з уласным сведчаннем, — восем тысяч марак". Спрэчкi. Разыходзiлiся ўсе раздражнёныя. Прыняцце рашэння было адкладзена на месяц. Хто гэта даў, замацаваўшы ў статуце, гэтаму абстрыжанаму дагала, ледзьве трыццацiгадоваму сялянскаму сыну права рашаючага голасу — гэтак, што справа можа быць вырашана толькi не насуперак яго волi, а згодна з ёй.

вернуться

1

Словы з нацысцкай песнi. (Заўв. перакладчыка.)

вернуться

2

Першы сярод роўных (лац.).