Выбрать главу

На гэты раз нетыповым чынам ініцыятыву ўзяла ў свае рукі фракцыя, што была пры ўладзе. Адбіўшы атаку, яна рашуча выступіла супраць апазыцыйнай фракцыі. Здавалася, што яна раз і назаўсёды пастанавіла зьнішчыць праціўніка. У партыі пачаліся чысткі ў такім маштабе, якога ПАРП раней ня ведала. Брутальныя рэпрэсіі, якія ў мінулым ужываліся толькі да звычайных людзей, першы раз былі з такой сілай ужытыя ўва ўнутрыпартыйнай барацьбе. Тыя, хто практыкаваў гэтыя подлыя мэтады зьнішчэньня праціўнікаў пры сталінізьме, пераканаліся, што маюць цямлівых вучняў. Маладое пакаленьне выпускнікоў партыйных школаў ужыла гэтыя мэтады да сваіх настаўнікаў.

Вельмі хутка выявіўся і ганебны бок усёй гэтай апэрацыі. Аказалася, што лёзунгам гэтай барацьбы ўнутры партыі стаў т.зв. антысіянізм, які зьяўляецца ня чым іншым, як звычайным антысэмітызмам, што па сутнасьці партыя была заклапочана не ачышчэньнем ад сталіністаў, а пазбаўленьнем пасадаў людзей жыдоўскага паходжаньня.

Антысэміцкая палітыка партыі выклікала выбух сымпатый да перасьледаваных і асуджэньне ўжытых мэтадаў. Грамадзтва заўсёды пазірала на партыю з дамешкай страху і пагарды. Цяпер стала відавочна, наколькі была апраўданая гэтая пагарда. Вобраз партыі, якая называе сябе марксісцкай і прапагандуе ды ажыцьцяўляе антысэмітызм, глыбока кампрамэтуючы. Чаго ж вартыя ўсе партыйныя вучобы і ўся афіцыйная ідэалёгія! Аказалася, што антысэміцкі курс здабыў падтрымку ўсяго апарату. Не было пратэстаў, не было фронды, апрача пратэстаў самых зацікаўленых. Партыя яшчэ раз заслужыла асуджэньне ўсімі прыстойнымі людзьмі. Яна таксама прынесла Польшчы агромністую шкоду ў пляне сусьветнай грамадзкай думкі, якая не заўсёды можа адрозьніць палітыку партыі ад сапраўдных настрояў грамадзтва. З такімі меркаваньнямі партыя, аднак, ня мае завядзёнкі лічыцца. Насоўваецца пытаньне, што яна перасьледавала гэткай ганебнай палітыкай. Атрыманыя карысьці прыдаліся па сутнасьці ня партыі, а членам кіруючай фракцыі: адхіліўшы праціўнікаў, яны папросту адкрылі сабе шлях да хутчэйшага кар’ернага прасоўваньня ў партыйным і дзяржаўным апараце. Гэта насамрэч мелася на ўвазе. Можна таксама здагадвацца аб узбочных мэтах. Разьлічвалі на тое, што антысэміцкія лёзунгі дадуць партыі своеасаблівы розгалас у грамадзтве. Наагул вынік быў адваротны. Але, на жаль, трэба прызнаць, што, як здаецца, партыя знайшла пэўную колькасьць людзей, якія ўхвалілі яе антысэміцкую палітыку. Пошук сабе прыхільнікаў гэткага роду і пры дапамозе гэткіх мэтадаў сьведчыць толькі аб тым, як нізка партыя ўпала.

г) Сьнежань 1970

Элемэнт фракцыйнай барацьбы адыграў, бясспрэчна, пэўную ролю ў падзеях на ўзьбярэжжы ў 1970 г. Вельмі цяжка даведацца, якім быў ланцуг правакацый і контраправакацый у ранейшай фазе забурэньняў. Можна, аднак, з усёй упэўненасьцю сьцьвердзіць, што амаль адразу арганізатары страцілі ўплыў на падзеі, якія пачалі разгортвацца некіроўным і непрадбачаным чынам. Іх маторам быў дух апазыцыі, які праяўляўся ў нянавісьці да партыі. Потым паступова кіраўніцтва падзеямі пачалі пераймаць страйкавыя камітэты, якія можна прызнаць органамі аўтэнтычнай апазыцыі. Яны ўпершыню дасягнулі пэўных посьпехаў. Найперш Шчэцін змусіў Герэка прыехаць на размову з адкрытай апазыцыяй. Гэты факт мае гістарычнае значэньне. Гэта быў па сутнасьці маральны посьпех, бо ў сапраўднасьці рабочыя нічога не дасягнулі. Але сур’ёзнага палітычнага посьпеху дасягнулі лодзкія тэкстыльшчыцы ў лютым 1971 г., калі змусілі партыю вярнуць цэны назад.

