Па ўсходнім баку застаюцца дзьве балканскія краіны ды рэспублікі цяперашняй СНД. Некаторыя зь іх не праводзяць рэформаў блізу зусім — як Беларусь, іншыя робяць гэта ў ступені, значна меншай за краіны «заходняй групы» — напрыклад, Баўгарыя і Румынія, нягледзячы на пэўныя эканамічныя посьпехі апошняй. Мадэрнізацыя сыстэмы палітычнага ўладкаваньня зьдзяйсьняецца там яшчэ больш павольна. Гэтыя краіны зьмешчаныя на горшых пазыцыях у табэлі эканамічнай рызыкі інвэставаньня, яны больш карумпаваныя, напару з амаль выяўна функцыянуючымі мафійнымі структурамі, нярэдка зь неадладжаным гандлем. Частка зь іх настроена выяўна больш прарасійска, чымся праэўрапейска (Беларусь, значная частка грамадзтва ўсходняй і сярэдняй Украіны, завіслая — пазыцыяй сваіх грамадзян — паміж Расіяй і Захадам Баўгарыя). Адно Румынія вэрбальна адназначна празаходняя.
Вышэйапісаная мяжа збольшага супадае зь лініямі, праведзенымі шматлікімі дасьледнікамі гісторыі гэтай часткі нашага кантынэнту, паводле якіх вылучаюцца два блізкія паміж сабой культурныя колы, якія былі разарваны ў часы сацыялізму і якія ажываюць цяпер. Сэмуэль П. Хантынгтан праводзіць лінію, што цягнецца з поўначы на поўдзень кантынэнту і вылучае абедзьве часткі Эўропы, пачынаючы зь мяжы Фінляндыі з Расіяй і канчаючы на мяжы паміж Харваччынай і Славеніяй ды засталай часткай колішняй Югаславіі. «Народы, што знаходзяцца на поўнач і захад ад гэтай лініі, — заўважае гарвардзкі палітоляг, — гэта пратэстанты або каталікі. Гэтыя народы падзяляе супольны досьвед эўрапейскай гісторыі — фэўдалізм, рэнэсанс, рэфармацыя, асьветніцтва, француская рэвалюцыя, прамысловая рэвалюцыя. Наагул яны знаходзяцца ў лепшай эканамічнай сытуацыі, чымся народы з усходу, і могуць чакаць хутчэйшага ўлучэньня ў эўрапейскую эканоміку, а таксама больш саліднай пабудовы дэмакратычнай сыстэмы. Народы, што знаходзяцца на ўсход або на поўдзень ад гэнай памежнай лініі, — праваслаўныя альбо мусульманскія, яны гістарычна належалі да атаманскай імпэрыі або да імпэрыі расійскіх цароў, эўрапейскія працэсы закраналі іх адно нязначна і наагул яны ў горшай эканамічнай сытуацыі і значна менш праўдападобным падаецца разьвіцьцё ў іх стабільнай дэмакратычнай сыстэмы. Зялезную ідэалягічную заслону заступіла аксамітная культурная заслона — гэта цяпер найбольш значэнны падзел у Эўропе»[Unia brzeska: Geneza, dzieje i konsekwencje w kulturze narodów słowiańskich, praca zbiorowa pod red.: R. Luznego, F. Ziejki, A. Kępińskiego, Kraków, 1994.].
Аналягічна бачыць гэтыя межы Ален Бэзансон. На яго думку, каб не расійскія захопнікі і ня выхад з гульні Турэччыны, усходняя мяжа Эўропы супадала б зь межамі колішніх пруска-швэдзкай, польска-літоўскай і аўстра-вугорскай супольнасьцяў[115]. Захоп Расіяй беларуска-ўкраінскіх земляў, ліквідацыя уніі і ўводжаньне на яе месца праваслаўя перасунула межы так зразуметай Эўропы на некалькі сот кілямэтраў. Фармаваньне новых падзелаў, абумоўленых упаасобку магчымасьцяй уступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз, паводле межаў рэлігійнай прыналежнасьці занепакойвае некаторыя грамадзтвы, шмат інтэлектуалаў, а таксама палітыкаў. Назначаньне гэтых межаў наагул ня ёсьць вынікам бачаньня Эўропы ў катэгорыях рэлігійнай «лепшыні» або «гаршыні» Гэта вынікае не з sacrum, а з profanum, створаным чалавекам культурным абніцаваньнем асноўных праўдаў веры, з шматстагодняй традыцыі адметных грамадзкіх, палітычных, эканамічных практык, у под якіх лягла троху іншая сыстэма вартасьцяў, наагул сьвецкіх, хоць часам апэлюючых і да рэлігіі. Велізманы разрыў, які ўзьнік (і значна павялічваецца) цягам кароткага пэрыяду 90-ых гадоў паміж Беларусяй і Польшчай, змушае задумацца над прычынамі гэтай зьявы, адначасна прыгадваючы і словы Хантынгтана і Бэзансона.
Мяне асабліва цікавяць культурныя (і таксама вынікаючыя з формы грамадзкай структуры) перадумовы палітычных і эканамічных працэсаў, пошук адказу на пытаньне: ці існуюць і якія гэта дзейнікі, вызначэньне якіх прынамсі часткова парадкавала б часам ілюзорны хаос і ўяўную адвольнасьць рэакцыяў грамадзтваў Сярэдне-Ўсходняй Эўропы.
