Выбрать главу

Вынікам гэтага была спэцыфічная грамадзкая структура паасобных нацыянальных групаў. Тымчасам як пераважная бальшыня сельскага насельніцтва захоўвала свой першапачатковы, рускі характар — мала таго: колькасьць рускага сельскага насельніцтва нават расла, дзякуючы зрутэнізаваным польскім сялянам — то, наадварот, шляхта ставалася перадусім польскай, і ня толькі ў выніку наплыву шляхты з заходніх земляў, але і палянізацыі рускай і літоўскай шляхты. У гарадох сытуацыя была найбольш складанай. Тут, на ўсходніх тэрыторыях Рэчы Паспалітай, найбольшую групу, як правіла, складала жыдоўскае насельніцтва. Гэта асабліва тычыцца малых мястэчак. Апрача гэтага, значныя групы ў гарадох складалі палякі і русіны (украінцы і беларусы), у розных, зрэшты, прапорцыях. Таму, калі мы закранём месца народнай культуры, то варта памятаць аб тых нацыянальных адрозьненьнях, якія былі ўласьцівыя для гораду і вёскі, паколькі яны аказвалі ўплыў на характар культуры абодвух гэтых асяродзьдзяў. Варта таксама памятаць, што важным кампанэнтам культуры ўсходніх тэрыторыяў колішняй Рэчы Паспалітай была і шляхецкая культура; безь яе ўліку мы поўніцай не зразумеем культурных працэсаў, якія адбываліся на гэтых прасьцягах.

Нацыянальнасьць адрозьнівала насельніцтва, якое жыхарыла на ўсходніх прасьцягах Рэчы Паспалітай, але я мяркую, што прынамсі пачынаючы з XIV стагодзьдзя ў яшчэ большай ступені адрозную ролю выконвала рэлігія. На бальшыні рускіх тэрыторыяў Рэчы Паспалітай ня толькі падчас яе існаваньня, але і пасьля яе падзелаў нацыянальнасьць ідэнтыфікавалі з рэлігіяй. Рыма-каталік — гэта паляк, праваслаўны або грэка-каталік — гэта ўкраінец або беларус. Зрэшты, гэты стэрэатып функцыянуе да сёньняшняга дня.

Дыхатамічны падзел на каталікоў і праваслаўных быў на тэрыторыях Рэчы Паспалітай парушаны напрыканцы XVI стагодзьдзя ў выніку берасьцейскай уніі. Ацэнкі уніі і яе значэньня для ўкраінскай або беларускай нацыі зьмешчаны ў багатай літататуры, а выдадзеныя сёлета матэрыялы сэсіі, якая адбылася ў мінулым годзе ў Ягелонскім унівэрсытэце[114], яшчэ больш узбагацілі нашую веду ў гэтым абсягу. Гэта звальняе мяне ад больш дэталёвага разгляду гэтай праблемы. Я хацеў бы толькі зазначыць, што калі мы цікавімся пытаньнем узаемапранікненьня культураў, то унія тут мела вельмі істотнае значэньне. Але дагэтуль недаацэнена значэньне уніі для нацыяўтваральных працэсаў. Некалькі стагодзьдзяў існаваньня шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай прывялі да таго, што выразьлівы ў сярэднявеччы падзел на Польшчу — зьвязаную з заходнім культурным узорам, і Русь — якая прэзэнтуе ўсходні ўзор, у вялікай ступені страціў сваю вастрыню. У выніку ўзаемнага пранікненьня культур на прасьцягу адной дзяржавы адбылося збліжэньне, якое сьцірала выразьлівыя ўперад падзелы. Не падлягае сумлеву, што як і ў маштабе ўсёй Эўропы, так і ў выпадку нацыяў, што жылі ў Рэчы Паспалітай, уплыў заходняга культурнага ўзору быў больш магутны і спрычыніўся да выразьлівага набліжэньня рускіх земляў Рэчы Паспалітай да Захаду.

Такую ж ролю Польшча адыгрывала і ў дачыненьні да разьмешчанай далей на Усходзе Расіі. Перш як яна ў часы Пятра I навязала беспасярэдні кантакт з Заходняй Эўропай і наўпрост з такіх краінаў, як Прусія, Францыя, Англія або Галяндыя, пачала сіляць узоры культурных ператварэньняў, раней, у XVII стагодзьдзі, гэтую ролю адыгрывала Рэч Паспалітая. З аднаго боку, польская мова, польскія літаратурныя і культурныя здабыткі (якія, зрэшты, часта былі перакладамі на польскую мову заходняй літаратуры), адзеньне і польскія ўзвычаеньні былі распаўсюджаныя ў Расіі ў другой палове XVII стагодзьдзя, асабліва ў часы кіраваньня Сафіі і яе фаварыта Галіцына; з другога боку, культурныя ўзоры, выпрацаваныя ў кіеўскай Магілянскай Акадэміі, рэлігійныя канцэпцыі духавенства з Украіны і Беларусі ўплывалі на рэлігійныя, звычаёвыя і культурныя ператварэньні тагачаснай Расіі. Палітычны, эканамічны і культурны крызыс, які закране землі Рэчы Паспалітай напрыканцы XVII і ў першай палавіне XVIII стагодзьдзя, прывядзе да таго, што зварот да польскіх або заходнярускіх узораў страціць значэньне, а Расія навяжа кантакты з Захадам ужо без пасярэдніцтва Рэчы Паспалітай.

