Пераклад зьдзейсьнены з ласкавай згоды аўтара.
Тадэвуш Славэк*
Vive la differAnce
Кансэрваторыя дэканструкцыi
Broken voices on broken phones... Bob Dylan. «Everything Is Broken».
Пачнем з абмылу, зь неiстотнай насамрэч перастаноўкi лiтараў: замiж прадугледжанага традыцыяй навуковых канфэрэнцыяў i раней абвешчанага да праграмы люблiнскай сэсii тэрмiну «konwersatorium» («сумоўе». — Зацем перакладнiка.) зьявiлася iншае, хоць i надзвычай падобнае (як цень падобны да спакмяня, адбiткам якога ён ёсьць), вызначэньне — «konserwatorium», «кансэрваторыя»[123]. Таму запытаемся пра тое, што выявiлася дзякуючы гэнаму (ненаўмыснаму) зруху лiтараў, што вынiкае зь несубардынацыi ўзглядам спадзяванага парадку абмену думкамi («konWERSatorium») i што ўрэшце недысцыплiнавана перасоўвае гэны абмен на эстэтычную плашчыню i — як абачым пасьлей — батанiчную («konSERWatorium»). Таму нашыя разважаньнi будуць датычыць як характару гуманiтарнага дыскурсу, так i ягонай грамадзкай рамы.
Адначасна трэба памятаць, што, «пачынаючы з абмылу», мы ў iсьце нiчога не «пачынаем», паколькi знаходзiмся ўжо ў самым цэнтры асэнсоўванай матэрыi. Бо абмыл абумоўлiвае iснаваньне папярэдняй яму «правiльнай формы», на фоне якой нейкi зрух можа быць ацэнены як абмыльны. Апрача гэтага, «konSERWatorium» ня ёсьць сама зь сябе абмыльнай формай, а пэўныя падазроны ў гэтым прасьцiнку матываваныя кантэкстам, у якiм гэны тэрмiн выступае («навуковая канфэрэнцыя»), а таксама блiзiнёй слова «konWERSatorium», больш iмавернага ў сытуацыi канфэрэнцыi.
* * *
Дэрыда ў «Positions» акрэсьлiвае дэканструкцыi (мы сумысьля ўжываем множны лiк, хоць сам аўтар тады яшчэ выслаўляўся ў адзiночным лiку, але думка Дэрыды эвалюцыянуе ад тэрмiну «дэканструкцыя» як назвы пэўнай фiлязафiчнай плынi, дзе ён мусiць выступаць у адзiночным лiку, да «дэканструкцыяў» як iнтэрпрэтацыйных стратэгiяў, дзе, у сваю чаргу, магчымы адно множны лiк[124] як эфэкт трох iнсьпiрацыяў: нiцшэанскай, фройдаўскай i гайдэгераўскай[125]. Прынамсі ў двух першых роля «абмылу» i «памылкi» надзвычай iстотная (дый Гайдэгер аргумэнтаваў ва «Ўводзiнах у мэтафiзыку», што доля фiлязофii Захаду прыняла такую, а ня iншую хаду ў сувязi з «памылковым» перакладам грэцкага пайма physis на лацiнскае natura, а таксама з абмыльным атаесамленьнем позьнягрэцкай думкай лёгасу з iдэяй); дадамо, што Дэрыда старанна выкарыстоўваў гэную ролю пры (дэ)канструкцыi пайма differance, да якога нам давядзецца яшчэ вярнуцца.
* * *
Нiцшэ, паддаючы аснаватворнай крытыцы мысьленьне Захаду, мусiць зьмясьцiць «абмыл» у под сваёй фiлязофii. Гэтта ня йдзецца аб тых цi iншых «абмыльных» думальных мерапрыемствах, якiя могуць быць вэрыфiкаваныя i «заклiканыя да парадку» пры дапамозе нязьменна абавязваючай праўды. У Нiцшэ нават «праўда» — толькi адмысловая выява «абмылу». Тое, што ў раньняй працы «Радзiны трагедыi» называецца «дыянiсiйскай стыхiяй» i характэрнай рысай чаго ёсьць «упаеньне»[126] (Rausch), у пазьнейшых зацемах набудзе выгляд «дыянiсiйскага iдэалу», абапёртага на поймах «магуты» (Macht) i «абмылу» (Irrtum): «Мой дыянiсiйскi iдэал... Оптыка ўсiх арганiчных функцыяў, усiх наймагутнейшых жыцьцёвых iнстынктаў: магута, што прагне абмылу ва ўсiм жыцьцi; абмыл як перадумова нават мысьленьня (der Irrtum ist die Voraussetzung des Erkennens)»[127].
