Выбрать главу

Стаўленьне апазыцыі да партыі мусіць абапірацца на зусім іншыя падставы. Апазыцыя павінна імкнуцца стварыць у краіне такую сытуацыю, каб ПАРП баялася пасоўвацца задалёка ці то ў галіне эканомікі (эксплюатацыі рабочых і зьніжэньня ўзроўню жыцьця) ці палітычнага ўціску (правоў чалавека і палітычных правоў). Цяжка дакладна вызначыць, дзе пралягаюць гэтыя межы талеранцыі, і цяжка таксама сказаць, у чым будзе складацца рэакцыя грамадзтва, калі яны будуць пераадолены. Сутнасьць пытаньня, аднак, ясная, ідзецца пра тое, каб улада баялася гэтай рэакцыі. Ілюстрацыяй такой сытуацыі ёсьць паводзіны ў часе забурэньняў 1970 і 1976 гг. У 1976 годзе ўлады не насьмеліліся дзейнічаць з такой брутальнасьцю, як у 1970 годзе. Яны скасавалі павышэньне цэнаў ужо назаўтрае, а не праз два месяцы, і было відаць, што яны пачынаюць лічыцца з грамадзкай думкай. Гэта быў непасрэдны вынік адраджэньня аўтэнтычнай апазыцыі.

Можна дапускаць, што гэты працэс будзе разьвівацца і надалей. Гэта значыць, што з аднаго боку апазыцыя будзе кансалідавацца, выступаць усё больш пасьлядоўна і абумоўліваць усё вузейшае поле для варожых грамадзтву манэўраў ПАРП. Але да гэтай мэты прыводзіць не дыялёг, а непасрэдная актыўнасьць або пагроза гэткай актыўнасьці.

д) Легальнасьць і публічнасьць

Асноўнай праблемай для аўтэнтычнай апазыцыі ёсьць пытаньне, павінна яна быць яўнай ці кансьпірацыйнай, легальнай або функцыянуючай па-за законам. Ува ўмовах саветызму ня можа быць адназначнага адказу на гэтае, здавалася б, простае пытаньне. Таму што існуе вялікая колькасьць разыходжаньняў паміж тым, што напісана ў канстытуцыі і законах, і штодзённай практыкай уладаў, якія, як вядома, не дазваляюць грамадзтву карыстацца прадугледжанымі законам свабодамі. Такім чынам, легальнай або нелегальнай, г.зн. перасьледаванай законам, ёсьць дзейнасьць, на практыцы вырашаюць не апазыцыянэры, а ўлады. І таму ніводная апазыцыйная акцыя ня можа мець пэўнасьці, ці не сутыкнецца яна зь перасьледам і таму ці ня стане ў гэтым сэнсе нелегальнай. На практыцы большая частка апазыцыйнай дзейнасьці праводзіцца і, безумоўна, будзе праводзіцца ў межах, дазволеных пісаным правам, але будзе далёка выступаць за межы таго, што на практыцы дазваляюць спэцслужбы. Перасьлед за дзейнасьць, якую не забараняе закон, дае апазыцыянэрам моцную пазыцыю, калі дойдзе да судовай справы, а таксама пры апэляцыі да грамадзкай думкі. Любая такая справа, якая атрымлівае грамадзкі розгалас, выкрывае прыроду саветызму і кампрамэтуе лад. Таму існуюць сур’ёзныя аргумэнты на карысьць таго, каб апазыцыйную дзейнасьць праводзіць у межах закону. Гэта, аднак, не дае ніякай гарантыі, што яна ня будзе забараняцца ці перасьледавацца ўладамі. Таму няма ніякай падставы, каб рух, які імкнецца да зьмены ладу і ставіць пад сумнеў яго фундамэнтальныя асновы, заўсёды скрупулёзна выконваў існуючыя нормы права. Кіравацца трэба актуальнай сытуацыяй і веліччу справы, за якую змагаецца апазыцыя.