д) Чэрвень 1976

Чэрвеньскія падзеі 1976 г. адбыліся паводле ўсталяванай ужо традыцыі рабочых бунтаў, з той толькі розьніцай, што аказіяй да іх не была «адліга», якая суправаджае зазвычай фракцыйныя міжусобіцы. Гэта не азначае, што фракцыйныя разборкі не адыгралі ў іх ніякай ролі. Аднак роля гэтая дагэтуль ня высьветленая. Здавалася, што падзеі засьпелі кіраўніцтва партыі зьнянацку. Характэрнай была таксама хуткая саступка ўладаў перад патрабаваньнямі рабочых.

е) Апазыцыйныя сьветапоглядныя групы

Апрача апісаных вышэй кароткатрывалых апазыцыйных акцый у гэты пэрыяд зьявілася таксама іншая плынь актыўнай апазыцыі ў выглядзе невялікіх групаў, якія імкнуліся да сфармаваньня апазыцыйнай сьвядомасьці. Дзейнічалі яны тайна і, безумоўна, ніхто дакладна ня ведае, колькі іх было і які быў дыяпазон іх уплываў.

Аб дзейнасьці гэтых групаў грамадзтва даведвалася ў выпадку яўных рэпрэсій да іх чальцоў. У 1970 годзе адбыўся працэс «Татэрнікаў». У 1971 — працэс «Руху», на якім Анджэй Чума ўпершыню адкрыта сфармуляваў крэда аўтэнтычнага апазыцыянэра[37]. У 1972 годзе браты Кавальчыкі атрымалі драконаўскі прысуд за незвычайную ў польскіх умовах дэманстрацыю[38].

ж) Пэтыцыі і пратэсты

Іншай зноў жа апазыцыйнай плыньню было выступленьне супраць палітыкі ўладаў шляхам пэтыцый і пратэстаў.

Першай і таму часта згадванай спробай быў «Ліст 34» у справе паперы ад 13 сакавіка 1964 г. Модна мець сумневы, ці выпадае залічыць гэты выступ да праяваў аўтэнтычнай апазыцыі. Ён робіць уражаньне, што падпісанты зусім ня мелі такіх інтэнцый, бо гэты ліст сфармуляваны з найбольшай пашанай да ўладаў, а зьмешчаная ў ім просьба вельмі сьціплая[39]. Розгалас і характар апазыцыйнага акту яму надалі самі ўлады сваёй рэакцыяй, несумернай са значэньнем самога выступу.

Былі пасьля і іншыя пэтыцыі: у справе палякаў у Савецкім Саюзе[40], у абарону асуджаных на працэсе Руху[41] і ў абарону братоў Кавальчыкаў[42].

Найбольшы, аднак, розгалас і значэньне мела акцыя пратэсту адносна паправак да канстытуцыі, якая разгарнулася на пачатку 1976 г.[43] Трэба заўважыць, што ў самой аснове гэтай акцыі можна было б знайсьці прынамсі два парадоксы. Па-першае, магло б здавацца, што выступ накіраваны на абарону берутаўскай канстытуцыі 1952 году, зь якой зьвязаны найгоршы досьвед сталінізму, а па-другое, што патрабуецца скасаваньне паправак, якія ня ўводзілі нічога новага, а толькі санкцыявалі здаўна існуючы стан рэчаў. А ў дадатак агульнавядома, што тыя ці іншыя фармулёўкі ня маюць ніякага значэньня, бо пры існуючай сыстэме літара канстытуцыі ніколі не выконвалася і ня будзе выконвацца. Таму ўва ўсёй гэтай акцыі быў элемэнт фікцыі, бо ўсе як бы дамовіліся, быццам вераць, што тэкст канстытуцыі мае хоць якое значэньне.

