Сучасныя канцэпцыi постмадэрнiзму вырастаюць з францускага структуралiзму (К.Левi-Строс) i пансэмiятызму (А.Грэймас), што асаблiва навiдавоку ў плынi, якая называецца дэканструкцыянiзм (Ж.Дэрыда), а таксама на прыкладзе абагульненьняў практыкi сучаснай фiзыкi, упаасобку квантавай мэханiкi (Р.Роцi, Ж.Ф.Льётар). Да гэтай плынi належыць i Ф. Капра, якi высновы сваёй першай працы — «The Tao of Physics» — перанёс у «Зваротны пункт», расшыраючы iхную важнасьць на iншыя галiны сучаснага жыцьця[74]. Кажучы ўвогуле, кшталт новай сапраўднасьцi быў вызначаны злучвом новых анталягiчных палажэньняў i сфармуляваны сучаснай фiзыкай, паколькi сьвет — сьледам за сёньняшнiм прыродазнаўствам — выяўляецца як «арганiчны, галiстычны i экалягiчны. Яго можна назваць i сыстэмным паглядам [...]. Сусьвет перастаў быць машынай, што складаецца з мноства элемэнтаў, i цяпер яго належыць разумець як адзiную, непадзельную дынамiчную цэласьць, часткi якой узаемазалежныя i могуць быць зразумелыя толькi ў катэгорыях усяго касьмiчнага працэсу»[75].
Гэты тып мысьленьня мае выдатны патэнцыял, паколькi Капра даводзiць, што дзякуючы яму адбылiся зьмены ў цывiлiзаваным сьвеце, напрыклад ператварэньне — у сфэры эканомiкi — цьвярдой тэхналёгii на мяккую, з чым суадносяцца новыя вартасьцi ў мэдыцыне, i наагул ва ўсёй сыстэме аховы здароўя, а таксама ў псыхалёгii. Гэтая апошняя, адасабляючыся ад псыхіятрыi ўварваньня, набыла гуманiстычны характар, яна цяпер канцэнтруецца на цэласьцi чалавечай псыхiкi i ейных сувязях зь сьветам.
Паказальна, што постмадэрнiсцкiя экзэмплiфiкацыi суадносяцца з разглядамi зьменаў сучаснасьцi, зьдзейсьненых без рацыяналiзуючых iх iдэалёгiяў. Дж.Нэйсьбiт паказаў тут дзесяць глябальных, скрыжаваных тэндэнцыяў[76]. Яны замыкаюцца ў ператварэньнi iндустрыйных грамадзтваў у грамадзтвы iнфармацыйныя, замене цьвярдой тэхналёгii на мяккую, трансфармацыi нацыянальна-дзяржаўных эканомiк у глябальную эканомiку, ператварэньнi, у абсягу бiзнэсу, тактычнага плянаваньня ў плянаваньне стратэгiчнае. Цэнтралiзацыя сёньня выцясьняецца дэцэнтралiзацыйнымi працэсамi. У галiне аховы здароўя вiдаць, паводле Нэйсьбiта, ператварэньне iнстытуцыяў аховы здароўя ва ўзаемадапамогу ды прафiляктыку, а таксама тарнаваньне неканвэнцыйнай мэдыцыны, а ў абсягу грамадзкiх узаемiнаў дагэтулешняя рэпрэзэнтатыўная дэмакратыя замяняецца дэмакратыяй удзельнiчаньня, тымчасам як гiерархiчныя сыстэмы адмяняюцца ў сетку раўнапраўных сеткаватых сувязяў, або, iнакш кажучы, у шматузроўневыя сыстэмы. Зьмене падлягае таксама i кiрунак цывiлiзацыйнага ўплыву. Дамiнуючая дагэтуль Поўнач саступае на карысьць Поўдню, а дачыненьнi тыпу: «або-або» замяняюцца разнароднасьцяй i плюралiзмам, дзе магчыма коэкзыстэнцыя ўзаемавыключальных дагэтуль станаў. Дагэтулешнiя, iнстытуцыялiзаваныя, не абапёртыя на пачуцьцi, мiжчалавечыя ўзаемiны замяняюцца эмацыйнай лучнасьцяй, дарма што часта нефармальнай (зьмяненьне дэфiнiцыi сям’i). Таму праца перастае быць сынонiмам этату, якi — замiж выкананьня канкрэтнага заданьня — патрабуе дысцыплiнаванага праводжаньня пэўнага лiку гадзiнаў на рабочым месцы.