Гаворачы аб падзелах Эўропы, аб вялікіх і старадаўных рэгіёнах, якія разрозьніваюць наш кантынэнт, мы найчасьцей здавальняемся разгледжаным намі культурным падзелам на заходнюю і ўсходнюю, лацінскую і бізантыйскую Эўропу.

Гісторыкі, і ўпаасобку гісторыкі грамадзка-эканамічных дачыненьняў, выдатна ведаюць яшчэ і аб іншым падзеле Эўропы, які ўзьнік на рубяжы сярэднявечча і навейшых часоў і існуе ў прынцыпе дагэтуль, у дадатак узмоцнены яшчэ і палітычным ды эканамічным падзелам Эўропы з 1917 і 1945 году. Я маю на ўвазе падзел уздоўж ракі Лабы на заходнюю Эўропу — якая з XVI стагодзьдзя эвалюцыянуе ў бок капіталістычнай эканомікі, з імкліва разьвіванымі гарадамі, гандлем, рамёствамі і прамысловасьцю, з чыншавай гаспадаркай на сяле, а таксама на ўсходнюю Эўропу — якая перажывае г.зв. другаснае аднаўленьне прыгону, зь перавагай гаспадаркі, у аснову якой былі пакладзеныя паншчына і фальваркавая залежнасьць, са слабым разьвіцьцём прамысловасьці і гандлю, з паволі ўзьнікаючым унутраным рынкам. Гэтыя адрозьненьні эканамічных мадэляў усходняй і заходняй Эўропы і прывялі да глыбокай адметнасьці грамадзкай структуры ў абедзьвюх частках Эўропы. Тымчасам калі ў Заходняй Эўропе хутка расла заможнасьць, а дзякуючы гэтаму і палітычнае ды культурнае значэньне буржуазіі, на ўсходзе Эўропы ўлучна да ХХ стагодзьдзя дамінуючую ролю адыгрывалі вялікія земляўласьнікі. Іншым быў і лёс у абодвух рэгіёнах найбольш шматлікага да ХХ стагодзьдзя грамадзкага слою, якім зьяўлялася сялянства.

Рэч Паспалітая ў цэлым была разьмешчана ў так зразуметай усходняй Эўропе побач з такімі дзяржавамі, як Прусія, габсбурская манархія і расійская імпэрыя. Мала таго, можна сьмела сказаць, што Рэч Паспалітая прэзэнтавала нават ідэальны ўзор гэткай тэндэнцыі разьвіцьця. Якраз тут найраней пачала разьвівацца заснаваная на прыгоне фальваркавая гаспадарка, якая дастаўляла вялікую колькасьць прадуктаў на заходнеэўрапейскія рынкі і дзякуючы гэтаму забясьпечвала ўзрост багацьця магнатаў і польскай шляхты, прынамсі так доўга, як доўга існавала выгадная для сельскагаспадарчай вытворчасьці кан’юнктура, г.зн. да сярэдзіны XVII стагодзьдзя. Я мяркую, што паміж спэцыфічным рэспубліканскім ладам Рэчы Паспалітай, з дамінуючай роляй шляхты, абмежаванай манаршай уладай і заможнасьцю гэтага слою існавала беспасярэдняя сувязь.

Таму калі мы гаворым аб Эўропе і яе падзелах, аб месцы паасобных краін у гэтай Эўропе, мы павінны памятаць аб абодвух вялікіх гістарычных падзелах — і тым, які сфармаваўся ў раньнім сярэднявеччы ў выніку рэлігійнага падзелу, і тым, які пачаў функцыянаваць, пачынаючы з рубяжа сярэднявечча і навейшых часоў і сутнасьцю якога былі розныя шляхі эканамічнага і грамадзкага разьвіцьця.

Заняпад Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагодзьдзя прывёў да таго, што лёс паасобных земляў былой Рэчы Паспалітай склаўся па-рознаму. Гэта мела вялікі ўплыў як на далейшае разьвіцьцё грамадзка-гаспадарчых дачыненьняў, так і на разьвіцьцё культуры — у залежнасьці ад палітычнай кан’юнктуры дадзенай тэрыторыі. Ніводная з нацыяў, якія жылі ў Рэчы Паспалітай, не атрымала дзякуючы падзелам незалежнасьці, а дзьве найвялікшыя, г.зн. польская і ўкраінская, былі падзеленыя паміж некалькімі дзяржаўнымі арганізмамі.

вернуться

114

S.P.Hintington, Wojna cywilizacji? «Res Publica Nowa», 1994, № 2, s. 72 (першапублікацыя ў «Foreign Affairs», Summer, 1993).