У Беларусі ўсьцяж няма грамадзкай клясы, якая б была зацікаўлена ў хуткай эканамічнай і палітычнай мадэрнізацыі краіны і якая б дамагалася вяршэнства закону, а не асабістай улады (накшталт добрага цара). Надзвычай востра адчуваецца адсутнасьць клясы, якая была б у стане пабудаваць незалежнае ад улады грамадзтва. «Палітычная свабода, — піша Яцак Курчэўскі, — патрабуе не таго, каб блізу ўсе працавалі на сваім, а таго, каб блізу ніхто не працаваў на дзяржаўным»[119]. Да так зразуметай свабоды беларусы цяпер не імкнуцца. Няма ў Беларусі буржуазіі — дарма што бальшыня ейных грамадзян — гэта жыхары гарадоў; няма таксама сярэдняй клясы — дарма што тут ёсьць нячысьлены слой заможных людзей. Бо сярэдняя кляса ў сваёй аснове незалежная ад дзяржаўных уладаў. «Сацыёлягі, — як адзначае Эдмунд Макжыцкі, — з вылучнай згодай акрэсьліваюць сярэднюю клясу як фундамэнт эканамічнага, грамадзкага й палітычнага ладу капіталізму»[120]. Паволі і зь велізманымі цяжкасьцямі яна ўтвараецца ў краінах Вышаградзкай Групы. У Беларусі супраць гэтага працэсу скіраваныя як улады, так і значная частка эгалітарна настроенага грамадзтва. Гэта выклікае небясьпеку выцясьненьня слою заможных людзей на пэрыфэрыю эканомікі й права, грамадзкай паталягізацыі й абмежаваньня магчымасьці эканамічнага ўзросту ды гаспадарчай трансфармацыі.
Усьцяж прысутныя катэгорыі мысьленьня ў сёньняшняй Сярэдне-Ўсходняй Эўропе ў значнай ступені паходзяць з ХІХ стагодзьдзя — стагодзьдзя нацыяў. Нацыя прыўнесла ў тагачасныя грамадзтвы сьцяг новых вартасьцяў, у тым ліку актывізм, здольнасьць да пэрспэктыўнага мысьленьня, надклясавы салідарызм. Нацыя была істотным носьбітам працэсаў мадэрнізацыі эўрапейскіх грамадзтваў. У Беларусі ейным носьбітам была ня нацыя, а сацыялізм. У выніку гэтага беларусы слабыя як на супольнасным узроўні — нацыі, так і на ідывідуальным. Яны не валодаюць ні спраўнай дзяржавай з разьвітымі прадстаўнічымі інстытуцыямі, ні сукупнай (што паходзіць з пачуцьця нацыянальнай супольнасьці) або індывідуальнай (узьніклай на капіталістычным Захадзе зь лібэралізму) воляй эфэктыўнага дзеяньня. Схільнасьці да мадэрнізацыі ўкарэненыя ў іх досыць слаба, яны ня маюць магутнага, эмацыйнага апірышча — якое палягчае ператрываньне сытуацыі грамадзкіх ломак — у якой-небудзь унівэрсальнай, ідэалягізаванай сыстэме вартасьцяў. Разам з сацыялізмам для беларусаў абрынуўся сьвет. Расійцы спрабуюць выкараскацца з гэтай сытуацыі дзякуючы нацыянальнай ідэі, элітарысцкім традыцыям. У Беларусі савецкая мэнтальнасьць не суіснавала з нацыянальнай сьвядомасьцю, а паўстала заміж яе. Якраз таму пасьля 1991 году (заняпаду СССР) зьявілася пустка, бездапаможнасьць і фрустрацыі, патрэба зварачацца да Масквы. Найнавейшыя (травень–чэрвень 1996 г.) дасьледаваньні ўяўленьняў аб ідэальным палітыку выявілі вялізную слабасьць беларускай гістарычнай сьвядомасьці, павярхоўнае разуменьне рынкавай эканомікі спасярод той меншыні беларускага грамадзтва, якая выказваецца за яе, і перадусім самазамыканьне ў расійска-савецкім культурна-палітычным коле. Першыя тры месцы занялі: Пётра Машэраў (былы першы сакратар ЦК КПБ), Пётра I і Леанід Брэжнеў[121].
Нацыі Сярэдне-Ўсходняй Эўропы фармаваліся перадусім шляхам вылучэньня зь вялікшых дзяржаўных арганізмаў, супрацьстаўляючы сябе іншым, змагаючыся з самаадданасьцяй і несучы ахвяры, што сталася істотным элемэнтам іх нацыянальнага пачуцьця, што дынамізавала іх грамадзкія паводзіны цягам усяго ХХ стагодзьдзя. Беларусы былі спабытыя гэтага. Яны валодаюць іншым успрыманьнем гістарычнага часу. Тут цікавым можа быць прыраўнаньне гісторыі Беларусі й Славаччыны ХХ стагодзьдзя. У момант заканчэньня першай сусьветнай вайны гэта былі блізу зусім сялянскія грамадзтвы, з слабой нацыянальнай сьвядомасьцяй, зь нешматлікай собскай нацыянальнай інтэлігенцыяй. У гэтым сэнсе яны істотна ня розьніліся паміж сабой. Сёньня, пасьля амаль семдзесяцёх гадоў зьвязу славакаў з чэхамі, а беларусаў з расійцамі (абмінаючы царскую эпоху), розьніца паміж імі ў пляне ўзроўню нацыянальнага ўсьведамленьня велічэзная.