Падобным парадкам справа стаіць і з публічнасьцю. Абнародаваньне прозьвішчаў сябраў апазыцыйных ячэек, якое апошнім часам стала практыкуецца, мае вялізарнае маральнае і палітычнае значэньне. Яно паказвае ўсяму грамадзтву, што ёсьць людзі, якія не баяцца прызнацца ў тым, што зьяўляюцца апазыцыянэрамі. Вялікая частка дзейнасьці, якая знаходзіцца ў межах пісанага права, можа заставацца публічнай. Але зноў-такі іншая частка гэтай дзейнасьці не павінна абнародавацца папросту дзеля таго, каб улада не магла надта лёгка выкараніць гэтую дзейнасьць, ужываючы беззаконьне.

Такім чынам, умовы палітычнай дзейнасьці пры саветызьме такія, што апазыцыя павінна быць у залежнасьці ад акалічнасьцяў легальнай ці нелегальнай, яўнай або кансьпірацыйнай. Гэта будзе вынікаць з паводзінаў уладаў, а таксама будзе залежаць і ад самых дзеячаў, якія павінны вызначыцца, якую і калі ўжыць тактыку.

ж) Плюралізм

Апазыцыя, якая змагаецца за дэмакратыю, мусіць быць плюралістычнай, таму што плюралізм ёсьць перадумовай дэмакратыі. Яна павінна рэпрэзэнтаваць розныя адценьні палітычнай думкі і розныя канцэпцыі іх рэалізацыі. Супольнай для ўсіх апазыцыйных рухаў мусіць быць толькі барацьба з саветызмам і імкненьне да дэмакратыі і незалежнасьці.

Плюралізм апазыцыі ўтвараецца спантанна. Таму калі падкрэсьліваецца яго неабходнасьць, то не для таго, каб яго захаваць, а для таго, каб супрацьстаяць яго элімінацыі.

Плюралізм павінен быць аўтэнтычным. Таму ня будзе плюралізмам стварэньне некалькіх фасадных арганізацый, якія па сутнасьці знаходзяцца пад кантролем аднаго палітычнага цэнтру. Гэткі спосаб дзейнасьці належыць да тактычных прыёмаў камуністычных партый, якія, як вядома, супраць рэалізму.

Апазыцыйная група, якая прызнае плюралізм, не імкнецца да манаполіі. Палеміка зь іншымі групамі, безумоўна, дапушчальная і нават пажаданая, абсалютна дарэчнай зьяўляецца таксама палітычная барацьба за ўплывы. Імкненьне ж да поўнага зьнішчэньня праціўніка супярэчыць прынцыпам плюралізму, бо папросту яго ліквідуе. Таму недапушчальна пазбаўляць іншыя апазыцыйныя групы сродкаў інфармацыі, што ўва ўмовах апазыцыйнай дзейнасьці ёсьць справай істотнага значэньня, а таксама дыскрэдытаваць іх у вачах грамадзтва шляхам паклёпу і пісаць на іх даносы варожай ім уладзе.

Эміграцыя магла б вельмі памагчы аўтэнтычнай апазыцыі на Бацькаўшчыне, калі б падтрымлівала яе плюралістычную структуру, даўшы магчымасьць усім апазыцыйным групам выказацца на старонках эміграцыйных выданьняў[52].

9. Незалежніцкая апазыцыя ў 1976/77 гадох і яе пэрспэктывы на будучыню

а) Новы этап

У сярэдзіне 1976 году наступіў пералом у гісторыі польскай незалежніцкай апазыцыі. Ён палягаў у дзьвюх прынцыповых зьменах у спосабе яе дзейнасьці.

Па-першае, быў ліквідаваны падзел паміж рабочымі і інтэлігенцыяй. Пасьля рабочага бунту ў чэрвені 1976 г. рабочыя не засталіся самотнымі і безабароннымі перад брутальнай рэакцыяй уладаў і адчулі падтрымку і дапамогу з боку арганізаваных групаў інтэлігенцыі.