Гэтыя магчымасьцi, выражаныя пры дапамозе перакананьняў, што ўтварае сфэру, названую мной прагматычна-жыцьцёвым блёкам, выразьлiва суадносяцца з тым, што Капра акрэсьлiваў як вынiкi палажэньняў агульнай канцэпцыi сапраўднасьцi, якая, паводле яго, фармуе рэальны сьвет iзноў i наноў. Змушае задумацца, аднак, тое, што Нэйсьбiт нават не наблiжаецца да канструкцыi падобнай анталёгii. Гэта, як я мяркую, адбываецца не з прычыны нейкай мэтадалягiчнай асьцярогi, а таму, што гэта яму папросту непатрэбна, паколькi ён карыстае, як i апiсаныя iм чалавечыя суб’екты, зь невэрбалiзаванай веды, канцэптуальна нелякалiзаванай. Тут непатрэбна iх «прыгадваньне» ў выглядзе «асьвяжальнай» iдэалёгii, паколькi яны ажыцьцяўляюцца звычайным чынам. Як i аўтэнтычна верачы каталiк не павiнен прыгадваць сабе асноваў веры, каб у штодзённым жыцьцi паводзiць сябе якраз як каталiк; сваю веру ён сьведчыць праз учынкi.
Загэтым узьнiкае ключавое пытаньне гэтага тэксту: скуль бярэцца месца на розныя iдэалягiчныя варыянты постмадэрнiзму, якiя вызначаюцца пэўнымi нязьменнымi элемэнтамi, дарма што рысы сапраўднасьцi, на якiя паклiкаюцца гэтыя iдэалёгii, можна выявiць незалежна ад iх? Таму падаецца, што праявай замацаваньня вартасьцяў у чалавечай сьвядомасьцi ёсьць не абвешчаныя сьветаглядныя дэклярацыi, а звычны штодзённы побыт. Дзеля гэтага неабавязкова iх несупынна прыгадваць. Iндывiд неяк з досьведу, у пэўным сэнсе безрэфлексійна, паводзiць сябе згодна з мадэляй лiбэральных вартасьцяў. У вынiку гэтага iдэалягiчная прастора стаецца нейкай «пустой». Яна можа напоўнiцца перакананьнямi, адрознымi ад тых, якiя вызначаюць мадэль iнтэрыязаваных i неўсьвядомленых вартасьцяў. Аднак не якiмi-небудзь, а такiмi, якiя апэлююць да гэтых «досьведных» паводзiнаў. У адносiнах да iх яны, аднак, не выконваюць тлумачальнай ролi. На самой рэчы гэтыя паводзiны вытлумачвае iхная практычная дзейснасьць. Гэта, iнакш кажучы, заграбаньне пад сябе «чужых» пладоў, якое павiнна служыць даацэнцы таго, хто заграбае. Дзейснасьць намовiнаў абумоўлiвае выкананьне пэўных «фармальных» варункаў. Злучаныя з практыкай iдэалёгii павiнны характарызавацца такой ступеньню агульнасьцi, каб немагчымым сталася, прынамсi ў беспасярэдняй часавай пэрспэктыве, выяўленьне iх неспалучальнасьцi з сфэрай, якая злучана зь iмi. Яны ня маюць — наўсуперак дэклярацыям — беспасярэдне анталягiчнага характару, i таму не становяць сабой выяўленьня ясна акрэсьленых