Выбрать главу

«Забыцьцё» вышэйпаложанай сыстэмы вартасьцяў, зьдзейсьненьне якiх стварыла новыя галiны рэальнасьцi (матэрыяльнай i духовай) дзякуючы «зьнiзу» ўзьнiклым сьветаглядам, якiя павiнны служыць далейшаму ўтрыманьню актыўнасьцi ў гэтых новых галiнах, адбываецца ў двух кiрунках. У першым выпадку, калi сьветагляд перастае спалучацца з разьвiтым апiсальным блёкам, на подзе якога гэны сьветагляд зьявiўся на сьвет, адбываецца ягонае адмаўленьне i зварот да перакананьняў, якiя карыстаюцца памяркоўным прызнаньнем у iншых галiнах. Гэтая зьява ў сфэры вартасьцяў набывае выгляд кансэрватыўнага рэцэдыву, дарма што ў спакмянёвай сфэры яна тычыцца новаўзьнiклага фрагмэнту сьвету. У другiм выпадку — якi часта называюць уводжаньнем «прагрэсу» — перанос, згодна з загадамi новага сьветагляднага ўзору, новых практычных рэгуляцый у галiны, якiя гэтага ў iстоце не патрабуюць, прыводзiць да iх дэфармацый i парушэньня функцыяваньня. Усё шырэйшае распаўсюджаньне новых схемаў, у iмя «налады» сапраўднасьцi i працягу «пералому», прыводзiць да дысгармонii, дэгенэрацыi, а ў канцавым вынiку i да немачымасьцi функцыяваньня ўсяго жыцьця, ня толькi матэрыяльнага, але i духовага[71].

На момант дасягненьня капiталiстычнымi грамадзтвамi XIX i XX стст. вышэйадзначаных разьвiцьцёвых ростаняў рэдка зьвяртаюць увагу. Гэты пэрыяд, безумоўна, ёсьць, асаблiва ў эканомiцы, адыходам ад прынцыпаў лiбэралiзму даiндустрыйных супольнасьцяў. Iндывiдуальныя суб’екты, як я быў згадаў, ператвараюцца ў калектыўныя суб’екты (дзяржаўна-нацыянальныя эканомiкi, новага тыпу грамадзкiя групы i г.д.). Грамадзтвы перажываюць паступовую сацыялiзацыю, дарма што дзяржавы, якiя рэпрэзэнтуюць iх, што да самых сябе застаюцца незалежнымi i сувэрэннымi, i ўтвараюць тое, што можна назваць нацыянальным або дзяржаўным капiталiзмам. У глябальным маштабе гэта цягне за сабой, у залежнасцi ад ступенi сацыялiзацыi грамадзтваў, ergo ў залежнасьцi ад ступенi адарваньня лiбэральных прынцыпаў ад «нутра» дадзенай нацыянальнай дзяржавы, зьяву перавытворчасьцi. Ейным вынiкам ёсьць эфэкт спажыўца, якi замыкаецца ў звароце да чалавечага iндывiдуума. Якраз гэтая зьява абумовiла тое, што ў грамадзтвах Захаду ня быў перасягнуты крытычны пункт (а не такi, аб якiм мiстыфiкацыйна гавораць: «зваротны»), што пацягнула за сабой, на ўзор хлусьлiвых утопiяў, распаўсюджаньне i расшырэньне схемаў, узятых з нацыянальнага капiталiзму.

Дарма што пачаткам гэнага пункту не выпадае лiчыць канец XX ст., як прапануе Ф.Капра — аб якiм крыху пазьней, — можна сказаць адно: сымбалiзуе яго раней згаданы аўтамабiль Ford T. Вялiкасьць ягонага творцы не замыкалася толькi ў iнавацыйнасьцi ў засягу тэхнiчнай канструкцыi або арганiзацыi сэрыйнай вытворчасьцi, але найперш ва ўвыразьненьнi факту, што магчыма спажыцьцё лiшку вытваранай прадукцыi шляхам ператварэньня яе ў даброты, даступныя для ўсiх. Аб’ектам зацiкаўленьня, на якi накiравана эканомiка, але ня толькi, паколькi, каб карыстаць з аўтамабiлю, трэба прынамсі ўмець чытаць i пiсаць, ня ёсьць — як у сацыялiзьме — яна сама або абстрактная прысутнасьць, а спажывец — чалавек, якому належыць памагчы зрабiць iндывiдуальнае рашэньне купляньня i спажыцьця тавару.

