Выбрать главу

Людзі ў Польшчы, аднак, лёгка адрозьніваюць аўтэнтычных апазыцыянэраў, якія сапраўды выступаюць супраць рэжыму і партыі, ад фракцыйных апазыцыянэраў, якія вядуць сваю гульню ў рамках партыі. І таму яны дакладна адрозьніваюць незалежніцкую апазыцыю ад партыйнай фракцыі. Ня так лёгка гэта ўдаецца эміграцыі.

г) Дзейнасьць, якая не зьяўляецца апазыцыяй

Часам здараецца, што за апазыцыю ўважаюць дзейнасьць, якая насамрэч ніякай апазыцыяй не зьяўляецца.

Найчасьцей гаворка тут вядзецца пра дзейнасьць, якая мае на мэце ўдасканальваньне функцыяваньня ладу. Без пастаноўкі пад сумнеў яго падставаў (улады партыі і дамінацыі саветаў) прапануюцца розныя рэформы, якія маюць на мэце лепшую арганізацыю апарату ўлады, павышэньне эфэктыўнасьці эканомікі або павелічэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва. Часам такія рэформы ці іх спробы ёсьць элемэнтам фракцыйнага змаганьня, але бываюць выпадкі, калі яны пачынаюцца таксама без жаданьня паслужыць інтарэсам партыі, у найлепшай інтэнцыі прынесьці карысьць эканоміцы або ўсяму народу. Такая дзейнасьць часам можа прыносіць дадатныя вынікі ў канкрэтных справах. Але трэба памятаць, што яе вынікі заўсёды абмежаваныя, бо сапраўднага паляпшэньня сытуацыі нельга дасягнуць без падрыву асноваў ладу[29]. Таму апрача прызнаньня, якога часта заслугоўваюць яе ініцыятары, палітычныя вынікі такой акцыі трэба лічыць прынамсі сумнеўнымі: яны ствараюць бачнасьць вырашэньня праблем, якія ў рамках ладу вырашыць нельга.

Яшчэ адным родам дзейнасьці, які неапраўдана лічыцца апазыцыйным, ёсьць дапамога людзям, якія ніяк не правініліся перад рэжымам, але нягледзячы на гэта сталі ахвярамі нясправядлівасьці і злоўжываньняў. Гэта нешта накшталт дабрачыннай дзейнасьці — прынясеньне дапамогі ў індывідуальных выпадках[30]. Яна, бясспрэчна, прыносіць карысьць людзям, але яе палітычны сэнс хутчэй нэгатыўны, бо яна стварае ўражаньне (ілжывае), што такім чынам можна ўдасканаліць лад[31].

6.Фракцыйная барацьба і адраджэньне актыўнай незалежніцкай апазыцыі: 1956–1976

а) Кастрычнік 1956

Першая вялікая бітва паміж фракцыямі разыгралася ў 1956 г., а яе кульмінацыйным момантам быў т. зв. Польскі кастрычнік. Няма патрэбы паўтараць тут яго хаду. Літаратура аб ім досыць багатая[32]. Калі гаворка заходзіць аб інтэрпрэтацыі гэтых падзеяў, то надзвычай удала зьдзейсьніў яе Ядліцкі. Варта толькі прыгадаць, што ацэнка Ядліцкага знайшла пасьля поўнае пацьверджаньне ў мэмуарах Хрушчова[33]. У вельмі вялікім скарачэньні хаду Кастрычніка можна прадставіць наступным парадкам.