Узьнікненьне сваіх культур з традыцыі Рыму або Бізантыі злучана з адметным для паасобных краін гістарычным досьведам, што асабліва мадыфікуе іхную палітычную культуру. Баўгарыя і Румынія вельмі доўгі час паддаваліся турэцкім уплывам, Расія — мангольскім, а Ўкраіна і Беларусь — польскім, а пасьля расійскім. Значная частка Польшчы ў пэрыядзе акупацыі знаходзілася ў імпэрыі Раманавых.
У адваротнасьць ад хутчэй прагматычнай, рацыяналістычнай — хаця і інтэлектуалісцкай — а з часам і нават і матэрыялістычнай лацінскай Эўропы, праваслаўе ў сваім грамадзкім вымеры хутчэй сузіральнае, падаўкое на «нябеснае валадарства ідэі» (С.Булгакаў), яно напару набывае выгляд канкрэтных — і ўспрынятых вельмі эмацыйна — грамадзкіх канцэпцыяў. Усход, безумоўна, больш як Захад міталягізуе і ідэалізуе абкружаючую яго сапраўднасьць. У Расіі схільнасьць да дасягненьня ідэалу, прагненьне рэалізацыі высакародных мэтаў за любую цану, уважаючы вядучыя да іх сяродкі за нешта другараднае, выявілася ўва ўсталяваным бальшавікамі ладзе.
У Беларусі ўзаеміны паміж Царквой і дзяржавай вынікаюць — на ўзор Расіі — з падпарадкаваньня Царквы афіцыйнай уладзе, а ў апошнія гады — з апірышча дзяржавы на Царкву, вонкавага выкарыстаньня ейнай прысутнасьці, відарысу, атрыбутаў. У сэкулярызаванай Беларусі прэзыдэнт Лукашэнка падчас публічных урачыстасьцяў абкружае сябе высокімі праваслаўнымі дастойнікамі з запалам, роўным таму, зь якім ранейшыя валадары Беларусі кідалі іх у вязьніцы і высылалі на Калыму. Прысутнасьць Царквы ў публічным жыцьці ёсьць перадусім, згодна з традыцыяй, вынікам ейнага інструмэнтальнага трактаваньня чарговымі ўладамі, што адрозьнівае Беларусь ад партнэрска-суперніцкіх узаемінаў абедзьвюх інстытуцыяў у ейнага заходняга суседа.
Праваслаўныя грамадзтвы сфармавалі надзвычай слабыя структуры (пабудовы) сярэдняга ўзроўню, а наймя такія, якія б не былі зыніцыяваныя й кантраляваныя дзяржавай. Яны не стварылі магутных інстытуцыйных і неінстытуцыйных формаў супрацьдзеяньня дзяржаве, дэспатызму. Існую на ўзроўні групы актыўнасьць дзяржава ў ХХ стагодзьдзі была ў стане часткова зьнішчыць і часткова падпарадкаваць сабе. Гэтыя грамадзтвы не заснавалі мэханізмаў дэмакратычнай і аўтаномнай чыннасьці, абапёртай на актыўнасьці, якой сьцьвярджаецца незалежнасьць індывіда. Найчасьцей яна заставалася сам-насам з адміністрацыйным малохам дзяржавы. Грамадзтва й рэлігія былі нагэтулькі дужа злучаныя зь дзяржавай, што пасьля яны былі ня ў стане супрацьдзеяць ёй. У масавым маштабе ня ўзьніклі значэнныя формы абароны, прыклады паводзінаў і катэгорыі мысьленьня, якія б палегчылі перажыцьцё гэтага без блізу поўнай грамадзкай пакоры. Супраціў меў перадусім індывідуальны вымер, абапіраючыся ў гэтым на традыцыі праваслаўнай духовасьці.
Зразумела, што рэформы ў гэткага тыпу грамадзтвах, асабліва ўдалыя рэформы, зазвычай праводзіліся «згары». Грамадзтва было наагул надзвычай слабое, каб праводзіць собскія прапановы. Ягонае разьвіцьцё ў наступак грамадзкіх выбухаў і рэвалюцыяў, а не паступовай эвалюцыі, часта было вынікам адсутнасьці інстытуцыйных структур, якія б спрыялі распружаньню і былі б у стане рэалізоўваць памкненьні грамадзтва, эфэктыўна ўплываючы на дзейнасьць уладаў. Ажыцьцёўленыя ў Беларусі ў дзевяностых гадох сьціплыя захады, скіраваныя на пабудову гэткага тыпу інстытуцыйных струкгураў, былі зь цягам часу рэзка спыненыя, што часткова адбылося ў выніку рэакцыі на гэткага тыпу палітыку з боку бальшыні грамадзтва. Традыцыйнае для Ўсходу разьмеркаваньне ўлады ў грамадзтве (або таксама ўзглядам грамадзтва), якое ў грамадзкай сьвядомасьці выяўляецца ў тым ліку і ў рэзкім падзеле на «нас» і «іх», абцяжвае борздае рэагаваньне на грамадзкія пастуляты, а таксама паступовую эвалюцыю сыстэмы. У гэткага тыпу палітычнай сыстэме выбары ў фармальна прадстаўнічыя органы ўлады зазвычай азначаюць імклівае ўмацаваньне плебісцытных мэханізмаў.
115
A.Besanson, Wschodnie granice Europy, «Res Publica Nowa», 1996, № 1, s. 4 (першапублікацыя ў «Commentaire», № 71, восень 1995).