Шрэла перавёў позiрк з Нэтлiнгера на прывакзальны пляц, дзе было надзвычай тлумна; сонечны выхадны, таксi, што чакаюць клiентаў, марожаншчыкi; гатэльныя служкi ў фiялетавых лiўрэях валачылi ўслед за гасцямi валiзы; шэры велiчны фасад Святога Севярына, гатэль "Прынц Генрых", кавярня Кронэра; ён спалохаўся, калi Нэтлiнгер раптоўна сарваўся з месца, кiнуўся ў натоўп, махаючы рукамi i крычучы: "Алё, фройляйн Рут!.."; праз хвiлю ён вярнуўся, пахiтваючы галавою.
— Цi бачыў ты дзяўчыну, — спытаўся ён, — тую, у зялёнай шапачцы i ружовым швэдары? Вельмi гожая, проста загледзiшся — Робертава дачка. Я так яе i не дагнаў; яна магла падказаць нам, дзе яго знайсцi. Шкада… Ты не бачыў яе?
— Hе, — цiха адказаў Шрэла, — дачка Эдыт…
— Вядома ж, — сказаў Нэтлiнгер, — твая пляменнiца. Ах, д'ябал… Ну, хадзем — з'ямо чаго-небудзь.
Ён перайшоў цераз вакзальную плошчу, перасек вулiцу; Шрэла iшоў следам за iм да гатэля "Прынц Генрых"; служка ў фiялетавай лiўрэi адчынiў перад iмi дзверы, якiя крутанулiся, прапусцiўшы iх, i неўзабаве сталi на месца, у абабiтыя лямцам пазы.
— Столiк ля акна? — спытаў Ёхэн. — Калi ласка. Hе занадта сонечна? Значыць, на ўсходнiм баку. Гуга, прасачы, каб панам быў столiк каля акна з усходняга боку. Няма за што…..Грошы на чай мы заўсёды бярэм ахвотна. Марка — гэта сумленная круглая манетка, а грошы "на чай" — гэта душа прафесii; а я ўсё-ткi перамог, мой даражэнькi: ты яго так i не змог убачыць… Што Вас цiкавiць, цi пан доктар Фэмель па нядзелях таксама гуляе тут у бiльярд? Шрэла? Мiлы Божа! Тут можна нават i не заглядаць у чырвоную картку.
— Божа мой! Дазвольце старому чалавеку ў гэтую цiхую часiну сказаць колькi слоў не па службе, пане Шрэла! Я ж добра ведаў Вашага бацьку, добра, бо ён адзiн год нават працаваў у нас — гэта было ў той год, калi праводзiлася агульнанямецкае фiзкультурна-спартыўнае свята. Вы нават памятаеце? Ну, вядома; Вам было тады ўжо, мусiць, дзесяць цi адзiнаццаць; вось мая далонь, мне будзе дужа прыемна, калi Вы пацiснеце яе; божа мой, даруйце мне за гэтыя мае пачуццi, што, так бы мовiць, не ўваходзяць у мае службовыя абавязкi; я досыць стары, каб дазволiць сабе рабiць гэта; Ваш бацька быў сур'ёзны чалавек — i поўны годнасцi! Божа мой, ён не цярпеў нахабства, але з тымi, хто не быў нахабны, ён паводзiў сябе як божае ягнятка; я не адзiн раз прыгадваў сабе Вашага бацьку… даруйце, калi я развярэдзiў Вашыя старыя раны, крый божа… я зусiм забыўся; дзякуй богу, што гэтыя свiннi больш не маюць слова; але будзьце асцярожныя, пане Шрэла; раз-пораз мне здаецца, што яны ўсё-такi перамаглi. Будзьце асцярожныя. Надта не верце гэтаму мiру — i даруйце старому чалавеку за пару неслужбовых пачуццяў i заўваг. Гуга, самы лепшы столiк з усходняга боку для гэтых паноў, самы лепшы. Hе, пане Шрэла, па нядзелях пан доктар Фамель гуляць у бiльярд не прыходзiць; не, па нядзелях не прыходзiць; ён будзе рады; вы ж былi ў маладосцi сябрамi i аднадумцамi, праўда? Hе думайце, што ва ўсiх людзей кароткая памяць. Калi пан Фэмель выпадкова зазiрне сюды, я адпраўлю Вам чалавека, каб паведамiў, тэлеграму… пазваню, калi хочаце. Мы ж гатовыя зрабiць любую паслугу нашым клiентам.
Выраз Гугавага твару застаўся нязменны. Гасцей пазнаюць толькi, калi яны самi таго жадаюць; гэты во тып роў у бiльярднай зале? Захаванне тайнаў; пуга з калючага дроту? Недарэчнай фамiльярнасцi i непатрэбных высноў трэба пазбягаць; захаванне тайнаў — гэта штандар прафесii. Меню? Калi ласка, панове. Цi даспадобы шаноўным панам гэты столiк? Усходнi бок, каля акна, не задужа сонечна… Акно выходзiць на ўсходнi неф Святога Севярына; даўнi раманскi стыль, адзiнаццатае альбо дванаццатае стагоддзе; дойлiд — герцаг Святы Генрых, празваны Шалёным. Вядома, шаноўны пане, гарачыя стравы ў нас цэлы дзень; усе стравы, што пазначаны ў меню, Вы зможаце замовiць ад дванаццатай да дваццаць чацвёртай гадзiны. Што Вам параiць найлепш? Вы хочаце адзначыць сустрэчу… Трохi iнтымная ўсмешка, што пасуе да пачутага iнтымнага паведамлення; толькi не думаць: Шрэла, Нэтлiнгер, Фэмель; нiякiх высноў; шнар на спiне?.. Але, кельнер зараз прыйдзе i возьме Ваш заказ.