У выніку зьменаў, адбытых у Маскве пасьля Сталіна, кіруючыя ў Польшчы вярхі ПАРП, якія пасьля будуць названыя «пулаўскай фракцыяй», адчулі пагрозу ад ніжэйшых узроўняў апарату, дзе ўзьнікла фракцыя пад назвай «натолінская». Пулавяне прадпрынялі манэўр, які быў пакліканы ўтрымаць іх пры ўладзе. Шляхам пашырэньня ў партыі прамовы Хрушчова на ХХ-тым зьезьдзе партыі, аслабленьня цэнзуры і сьцішэньня дзейнасьці спэцслужбаў яны выклікалі настрой «адлігі». Затым яны адхілілі найбольш скампрамэтаваных кіраўнікоў і зьвярнуліся па дапамогу да пазбаўленых пасадаў і арыштаваных дзеячаў — да Гамулкі і яго найбліжэйшых таварышаў. Такім чынам партыя атрымала пэўную папулярнасьць, што дазволіла Гамулку, які стаяў ужо на чале пулавян, запэўніць Хрушчова, што ён зможа схіліць палякаў да ляяльнасьці, не зьвяртаючыся па дапамогу да савецкіх танкаў. Як вядома, гэтае абавязаньне ён сумленна выканаў. Менш скрупулёзна ён паводзіў сябе адносна сваіх партнэраў у Польшчы. Абавязаньняў што да польскага грамадзтва ён ня спраўдзіў, за выняткам пэўнага зьмяншэньня ліхадзействаў спэцслужбаў і спыненьня прымусовай калектывізацыі ў сельскай гаспадарцы. Ён падвёў нават пулавянаў, якія паставілі яго на вяршыню ўлады, бо дазволіў рост уплываў натолінцаў. Падтрымліваючых яго маладых партыйных актывістаў разагнаў, а іх часопіс «Рo prostu» зачыніў.

Сапраўднае значэньне Кастрычніка ня зводзіцца, аднак, толькі да партыйных міжусобіц, у якіх грамадзтва было толькі гледачом. Кастрычнік абудзіў надзеі і даў імпульс аўтэнтычнай апазыцыі. Яна зьявілася неспадзявана і раптоўна.

Першым яе выступам былі познаньскія падзеі, другім — паводзіны насельніцтва Варшавы ў кастрычніку 1956 г. Трэцім — акцыя сялян супраць каапэрацыйных таварыстваў. Чацьвертым — тое, што пісаў часопіс «Рo prostu». Нягледзячы на тое, што гэты часопіс рабіўся людзьмі з партыі ці ZMR*, ён у шматлікіх артыкулах выкрываў тэрор спэцслужбаў і эксплюатацыю рабочых і заняў супрацьлежную партыі пазыцыю[34]. Ён быў неўзабаве зачынены.

Аўтэнтычная апазыцыя была хутка задушана, але Кастрычнік застаўся ў памяці людзей як спадзеўны ўспамін, што ўладу партыі можна пахіснуць. У гэтым палягае яго найвялікшае значэньне.

б) 1957–1967

Пасьля Кастрычніка ўсе ўжо ведалі, што ў партыі існуюць варожыя фракцыі, якія калі-небудзь могуць прывесьці яе да крызысу і ўжо цяпер аслабляюць яе згуртаванасьць. Нягледзячы на тое, што на працягу доўгага пэрыяду кіраваньня Гамулкі захоўвалася пэўная раўнавага паміж фракцыямі, якія Гамулка нацкоўваў адна супраць адной, і таму да адкрытых канфліктаў не даходзіла. Агулам беручы, траціла, аднак, глебу пулаўская фракцыя і набывала значэньне натолінская. Не выпадае апісваць тут усе церці і ўнутраныя разборкі ў ПАРП. Значнымі этапамі ліквідацыі асяродкаў партыйнай апазыцыі было закрыцьцё часопісу «Рo prostu» ў 1957, закрыцьцё Клюбу Крывога Кола ў 1962 г., адмаўленьне ад праектаў эканамічных рэформаў, падрыхтаваных Эканамічнай Радай, і роспуск Рады ў 1962 г. Канфлікт у партыі абвастрыўся і выявіўся падчас сьмерці і паховінаў Голянда ў сьнежні 1962 г. Новую плынь партыйнай апазыцыі запачаткаваў «Адкрыты ліст да партыі» Кураня і Мадзялеўскага ў 1965 г.[35] Гэты выступ, спачатку нібыта адасоблены, аказаў, аднак, уплыў на далейшыя падзеі.

в) Сакавік 1968

Новыя пэрыяд адкрываюць сакавіцкія падзеі 1968 г. Аб іх напісана вельмі шмат[36], і таму няма патрэбы яшчэ раз спыняцца на гэтым. Усё пачалося з акцыі супраць палітыкі партыі ў справе цэнзуры, але сапраўдным праціўнікам была фракцыя партызанаў, якая ў гэты час цалкам падначаліла сабе службу бясьпекі і ўплыў якой у партыі шпарка рос.

