Наш адказ на гэта пытаньне будзе такім: даступнасьць яго кніг, якія выдаюцца вялікімі тыражамі і перакладзены на дзясяткі моваў, існаваньне вялікай крытычнай літаратуры аб ім, факт прыналежнасьці Лема да ліку тых пісьменьнікаў, якія абавязкова згадваюцца ўва ўсіх выданьнях, прысьвечаных SF як жанру, унівэрсальнасьць разгляданых ім пытаньняў, што робіць Лема ня толькі цікавым, але і зразумелым для чытачоў з розных краінаў сьвету, і, нарэшце, авалоданьне Лемам амаль усімі жанрамі «вялікай» апавядальнай літаратуры: аўтабіяграфіяй, навуковай эсэістыкай, тэарэтычна-літаратуразнаўчым нарысам, дэтэктыўным раманам.
Якраз гэта і робіць магчымым шлях у кірунку да Лема.
Чэслаў Мілаш*
(Пра Юзафа Мацкевіча)
Прушыньскі, Івашкевіч. А цяпер да мяне ў думках прыходзіць і зусім адрозны ад іх чалавек і пісьменьнік, Юзаф Мацкевіч. Да вайны ён быў супрацоўнікам віленскага «Słowa», рэдактар якога, ягоны брат, Станіслаў Мацкевіч, рабіў шмат шуму, палемізаваў артыкуламі, займаўся палітыкай, біўся ў двубоях (на шаблях), за апазыцыйнасьць лучыў у лягер у Бярозе Картускай. А Юзаф сядзеў недзе ў рэдакцыі, і больш пра яго нічога не было вядома. Пазьней усё перамянілася. Станіслаў у гісторыі польскага прыгожага пісьменства застаўся публіцыстым, а Юзаф — раманістым.
Юзаф Мацкевіч у 1938 годзе выдаў «Бунт тваняў». Гэта былі ягоныя рэпартажы зь Віленшчыны, зьбертыя ў падарожжах на аўтобусе і на конным вазку па дарогах Беларусі. Калі я цяпер у Каліфорніі разважаю аб гэнай краіне, яна падаецца мне захапляльнай, з рэдкім багацьцем пераплеценых нацыянальных, канфэсійных, клясавых стыхій, а гэтаксама надзеленай багацьцем свае гісторыі. Я магу ацаніць гэта ўжо таму, што чытаў сёе-тое аб гісторыі калёній, напрыклад, карыбскіх абтокаў. Экзотыка, пальмы, трапічнае мора — і жуда поўнай гістарычнай пустэчы, хцівасьці, эксплюатацыі, пераважна крымінальная кроніка белых авантурнікаў і піратаў. Міжваенная Віленшчына, хоць шэрая, паміж сасновым лесам і тваньню, мусіла б і сваёй мінуўшчынай і цяпершчынай натхніць шмат пісьменьнікаў. Чамусьці тады іх не было. Напэўна, яны б зьявіліся, прамежак часу ў дваццаць гадоў проста закароткі. Апрача таго, існавалі перашкоды. Тыя, хто пісаў па-польску, расьлі ў традыцыях шляхецкага двору, і ім даводзілася б вырывацца з гэтай заклятай арбіты, каб пабачыць шырэйшую сапраўднасьць. Беларусы, зацыкленыя ў сваім нацыянальным супраціве, яшчэ нічога не дасягнулі, апрача паэзіі (Максім Танк); віленская група «Junge Wilno» таго ж пакаленьня і схільнасьцяў, што і «Żagary»[103], пісала на ідыш і была паэтычнай. Вільня дала славутага празаіка, Хаіма Градэ, храністага малых жыдоўскіх мястэчак Летувы і Беларусі, але ён атрымаў прызнаньне пасьля вайны, у Амэрыцы, як і Ісаак Башэвіс Зынгер.
Юзаф Мацкевіч у «Бунце тваняў» укладаў свае рэпартажы зь незалежнасьцю і непакорай, што неўзабаве спрычыніла яму адно няшчасьці. Ён выйшаў за звычную польскую арбіту і заміж двароў заняўся правінцыяй «тутэйшых», што ўдому гаварылі па-польску або па-беларуску, і, упаасобку, зьявай папулярных у гэтай правінцыі рэлігійных сэктаў, варожых як да каталіцызму, так і да праваслаўя. Гэтаксама ў кнігу патрапіла шмат штодзённасьці краю. Падобная Віленшчына паўстае ў рамане Флярыяна Чарнышэвіча «Chłopcy z Nowoszyszek», напісаным у Аргентыне. Ягонай галоўнай тэмай ёсьць сутыкненьне паміж каталікамі і праваслаўнымі, у абсягу адной і той жа вёскі, што азначала ня столькі выбар на карысьць польскай ці беларускай нацыянальнасьці, колькі дзяржаўны выбар за Польшчу або за Саветы. Як бы канчаткова сэктанцкая Віленшчына ўлілася ў гэты гармідар, мы ніколі не даведаемся.