Па-другое, апазыцыйныя асяродкі зьмянілі характар. Дагэтуль яны ўзьнікалі спантанна, калі нарастала хваля апазыцыі, але распадаліся і чэзьлі, калі гэтая хваля ападала. Цяпер яны арганізаваліся як доўгатрывалыя асяродкі. Яны прынялі прынцып публічнасьці і дзейнасьці, якая не парушае канстытуцыі і дзеючага заканадаўства, і тым самым кінулі выклік беззаконьню, якое паўсюдна чыніцца ўладамі. Яны паставілі сабе дзьве непасрэдныя задачы: абарона правоў чалавека і грамадзяніна і разьвіцьцё палітычнай сьвядомасьці грамадзтва. Гэтай мэце служаць шматлікія непадцэнзурныя выданьні і лекцыі «Лётаючага ўнівэрсытэту» (Таварыства навуковых курсаў).

Ідэалягічнае аблічча гэтых апазыцыйных асяродкаў сфармавалася яшчэ не зусім. Падаецца, аднак, што ў ім зьмяшчаюцца наступныя элемэнты, супольныя ўсім асяродкам: імкненьне да незалежнасьці і дэмакратыі і, такім чынам, супрацьстаўленьне савецкай дамінацыі і саветызму як ладу, які пануе ў Польшчы, нэгатыўнае стаўленьне да партыі і такіх яе падразьдзяленьняў, як прафсаюзы і падкантрольныя моладзевыя арганізацыі, нявера ў зьмены і рэформы, ажыцьцяўляныя ў межах ладу, разьлік на палітычныя зьмены, якія будуць паступова падрываць і аслабляць лад, стрыманасьць да раптоўных дэманстрацый і выступаў, зразуменьне таго, што яшчэ не прыйшла адпаведная для гэтага часіна, а таксама стаўка на абуджэньне палітычнай сьвядомасьці ў самых шырокіх колах інтэлігентаў і рабочых. Таму не падлягае сумневу, што ў Польшчы нарэшце ўзьнік апазыцыйны рух, які імкнецца да дэмакратыі і незалежнасьці.

Гэта велізарная зьмена да лепшага для ўнутранай сытуацыі ў краіне. Яна адбылася зь зьдзіўляльнай хуткасьцю[53]. Яе ўмагчыміў перадусім прагрэс у палітычнай сьвядомасьці грамадзтва, гэта значыць, усё больш шырокае разуменьне таго, што адзіным шляхам здабыцьця чаго-небудзь ад уладаў ёсьць нязломнае сьцьвярджэньне сваіх правоў, пазыцыя салідарнасьці перад варожай людзям уладай і пераадоленьне страху. Такім чынам, дагэтуль маўклівая апазыцыя пачала набываць актыўную пазыцыю. У дадзены момант, аднак, яшчэ адносна малая частка звычайных людзей прыняла гэтую пазыцыю. Але маса дагэтуль маўклівых апазыцыянэраў агромністая. Таму актыўная апазыцыя мае вельмі шырокую базу ў грамадзтве.

вернуться

52

Такую пазыцыю вельмі рашуча сфармулявала рэдакцыя «Kultury» («O pomoc dla opozycji w Kraju», Kultura, № 11 (362), listopad 1977, str.55–56). Цяпер мы чакаем, каб іншыя выданьні пайшлі за гэтым часопісам.

вернуться

53

Пра тое, што існуюць умовы для ўзьнікненьня апазыцыі, я пісаў у нарысе «Адзіны шлях» (Kultura, № 3 (294), marzec 1972, перадрук у O myśl polityczną, Londyn, 1976). Я таксама сьцьвярджаў, што трэба чакаць хуткага разьвіцьця апазыцыі ў Польшчы.