— Цi вып'еш кiлiшак "марцiнi"? — спытаў Нэтлiнгер.
— Добра, калi ласка, — адказаў Шрэла.
Ён падаў служку сваё палiто, капялюш, паправiў рукою валасы i сеў да стала; у зале было няшмат гасцей; толькi ў далёкiм куце чулася прыцiшанае мармытанне; лёгкi смех дапаўняўся слабым пазвоньваннем кiлiшкаў; шампанскае.
Шрэла ўзяў з падноса, якi перад iм трымаў кельнер, кiлiшак «марцiнi», вычакаў, пакуль Нэтлiнгер возьме свой; падняў кiлiшак, кiўнуў Нэтлiнгеру i выпiў; Нэтлiнгер, здалося яму, неяк гвалтоўна састарэў; у Шрэлавай памяцi ён быў па-ранейшаму поўным бляску бялявым хлопцам, грубаватая лiнiя рота якога выглядала нават неяк дабрадушна; ён лёгка скакаў на метр шэсцьдзесят сем увышыню, прабягаў сто метраў за 11,5; пераможны, грубаваты, дабрадушны, але, думаў Шрэла, вiдавочна, гэтыя людзi нават не навучылiся цешыцца са сваiх перамог; дрэннае выхаванне, дрэннае харчаванне i адсутнасць стылю; ён пэўна зашмат жарэ, ужо напалову аблысеў, у вiльготных вачах старэчая сентыментальнасць. Па-фахоўску падцяўшы губы, Нэтлiнгер схiлiўся над меню, белы манжэт ссунуўся ўверх, на руцэ можна было ўбачыць залаты гадзiннiк, на пальцы — заручальны пярсцёнак; Божа мой, думаў Шрэла, нават калi б ён нiчога таго не рабiў, Роберт усё адно наўрад цi захацеў бы пiць з iм пiва альбо вазiць сваiх дзяцей на Нэтлiнгераву прыгарадную вiлу, каб пагуляць у бадмiнтон i ўмацаваць сувязi памiж абедзвюма сем'ямi.
— Дазволь, я табе сёе-тое прапаную, — сказаў Нэтлiнгер.
— Калi ласка, — адказаў Шрэла, — прапануй мне што-небудзь.
— Значыць, — пачаў Нэтлiнгер, — на закуску можна было б узяць цудоўнага вэнджанага ласася, потым кураняты з бульбай фры i салатай; мяркую, што дэсерт мы выберам пасля; ведаеш, тут я давяраюся свайму iнстынкту, якi мне падкажа, пакуль мы будзем есцi закуску i другую страву, што ўзяць — сыр, пiрожнае, марожанае цi амлет, але наконт аднаго я загадзя ўпэўнены — пiць буду каву.
Голас Нэтлiнгера гучаў так, нiбы ён браў удзел у курсах: "Як зрабiцца гурманам?"; ён яшчэ не хацеў перапыняць сваёй завучанай малiтвы, веданнем якой ён вельмi ганарыўся, i мармытаў, звяртаючыся да Шрэлы:
— Entrecote a deux,[11] адвараная стронга, цялячыя медальёны.
Шрэла сачыў за Нэтлiнгеравым пальцам, якi пачцiва-ўрачыста сунуўся па радках меню i затрымлiваўся на некаторых стравах; Нэтлiнгер пры гэтым то прыцмокваў языком, то трос галавой, то сцiхаў у нерашучасцi.
— Калi я чытаю слова «пулярка», далiбог, не магу ўтрымацца.
Шрэла прыкурыў цыгарэту, цешачыся, што гэтым разам яму ўдалося пазбегнуць Нэтлiнгеравай запальнiчкi; адпiваючы свой «марцiнi», ён увесь час сачыў за Нэтлiнгеравым указальным пальцам, якi дабраўся ўжо да трэцiх страваў. "Гэтая iх праклятая грунтоўнасць, — думаў ён, — можа сапсаваць апетыт нават да чагосьцi разумнага i смачнага, як, напрыклад, смажаная курыца; яны папросту мусяць рабiць усё лепш за iншых i, вiдавочна, маюць ужо ўсё, каб пераплюнуць i iтальянцаў, i французаў у майстэрстве ўрачыстага святадзейства вакол ежы".
— Калi дазволiш, мне ўсё-такi куранятаў.
— А вэнджанага ласася?
— Hе, дзякую.
— Ты ж адмаўляешся ад цудоўнай рэчы, а павiнен жа быць галодны як воўк.
— Вядома, — прызнаўся Шрэла, — галодны, але я добра вазьмуся за дэсерт.
— Ну, як хочаш.
Кельнер прынёс яшчэ два кiлiшкi «марцiнi» на сподзе, якi каштаваў больш за абстаноўку цэлай спальнi; Нэтлiнгер узяў адзiн кiлiшак, перадаў яго Шрэле, потым узяў свой, нахiлiўся ўперад i сказаў:
— Гэты — за тваё здароўе, менавiта за тваё.
— Дзякуй, — сказаў Шрэла, кiўнуў галавой i выпiў.
— Аднаго я не разумею, — дадаў ён, — як гэта атрымалася, што мяне арыштавалi адразу на мяжы?
— Iдыёцкая выпадковасць: тваё iмя засталося ў спiсах шуканых асоб, а, мiж iншым, спроба забойства мае тэрмiн задаўненасцi дваццаць год. Цябе павiнны былi выкрэслiць са спiсаў яшчэ два гады таму.