Падчас маёй віленскай маладосьці я амаль зусім ня ведаў Юзафа Мацкевіча. Буркатлівы, з тых, чый крыху крывы нос заглядвае ў чарку, у фуражцы, часта ў палатняных строях і ў даўгіх ботах, ён выглядаў на шарачковага шляхціца проста зь вёскі. Ён любіў уночы выпіць у віленскіх рэстарацыях, як і іншы супрацоўнік «Słowa», Ежы Вышамірскі, але ў адваротнасьць ад яго, літаратурай не цікавіўся. А ўжо пра паэзію зь ім зусім не было сэнсу гаманіць. Хоць меў, здаецца, вялікую эрудыцыю ў нярэдкім у нас тады кірунку: у расійскай літаратуры дзевятнаццатага стагодзьдзя.
* * *
Я б ня змог уявіць яго як літаратара Варшавы або Кракава. Ён жыў у горадзе, які і надалей заставаўся для яго сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, і ён быў патрыётам гэтага краю. Я мяркую, што ўжо сёньня малодшым пакаленьням цяжка сабе ўявіць, пра які суплёт ляяльнасьці тут ішла гаворка і чаму такія, як ён, аднолькава варожа ставіліся як да польскіх патрыётаў, так і да патрыётаў летувіскіх або беларускіх. Нядаўна я ізноў перачытаў артыкулы і эсэ Мацкевіча, выдадзеныя ў Лёндане, дзе ён гаворыць аб «нутраным падзеле» Вялікага Княства, зьдзеяным палякамі, летувісамі і беларусамі. «Пераможца ўсіх не аб’явіўся. Папросту гэткага не было. Кожны хацеў толькі ўрваць для сябе кавалак». Я ўважаю яго за найбольш праўдалюбнага пісьменьніка і мяркую, што ён зусім не перабольшвае, калі піша: «Адсюль узьнікла спрэчка, якая перарасла ў адкрытую бойку за мову, за культуру, за традыцыю, інтэрпрэтацыю гісторыі, за рэлігію. Бойка адбывалася таксама і на кулакох, на аглоблях, на пісталетах, а напрыканцы, падчас апошняй вайны, на даносах у гестапа ці НКВД. Нянавісьць, паводле ўсіх законаў прыроды, нараджала нянавісьць».
Паводле Мацкевіча, польскі бок нясе можа найбольшую адказнасьць, бо «пераможцы ў бойцы за спадчыну ўсіх земляў Вялікага Княства» былі спольшчаныя і культурна, і палітычна, так што ўзьнікаючым нацыяналізмам яны ўзумелі супрацьставіць толькі польскі нацыяналізм. «У выніку яны апыніліся ў собскай краіне ў драматычнай сытуацыі прадстаўнікоў іншае дзяржавы, а адсюль да залічэньня іх у агенты чужога ўплыву абсалютнай бальшынёй жыхароў быў ужо толькі адзін крок».
Прыклад мае сям’і? Мой браценьнік Оскар Мілаш быў першым прадстаўніком незалежнае Летувы ў Парыжы, што для палякаў было раўназначна зрадзе. Бацькі мае матулі, Кунаты, былі ляяльнымі грамадзянамі Летувы польскае нацыянальнасьці, па-летувіску не гаварылі. Мая матуля мела два грамадзянствы, летувіскае і польскае, заўсёды залічала сябе да польскае нацыянальнасьці, летувіскую ведала слаба. Адылі ейная сястра гаварыла па-летувіску бегла. Мой бацька быў абвешчаны ў Летуве зраднікам з прыклёпу свае прыналежнасьці да POW[104]. Ён быў зьмешчаны ў чорным сьпісе, якім забараняўся ягоны ўезд у краіну свайго нараджэньня. Тым ня менш 17 верасьня 1939 году, калі яму ўдалося дабрацца да летувіскай мяжы зь мястэчка Глыбокае, дзе ён працаваў павятовым інжынэрам, летувісы праявілі да яго высакароднасьць, як і да мноства ўцекачоў з Польшчы, і нягледзячы на тое, што ведалі, кім ён ёсьць, упусьцілі яго ў Летуву. Там ён не перасьледаваўся за свае даўныя грахі.
На думку Мацкевіча, адзіным сьвядомым патрыётам Вялікага Княства быў Людвік Абрамовіч, рэдактар і выдавец «Przeglądu Wileńskiego». Ён выстаўляў прэтэнзію на поўную перамогу, пры поўным раўнапраўі народаў, што асяляюць гэтыя землі. Ягоная праграма розьнілася ад усіх фэдэрацыйных падумак, у тым ліку і ад фэдэралізму Пілсудзкага, бо яны кіраваліся перадусім польскімі інтарэсамі і шукалі выгадаў для Польшчы. З гэтай пэрспэктывы як аднабаковая адмова палякаў выконваць Сувальскі Трактат і захоп Вільні, так і фікцыйнасьць «Сярэдняй Літвы» клаліся цяжарам на плечы прыхільнікаў «ягелонскай ідэі». Ня ведаю, як Мацкевіч ставіўся да ксяндза Валяр’яна Мяйштовіча, які ўважаў Вялікае Княства за створ сваіх продкаў, амаль за собскасьць вялікапанскіх радоў і ўслаўляў патрыярхальныя стасункі паміж дваром і селаком. Відаць, ён залічаў яго да тых, «самазразумелая» польскасьць якіх несла адказнасьць за недавер да ідэі Хаўрусу з боку летувісаў і беларусаў, таму што яны нават з большай ахвотай мелі дачыненьні з адкрытымі нацыяналістымі.