канчальных вартасьцяў, за якiмi канчаецца поле рацыяналiзму. Яны становяць сабой, нягледзячы на пабытовыя стылiзацыi, злучво iнструмэнтальных (пад)вартасьцяў. Замаскаваньне iхнай фактычнай канцэпцыi сьвету паспрыяла таму, што iхнае канкрэтнае ўвасабленьне — постмадэрнiзм — выяўляецца на першы пагляд як плынь, якая ня мае нiчога супольнага зь левымi iдэалёгiямi. Адылi якраз на пабытовым роўнi назiраецца поўнае супадзеньне. Бо тут асноўным анталягiчным тыпам ёсьць т.зв. дыстрыбутыўная сукупнасьць (мова, грамадзтва, космас i г.д.). Ён утварае асновы схемы, зь якой паходзяць iнструмэнтальныя (пад)вартасьцi, што загадваюць разглядаць зьявы цi паводзiны ў пэрспэктыве цэлага або спасьцiгаць iндывiдуумаў ня ў пляне iхных своеасаблiвых, непаўторных рысаў, а ў пляне свомасьцяў, што паўтараюцца ў кожнага iндывiдуума. Крытэры «складваньня» ў сукупнасьцi — гэтыя iнструмэнтальныя вартасьцi — могуць быць разнароднымi i вызначанымi па-за элемэнтамi, што ўваходзяць у сукупнасьцi. Iх выражаюць правiлы канструкцыi, узьнiклыя дзякуючы рознага роду тэарэтычным праекцыям. Аднак, калi затрымацца толькi на фармальнай структуры палажэньняў, зь якiх павiнны вынiкаць трапна апiсаныя дабрадзействы сучаснасьцi, то аказваецца, што яна аналягiчная з кагнiтыўнымi схемамi, адпаведнiкам якiх ёсьць т.зв. гiстарычныя непазьбежнасьцi гiстарычна-дыялектычнага (а таксама папулярнага ў колах польскiх iнтэлектуалаў не-марксiцкага гiстарычнага матэрыялiзму). Я не хачу тут сказаць, што постмадэрнiсты — гэта марксiсты sensu stricto, але наадварот, што марксiзм — гэта постмадэрнiзм. Таму i канчальныя вынiкi постмадэрнiзму (ня толькi пазнавальныя, паколькi тэорыi не функцыянуюць у вакууме) могуць зыходзiцца з рэальна перажытымi эфэктамi рэалiзацыi левых утопiяў[77]. Сыстэма мысьленьня, што складае аснову постмадэрнiзму, iдэнтычная з iдэалягiчным фундамэнтам марксiзму i ягонай спакмянёвай «эманацыi» — камунiстычнымi гаспадаркамi. Iхныя злавесныя насьледкi ня маюць нiчога супольнага з дабрадзействамi цывiлiзацыi, якiя постмадэрнiзм прыпiсвае сабе. Тут няважна, цi зьмешчаныя ў сукупнасьцi сапраўды iсныя элемэнты. Яна можа быць пустой i абстрактнай, маючы — у спакмянёва-грамадзкай iнтэрпрэтацыi — характар утопii. Вырашальным ёсьць нутранае i вышэйпаложанае, што да сукупнасьцi, правiла ягонай канструкцыi (што б там ні гаварылi пра дэканструкцыю, або пра немагчымасьць укладаньня элемэнтаў у сукупнасьцi).