Тым ня менш, акцыя ў справе канстытуцыі была важнай і патрэбнай. Яна была пэўным выклікам рэжыму, сьцьвярджэньнем, маўляў грамадзтва ўсьведамляе, што кіруецца насуперак сваёй волі партыяй і што Польшча паддадзена савецкай дамінацыі, аб чым рэжым хоча нават унесьці запіс у канстытуцыю. У гэтым выкрывальніцкім сэнсе акцыя была вялікім посьпехам. Таксама характэрна, што ўлада ня ўжыла сур’ёзных рэпрэсій да арганізатараў акцыі.

з) Актыўная апазыцыя ў 1956–1976 гадох

Актыўная апазыцыя, абуджаная ў 1956 г., так ужо і не замірала цалкам. Яна разьвівалася трыма на першы погляд незалежнымі адзін ад аднаго шляхамі.

Першы — гэта спантанныя акцыі, актыўныя выступы супраць палітыкі рэжыму. Такія выступы ўлада душыла, ужываючы сілу, коштам крывавых ахвяраў.

Другі — гэта стварэньне групаў з апазыцыйным сьветапоглядам. У выпадку іх выкрыцьця над іхнымі ўдзельнікамі праводзіліся працэсы, на якіх іх прысуджалі да турмы.

Трэці — гэта пратэсты і пэтыцыі. Улада рэагавала на іх пераважна цкаваньнем іх удзельнікаў.

Слабасьцю ўсіх трох апазыцыйных практык была іхная кароткатрываласьць. Некаторыя выступы доўжыліся ўсяго некалькі дзён. Нават апазыцыйныя групы, здаецца, не існавалі больш, як некалькі месяцаў. Пратэсты і пэтыцыі па сваёй прыродзе былі аднаразовымі акцыямі.

Другой слабасьцю была адсутнасьць узаемадзеяньня паміж рабочымі і інтэлігенцыяй. Падставы выступаў рабочых і інтэлігенцыі былі рознымі, яны адбываліся ў розны час і не карысталіся ўзаемнай падтрымкай.

Пераадоленьне гэтых дзьвюх слабасьцяў адбылося толькі на наступным этапе апазыцыйнага руху, які распачаўся ў другой палове 1976 году.

7. Царква і каталіцкія дзеячы

а) Царква як апірышча маральных традыцый і вартасьцяў

Разглядаючы пытаньне аўтэнтычнай апазыцыі, не выпадае абмінаць ролі Царквы, якая займае ў Польшчы надзвычай адмысловую пазыцыю. Дарма што Царква не праводзіць палітычнай дзейнасьці, самім сваім існаваньнем яна стала заслонам для варожай Польшчы дзейнасьці партыі і саветаў. У пэрыяд сталінізму, пасьля зьнішчэньня ўсіх традыцыйных польскіх інстытутаў, пасьля абясшкоджаньня людзей, якія былі носьбітамі нацыянальнай культуры, Царква заставалася адзіным інстытутам, непарыўна зьвязаным з гісторыяй нацыі, які ацалеў у нязьменнай форме. Нягледзячы на тэрор і ўціск, Царква не падпарадкавалася ўладзе і тым самым стала сымбалем незьнішчальнасьці нацыянальнай традыцыі і ўвасабленьнем надзеі на лепшую будучыню.

вернуться

37

Гл.: Sąd orzekł, Instytut Literacki, Paryż, 1972, str. 192–195.

вернуться

38

Кавальчыкі дагэтуль сядзяць у турме. Аб іх забыліся ў такой ступені, што нядаўна можна было прачытаць у эміграцыйным часопісе, што «...у Польшчы няма палітычных вязьняў» (Tydzień Polski, № 42 z dn. 22.10.1977, str. 5, szpalta 6).

вернуться

39

Трэба таксама памятаць, што з 34 падпісантаў 16 адклікалі свае подпісы пад ціскам уладаў. Гэта яшчэ зьмяншае вагу гэтага выступу. Гл.: G.de Cerezay, «Polska Gomułki i list 34», Kultura, № 10 (204), 1964, str. 3–26.

вернуться

40

Т. зв. «Ліст пятнаццаці» зь лістапада 1966 г.

вернуться

41

Складзены міністру юстыцыі 17 падпісантамі напрыканцы 1971 г. (Nа Antenie, № 108, marzec 1972, str. 32).

вернуться

42

Гл.: Na Antenie, № 120, marzec 1973, str.31.

вернуться

43

Гэтую акцыю распачаў мэмарыял 59, складзены старшыню Сойму 5 сьнежня 1976 году (Kultura, № 1 (340) — 2 (341), 1976, str. 235–236).