Аднаўленьне чалавечай суб’ектыўнасьцi выражае ўсё меншае дэтэрмiнаваньне iндывiдуальнага чалавечага быцьця роляй, вызначанай у рамах т.зв. падзелу працы. Магчымасьць замены працы на рэальны капiтал робiць зь людзей сувэрэнных собсьнiкаў собскай асобы. Гэта ўмагчымляе навязаньне добраахвотных i непрымусовых кантактаў, залежных толькi ад суб’ектаў дамовы. Валоданьне капiталам дае магчымасьць разьлiчваць на самога сябе, спрыяе свабодзе думкi i волi.

III

Досыць цьмяныя развагi, зьмешчаныя ў II-й частцы гэтай працы, мелi, безумоўна, характар шкiлету гiпотэзы, якая — каб быць больш пераканальнай — павiнна быць разьвiтай i больш аргумэнтаванай. Аднак, калi мы хочам гаварыць аб постмадэрнiзьме, то — нават нягледзячы на недахопы — неабходнасьць такога нарысу вынiкае сама сабой, i ў сувязi з гэтым я хачу прывесьцi вытлумачальнае апраўданьне.

Постмадэрнiзм уважаецца за сымбалiчную экспрэсiю новага этапу ў разьвiцьцi нашай цывiлiзацыi. Гэтая канкрэтызацыя постмадэрнiзму ў часе неяк загадзя абумоўлiвае пэрспэктыву ягонага разгляду. Таму яго трэба разглядаць у пэрспэктыве доўгачасовых працэсаў, магчымым насьледкам якiх ён i ёсьць. Такiм чынам, гаворка iдзе аб вызначэньнi яго нутранога, гiстарычнага кантэксту. Безь яго нават абеглай характарыстыкi цяжка ацанiць, наколькi дэклярацыi аб «зваротным пункце» маюць рэальную глебу[72].

Постмадэрнiзм ад пачатку ўспрымаўся як абсалютна арыгiнальны кiрунак мысьленьня, якi не валодае нiякай традыцыяй. Аднак ягоная экспансiя спрычынiлася да таго, што ўсё большая частка сымбалiчнага сьвету фарбуецца ў колеры поймаў, свомых для гэтага спосабу мысьленьня. Гэта сталася магчымым таму, што можна, як я мяркую, паказаць некалькi аснаватворных i агульных пунктаў, рэалiзацыя якiх была б беспамылковым паказьнiкам мiмiкрыi, якая пазьней будзе названа постмадэрнiсцкай.

Ейнай асноўнай рысай ёсьць пераадоленьне т.зв. картэзіянскага дуалiзму. Яго формы могуць набываць выгляд разнастайных апазыцыяў. Пры клясычным падыходзе iх выражае цела versus развага, у эпiстэмалягiчнай вэрсii: аб’ект (пазнаньня) versus суб’ект (пазнаньня), у суб’ектыўнай стылiзацыi: натура versus культура, а ў мэтафiзычнай вэрсii такую апазыцыю становiць: sacrum versus profanum. Вынiкам лiквiдацыi вышэйадзначаных параў ёсьць перафармуляваньне пайма праўды. Яна ня ёсьць ужо сымбалiчным (тэарэтычным) уяўленьнем незалежнага да развагi пазнаючага быцьця, але нечым вытвараным, i нават не пазнаючым iндывiдуумам, а законамi выкарыстаных сымбалiчных «iнструмэнтаў»[73]. Дасьледаваны суб’ект i датычнае яго тэарэтычнае апiсаньне (або больш агульна — сымбалiчнае) выяўляецца як аспэкт таго ж самага. Праўда залежыць ад тыпу структуры дыскурсу, «граматыка» якога вызначае ейны сканструяваны сэнс.