У Польшчы (а таксама ў Вугоршчыне, у Чэхіі і Славаччыне) прыняцьцё пасьля 1989 году пракапіталістычнай і прадэмакратычнай мадэлі разьвіцьця вынікала перадусім з традыцыйна празаходніх настрояў у грамадзтве. І, па-другое, з глыбака ўкарэненага пачуцьця культурнай прыналежнасьці да заходняй цывілізацыі — бо ў Польшчы не існавала як сярэдняя кляса, так і собская буржуазія. У Беларусі пачуцьцё прыналежнасьці да шырака, культурна зразуметага Захаду вельмі — пад уплывам Расіі — слабое. Маладая нямецкая журналістка Астрыд Лёрэнц, якая стажавалася ў Менску, піша аб беларускай прэсе:
«У ёй вымалёўваецца тандэтны, павярхоўны, прагны да сэнсацыяў і наагул благі Захад, і, з другога боку, — глыбокага розуму, добры Ўсход»[122]. Аднак калі сукупнасьць вартасьцяў, свомых расійскай культуры, глыбака ўкарэненая ў расійскім грамадзтве, то стаўленьне беларусаў да рэлігіі (праваслаўя), мовы, дзяржавы, значнай часткі культуры іншае, баржджэй звычаёвае, чымся эмацыйнае. Яны не ўмацаваліся так глыбака ў псыхіцы беларусаў і падлягалі частым зьменам. Таму падаўкосьць беларусаў на зьмены палітычнай, культурнай арыентацыі можа быць і большай. Яна вынікае з значна большай, чымся ў Расіі, гатовасьці падпарадкоўваць гэтую сфэру собскім эканамічным інтарэсам (незалежна ад таго, наколькі яны абгрунтаваныя).
Эўропа, што знаходзіцца па ўсходняй лініі, праведзенай С.П. Хантынгтанам, іншая й мае поўнае права на захаваньне сваёй іншасьці. Але гэта не азначае, нібыта гэтая адметнасьць была нададзена ёй раз і назаўсёды. Прасьцінак эвалюцыі гэтых грамадзтваў залежыць ад іх самых. Істотныя зьмены патрабуюць часу. Як капіталізм, так і дэмакратыя ў сваёй сучаснай вэрсіі былі пабудаваныя на Захадзе. У іх подзе ляжыць сукупнасьць канкрэтных вартасьцяў. Значная частка сёньняшняга сьвету мае дужыя цяжкасьці з прытарнаваньнем сябе да іх, іхнай творчай адаптацыяй. Апошнія дзесяцігодзьдзі паказваюць, што ў гэтым, аднак, няма нічога немагчымага.
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
*Рышард Радзік — польскі сацыёляг. Працуе ў Інстытуце сацыялёгіі мэдыцыны і сям’і, займаецца сацыялёгіяй нацыі, нацыятворчымі працэсамі ў Сярэдняй Эўропе — асабліва ў Беларусі і Ўкраіне. Выкладае ўва ўнівэрсытэце Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне.
Апошнія публікацыі Рышарда Радзіка: «Świadomość społeczna Białorusinów» (Polityka Wschodnia, № 2, 1997), «Ruski i Pan — asymetria stereotypu» (Więź, wrzesień, 1997).
У рэцэнзіі на кнігу Антаніны Класкоўскай «Kultury narodowe u korzeni» (PWN, Warszawa, 1996) пад назовам «Naród i kultura» Радзік пісаў: «Вызукаваных украінцаў характарызавала вялікая ступень нацыянальнай самасьвядомасьці (часта адназначныя выказваньні наконт сваёй украінскасьці), зьвязаная зь ёй эмацыянальнасьць, а таксама актыўнасьць, схільнасьць да стэрэатыпаў і сувязь з фальклёрам. Іх ідэалягічная радзіма — гэта «прымроеная Ўкраіна», якая сярод узгадаваных у Польшчы ўкраінцаў не знаходзіць пацьверджаньня ў кіеўскіх рэаліях саветызаванага грамадзтва. Сярод жа беларусаў зафіксаваная выразьлівая нястача «аналягічнай візіі вялікай радзімы, уяўленай нацыянальнай супольнасьці. У гэтай групе няма прымроенай Беларусі, ёсьць толькі малая лякальная радзіма, тутэйшая зямля — рэгіён ці нават родная вёска»... Без сумлеву, адной з прычынаў гэткага стану рэчаў ёсьць расчараваньне, якое прынесла польскім беларусам сваім узроўнем эканамічнай актыўнасьці і палітычнай культуры незалежная Беларусь. У адваротнасьць ад тых жыхароў Сылезіі, якія чуюцца немцамі і могуць ганарыцца дасягненьнямі Нямеччыны, беларускія рэаліі адштурхоўваюць ад іх праваслаўных насельнікаў Беласточчыны. У Менску яны чуюцца чужымі. У адрозьненьне ад украінцаў толькі невялікая колькасьць беларусаў троху ведала сваю нацыянальную літаратуру і гісторыю. Ад украінцаў іх таксама адрозьнівала адсутнасьць моцна ўкарэненага перакананьня ў вартасьці сваёй культуры...»
Артыкул «Беларусь і Сярэдне-Ўсходняя Эўропа. Культурныя перадумовы палітычна-эканамічных ператварэньняў» быў напісаны ў 1996 годзе.