* * *
Перадваенная Вільня вярнулася, калі я цяпер чытаў (у карэктуры) мэмуары Люсі С. Давідовіч «From That Place and Time». Узгадаваная ў Нью-Ёрку, яна правяла 1938–1939 год у Вільні, ажыцьцяўляючы дасьледаваньні ў тамашнім Жыдоўскім Навуковым Інстытуце. Гэта вельмі карысная кніга, бо яна нагадвае аб іншай важнай Вільні, жыдоўскія традыцыі якой здабылі ёй імя «Ерусаліму Поўначы». Збольшага трэцяя частка яе люднасьці мела няшмат супольнага зь дзяржавай, у якой яна апынілася, гаварыла на ідыш і часткова, у сваім верхнім слаі, па-расійску. Мэмуары Давідовіч, якая ня ведала польскай, закранаюць перадусім падзел на «мы» і «вы», а таксама перасьледы. Адзін зь ейных віленскіх прыяцеляў, журналісты, страціў вока падчас студэнцкіх антысэміцкіх забурэньняў у 1931 годзе (гэта я памятаю). Апошні перадваенны год азначыўся поўнай перамогай эндэцкай праграмы, увасобленай у жыцьцё OZON[105]: пікетаваньне жыдоўскіх крамаў, праекты закону, які забараняў бы рытуальныя забойствы, мноства распараджэньняў наконт прымусовай палянізацыі, і апрыч усяго гэтага антысэміцкая прапаганда, у якой супаравалі паміж сабой урадавая прэса і прэса пазьнейшага сьвятога, Айца Максыміліяна Кольбэ. Вільня, згодна з паведамленьнямі Давідовіч, была небясьпечным горадам: паўтараліся напады хуліганаў, узброеных палкамі, так што кожная сустрэча з маладымі палякамі пагражала зьбіцьцём. Давідовіч прызнае, жанкі і дзеці ня білі, што, аднак, не зьмяншала адмоўнага эфэкту гэткіх здарэньняў.
103
«Żagary» — літаратурнае згуртаваньне маладых польскіх пісьменьнікаў у Вільні, узьніклае наўкола часапісу з аднайменным найменьнем, заснаванага ў 1931 годзе. У якасьці назову згуртаваньня было выкарыстанае летувіскае слова, якое ў перакладзе азначае «сухое гальлё», «трусак». Сярод праграмных прынцыпаў дасьледнікі адзначаюць «антыэстэтызм», «нэасымбалізм», «поўную свабоду творчасьці». Да згуртаваньня ў розны час належалі Тэадор Буйніцкі (1907–1944), Ежы Загурскі (1907–1984), Ежы Путрамэнт (1910–1986), Аляксандар Рымкевіч (1913–1983) і сам аўтар дадзенага эсэ Чэслаў Мілаш.
104
POW — Polska Organizacja Wojskowa (Польская вайсковая арганізацыя). Тайная вайсковая арганізацыя, створаная зь ініцыятывы Ю. Пілсудзкага ў кастрычніку 1914 году ў Варшаве, якая аб’яднала «Polskie Drużyny Strzeleckie» і «Związek Strzelecki». Дзеяла ў Каралеўстве Польскім, пасьля таксама на Галіччыне, Украіне, Расіі, Летуве (гэтым і тлумачыцца рэзка адмоўнае стаўленьне новых летувіскіх уладаў да гэтага прапольскага ўтварэньня. Спачатна галоўнай мэтай POW было ажыцьцяўленьне выведча-дывэрсійнай дзейнасьці супраць Расіі; у 1915–1917 гг., пасьля нямецкай акупацыі Каралеўства Польскага, перайшла на напаўлегальны стан; у 1915 г. частка чальцоў POW уступіла ў I Брыгаду Легіёнаў Польскіх. Займала варожую пазыцыю да кастрычніцкага перавароту ў Расіі; удзельнічала ў перайманьні ўлады ў Галіччыне і раззбраеньні немцаў у Каралеўстве Польскім. Галоўнакамандуючы — Ю.Пілсудзкі, а пасьля ягонага арышту (ліпень 1917) — Э.Рыдз-Сьміглы.
105
OZON — Obóz Zjednoczenia Narodowego (Лягер нацыянальнага задзіночаньня) — польская cанацыйная палітычная арганізацыя. Існавала з 1937 па 1939 гг. Асноўнай мэтай абвяшчала спробу задзіночаньня элемэнтаў, што падтрымлівалі санацыю. Вызнавала лёзунгі мілітарызацыі краіны, засяроджаньня грамадзтва вакол войска і Э. Рыдз-Сьміглага.