Падзеі, якія распачаліся, выйшлі з-пад кантролю іхных ініцыятараў. Рух студэнцкіх пратэстаў і страйкаў пашырыўся на ўсю Польшчу і набыў характар аўтэнтычнай апазыцыі, скіраванай супраць партыі і ладу. Нягледзячы на запярэчаньні і спробы зьмякчыць яго лёзунгі ў страху перад рэпрэсіямі, гэткі характар руху не падлягае сумлеву. Такі факт мае вялікае значэньне, бо пачынаючы з гэтага моманту дынаміка аўтэнтычнай апазыцыі ўжо заўсёды будзе выходзіць за вузкапартыйныя мэты фракцыйных ініцыятараў і пераймаць кіраўніцтва распачатай імі акцыі. Гэта вартая самай пільнай увагі заканамернасьць польскага палітычнага жыцьця. На жаль, гэта не азначае, што аўтэнтычная апазыцыя дасягнула ў сакавіцкіх падзеях 1968 г. нейкіх сапраўдных посьпехаў. Яе найбольшым дасягненьнем было тое, што рух пратэсту ахапіў усю Польшчу і патрапіў сфармуляваць пэўныя супольныя антыпартыйныя прынцыпы («няма хлеба без свабоды», «прэса маніць» і г.д.). Ён выступіў пэўным этапам на шляху фармаваньня палітычных падставаў у Польшчы. Не было, аднак, перадумоваў, каб гэтыя спантанныя парываньні ператварыліся ў пасьлядоўную і доўгатрывалую апазыцыю да рэжыму. Не было ні палітычных канцэпцый, ні кіраўнікоў, якія б маглі прывесьці да гэтага. Студэнцкі рух заняпаў, і разгарэлася студэнцкая барацьба.

вернуться

29

Я пісаў аб гэтым у «Socjalizm w Polsce», Kultura, № 9 (276), 1970 і ў «Różne reformy i różni reformatorzy», Kultura, № 9 (288), 1971, перадрук у O myśl polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.

вернуться

30

Нядаўна ў эміграцыйнай прэсе (Tydzień Polski, № 18 z 6.5.1978) быў згаданы «Ётэм» — Юзаф Мушкат, журналіст, які дзейнічаў у Польшчы ў пяцьдзясятыя гады. Ён спэцыялізаваўся на т.зв. прэсавых інтэрвэнцыях і зрабіў многім людзям (некалькім сотням?) вельмі шмат добрага. Безумоўна, у яго былі «падвязкі» недзе высока ў ЦК, і ён не баяўся беспардонна кляйміць злоўжываньні партыйных начальнічкаў. Ён стаў нечым накшталт бюро апекі. Скончылася тым, чым мусіла скончыцца пры ўладзе ПАРП. Тыя начальнічкі, якім ён дапякаў, зьвярнуліся ў ЦК, і яго прымусілі маўчаць. Неўзабаве ён выехаў за мяжу. Яго дзейнасьць уяўляе сабой прыклад актыўнасьці, якая дае дадатныя вынікі для паасобных людзей, але безвыніковая ў грамадзкім маштабе.

вернуться

31

Таму такая актыўнасьць прынцыпова розьніцца ад актыўнасьці, праводжанай, напрыклад, KOR’ам, які бароніць рабочых, перасьледаваных за калектыўныя палітычныя выступы і дамагаецца павагі да грамадзянскіх правоў, а таму несумненна ажыцьцяўляе палітычную апазыцыю да рэжыму.

вернуться

32

W. Jedlicki, Klub Krzywego Koła, Instytut Literacki, Paryż, 1963 i Październik 1956, Instytut Badania Zagadnień Krajowych, Londyn, 1963. E. Wacowska, Poznań 1956 — Grudzień 1970, Instytut Literacki, Paryż, 1971.

вернуться

33

Khrushchev, Remembers, A. Deutsch, London, 1974. Разьдзел «Polish October», cc. 196–207.

вернуться

34

Тое, што пісаў тады часопіс «Рo prostu» дае праўдзівую карціну ўмоваў, пры якіх жылі палякі ў пэрыяд сталінізму. Вельмі карысным было б выданьне збору зьмешчаных там матэрыялаў.

вернуться

35

J. Kuroń i K. Modzielewski, List odwarty do partii, Instytut Literacki, Paryż, 1966.

вернуться

36

Wydarzenia marcowe 1968 i Polskie przedwiośnie, Instytut Literacki, Paryż, 1969. Krótkie spięcie, Instytut Literacki, Paryż,1977.