вернуться

71

Узьнiкае пытаньне аб тым, скуль бяруцца новыя роды сапраўднасьцi, i ўпаасобку прагматычна-жыцьцёвыя перакананьнi, што падцiнаюць першыя сваiм iснаваньнем. Я прывяду тут, для iлюстрацыi, крыху трывiяльны прыклад. А наймя клясычная лiбэральная мадэль, якая становiць сабой аксіялягiчны фундамэнт нарматыўнага (iнструмэнтальнага) узору чалавечых паводзiнаў у даiндустрыйных часох, не прадугледжвала (загадзя) як у сфэры канчальных вартасьцяў, так i iнструмэнтальных, а таксама ў iхных аплiкацыях апiсальна-жыцьцявых зьяваў, зьвязаных з выпрацоўкай электрычнасьцi. Тым ня менш выкарыстаньне гэтай мадэлi прывяло да ўзьнiкненьня электрычнасьцi ня толькi ў навукова-тэарэтычнай або канцэптуальнай (i таму на роўнi iнструмэнтальных вартасьцяў), але таксама i стварыла новыя рэальныя спакмянi. Гэта зьмянiла чалавечыя паводзiны, i яны мусiлi перажыць такую мадыфiкацыю, чаму паспрыяла і навука, каб магчымым было падтрыманьне вытворчасьцi i выкарыстаньня электрычнасьцi. Электрычная сетка, неабходная для згаданых мэтаў, знаходзiць сваё адлюстраваньне ў форме арганiзацыi людзей. Немiнучай стаецца iхная лучнасьць, цэнтральнае распараджаньне iх асобамi. Гэтыя працэсы знаходзяць сваё абагульненьне i адбiцьцё ў ad hoc створаных сьветаглядах, чаго крайным прыкладам ёсьць раньнесавецкая «бiтва за электрыфiкацыю», з усiмi жахлiвымi яе грамадзка-матэрыяльнымi насьледкамi. У гэтым сэнсе лiбэралiзм, дзякуючы таму, што ён дае свабоду думцы, што ўмагчымляе вынаход i практычнае тарнаваньне зьяваў электрычнасьцi, выяўляецца як прычына насьледкаў, што прывялi да ягонага запярэчаньня. Адылi гэтая тэза ёсьць вынiкам думальнага «высьлiзганьня», што не зважае на ролю iдэалёгiяў, якiя ў iстоце занялi ягонае месца i прывялi да адхiленьня, а таксама ў вялiкай ступенi да разбурэньня нарматыўнага ўзору, якi робiць немагчымым арганiзацыю ўсяго чалавечага жыцьця на ўзор цэнтральна кантраляванага i рэглямэнтаванага разьмеркаваньня электрычнай энэргii.

вернуться

72

P.Kawiecki, Post-modernism — from Clown to Priest, у: The Subjekt in Postmodernism, red. Ales Erjavec, Ljubljana, 1990.

вернуться

73

Пры такiм падыходзе чалавечы быт спабываецца трансцэндэнтальнага вымеру i чалавек сутыкаецца, нават ня столькi з прызнанай, колькi з накiнутай непазьбежнасьцяй экзыстэнцыйнай i аксіялягiчнай самадастатковасьцi. Ён сам вызначае сваю iстоту, вырашае ня толькi аб праўдзе, але i аб маральных нормах. Магчымай спробай абмежаваньня рэлятывiзму ёсьць прыняцьцё тэзы, што мова (культура), нягледзячы на стварэньне яе чалавекам, iснуе — калi ўжо яна ўзьнiкла — незалежна ад ейнага стваральнiка, прынамсi на роўнi аўтадэтэрмiнацыi. Аднак тады яна займае месца, дагэтуль зарэзэрваванае для Бога.