У гэтым кантэксьце постмадэрнiзм падаецца ўвасабленьнем левых i ўтапiйных канцэпцыяў сьвету i датарнаваньнем iх да ўзьнiклых незалежна варункаў. Ён пагражае рэалiзацыi лiбэральнай мадэлi дзякуючы пастуляваньню анархii, дэканструкцыi, i ў iстоце сам ёсьць дэструкцыяй. Гэта цягне за сабой ня толькi ўзгляднасьць вартасьцяў, але i iхную роўнавялiкасьць. Такая дэвальвацыя прыводзiць да дэсакралiзацыi чалавечага жыцьця i да прымату сфэры profanum. Я мяркую, што нiжэйзьмешчаная прыпавесьць Мiлана Кундэры выяўляе дух i вынiкi постмадэрнiсцкiх канцэпцыяў. Бо ён апавёў наступнае: «Пэўнага дня адзiн вялiкi чалавек дайшоў да высновы, што цягам тысячаў гадоў мова музыкi вычарпала сябе i ня зможа ўжо нiчога больш, як толькi паўтараць адны i тыя ж камбiнацыi нотаў. Рэвалюцыйным дэкрэтам ён зьлiквiдаваў гiерархiю гукаў i зрабiў iх усiх роўнымi. Ён увёў для iх суровую дысцыплiну, каб нiводны не выступаў у творы часьцей, чымся iншыя, i каб такiм чынам не ўзурпаваў старых, фэўдальных прывiлеяў. Каралеўскiя двары былi раз i назаўсёды скасаваныя, а на iх месцы ўзьнiкла рэспублiка роўных пад назвай дадэкафонiя. [...] У часы, калi Арнольд Шонбэрг засноўваў сваё гаспадарства дадэкафонii, музыка была багацейшай, чымся раней, i ўпоеная собскай свабодай. Нiкому нават ня сьнiлася, што канец можа быць так блiзка. Нiякай стомленасьцi! Нiякага заняпаду! Шонбэрг дзеяў з надзвычай малайчыкаватым духам адвагi. Яго перапаўняла абгрунтаваная пыха, што адзiны сiг, якi вядзе наперад, выпала зрабiць якраз яму. Гiсторыя музыкi скончылася ў росквiце адвагi i прагненьня. [...]». Падобная дэканструкцыя, блiзкая постмадэрнiсцкiм пастулятам, прыводзiць да барбарства, таму што: «Iснуе нейкi спачатны стан музыкi, стан, папярэднi ейнай гiсторыi, стан перад першым стаўляньнем пытаньня, перад роздумам, перад пачаткам гульнi з матывам i тэмай. У гэтым першапачатковым стане музыкi (музыка бяз думкi) выяўляецца субстанцыянальная дурнота чалавечага быцьця. Толькi надзвычайным намаганьнем сэрца i духу музыка ўзьнеслася над гэтай субстанцыянальнай дурнотай. [...] Музыка павярнулася да сваёй першапачатковай стадыi. Гэта стан пасьля апошняга стаўляньня пытаньня, стан пасьля апошняга роздуму, стан пасьля гiсторыi»[78].
74
F.Capra, The Tao of Physics, London 1985. Punkt zwrotny, tіum. Ewa Woydyłło, Warszawa, 1987.
77
Роднаснасьць памiж марксiзмам i постмадэрнiзмам вiдавочная ня толькi ў iхных фармальных структурах, а назiраецца i наўпрост. Гэтыя дэклярацыi можна сустрэць у постмадэрнiстаў мiжволi, такiх як Эрых Фром, а таксама ў «чыстых» прадстаўнiкоў гэтай плынi. Напрыклад Ж.Ф.Льётар недвухзначна гаворыць наступнае: «Што да камунiстычных iдэалаў, заняпад iх вiдавочны [...] альтэрнатыва бясклясавага грамадзтва зьнiкла [...] з чым цяжка замiрыцца». Вынiкам такой пазыцыi ёсьць напаўненьне капiталiзму ўсiмi грахамi сучаснасьцi, паколькi «лiбэральны капiталiзм — творца нястачы ў сусьветным маштабе». Гэты ляпсус, свомы i для агульнапрынятага левага мысьленьня, трэба ня толькi падкрэсьлiць, але i зьняпраўдзiць. Нястача ўсюдых там, дзе лiбэралiзм выцесьнены ў вынiку «iмпарту» рэвалюцыi i камунiстычнай iдэалёгii. Этыёпiя, Самалi, Камбоджа — пералiчым толькi тыя прыклады заняпаду ў вынiку спробаў «пабудовы» новага тыпу грамадзтва, якiя адразу прыходзяць да галавы. Тэзы Льётара адваротныя фактычнаму стану. Каб неяк замаскаваць гэта, ён гаворыць, што ў канцавым выніку ўва ўсiм вiнаватыя цыклiсты, паколькi тое, «што прывяло сучаснасьць да згубы», — гэта «навукова-тэхнiчнае разьвiцьцё». (Ж.Ф. Льётар, «Вяртаньне да постсучаснасьцi».)
78
M.Kundera, Księgi śmiechu i zapomnienia. tłum. Andrzej Jagodziński, Warszawa, 1993, s. 181–183.