У «Вясёлай навуцы» гiсторыя чалавецтва зводзiцца да чатырох абмылаў, што замыкаюцца ў «недасканалым бачаньнi» (er sah sich nur unvollstandig) чалавечага суб’екта, якi ў сувязi з гэтым прыпiсаў сабе «выдуманыя свомасьцi» (erdichtete Eigenschaften) i зьмясьцiў сябе ў незаслужана прывiлеяваную пазыцыю (in einer falscher Rangordnung) да прыроды, а створаныя сабой i зьменлiвыя гiстарычныя законы (Guttertafeln) ён уважаў за вечныя[128]. Такiя фармулёўкi справядлiвыя i для думкi самога Нiцшэ, якi сваю фiлязофiю трактуе як аб’яўленьне ня «праўды», а «магуты», сьмерць жа Бога, абвешчаная ў 125 афарызьме «Вясёлай навукi», трактуецца як стварэньне месца, на якiм бы магла весьцiся несупынная барацьба iнтэрпрэтацыяў. У гэтым значэньнi сьмерць Бога ёсьць найвышэйшай формай абмылу, паколькi (1) ён даводзiць, што Бог ня быў тым, за каго мы яго ўважалi, i таму (2) паказвае на Бога як на «абмыльнае» быцьцё, магута якога (3) замыкаецца якраз на ўвыразьненьнi собскай «абмыльнасьцi» дзякуючы немiнучай, не выпакутаванай Уваскрошаньнем сьмерцi. Сьмерць Бога не адмаўляе, зрэшты, магчымасьцi веры, якраз наадварот, яна робiць гэтую веру праўдзiвай або «абмыльнай» вартасьцяй, паколькi — як пытаецца Нiцшэ ў сваiх запiсах — хiба ў Бога вераць не таму, што ён непраўдзiвы, а таму, што ён фальшывы?[129] Памерлы Бог або Бог як адмысловая выява абмылу не перастае быць iнстанцыяй, што фармуе жыцьцё? Хоць Нiцшэ ня згадвае Бога спасярод тых поймаў, безь якiх нiхто цяпер ня змог бы жыць[130], але паколькi ён зьмяшчае спасярод iх целы, лiнii, плашчынi, прычыны i насьледкi, а таксама iншыя артыкулы веры, то можна прыпушчаць, што Бог — трактаваны як Стваральнік усяго бытуючага i ўладарных над iм законаў — ёсьць як бы «зборным» паймом, вышэйпаложаным да ўсiх iншых i таму тым больш належным да рэестру рэчаў, што робяць жыцьцё «зносным». I калi Нiцшэ канчае свой афарызм сьцьвярджэньнем, што яны (вышменаваныя поймы. — Т.С.) дзякуючы гэтаму яшчэ не даведзеныя; жыцьцё — гэта не аргумэнт; ува ўмовах жыцьця можа быць абмыл (Unter den Bedingungen des Lebens konnte der Irrtum sein), то мы маглi б дакiнуць, што ў iсьце Бог ёсьць формай такога абмылу, што становiць сабой умову iснаваньня. Адначасна трэба памятаць, што боскасьць гэтай выявы абмылу замыкаецца ў тым, што ён не дазваляе сябе прасачыць да канца i адначасна вылучыць як «абмыл», а застаецца як бы ў завiсаньнi памiж рознымi формамi быцьця, даючы сфармуляваць сябе адно ў форме прыпушчэньня (konnte der Irrtum sein). Бог — гэта тая сiла, якая, надаючы абрысы спакмянём, адначасна падцiнае, (дэ)канструюе iхную працягласьць i нязьменнасьць; Бог/абмыл — гэта ўзмагутненая моц «быць можа», што мажджэрыць кожны спакмень i кожнае паймо.
Гэта таксама азначае, што ў поймах, будучых «абмыльнымi» ў назначаным вышэй сэнсе, функцыянуюць адначасна розныя магчымасьцi значэньня (паколькi ва ўсiх iх дзеяла сiла «быць можа»), i таму немагчыма адмедаваць iх аднэй дэфiнiцыяй, якая б стварыла «праўдзiвы» вобраз. Загэтым абмыл ёсьць спасылкай да дысэмiнацыйнага характару значэньня, якое нiколi не было гамагенным i ў сувязi з тым выступала супраць рутынных моўных i пазнавальных навыкаў. Нiцшэ асэнсоўвае гэтае пытаньне на пачатку кнiгi «Па той бок дабра i лiха», пiшучы: «Фальшывасьць нейкага меркаваньня для нас ня ёсьць яшчэ закiдам супраць гэтага меркаваньня; у гэтым навiзна нашай мовы гучыць найбольш нязвычна. Гаворка iдзе аб тым, наколькi яно ўплывае на ўзмагутненьне жыцьця (...), i мы прынцыпова схiляемся да цьверджаньня, што найбольш фальшывыя меркаваньнi найбольш неабходныя для нас (...). Прызнаць няпраўду ўмовай жыцьця азначае небясьпечным чынам выступiць супраць звычных што да вартасьцяў пачуцьцяў...»[131].
* * *
Фройд займаецца абмылам у сваёй клясычнай, раньняй працы, што датычыць памылковых дзеяньняў. Як i Нiцшэ, Фройд трактуе свае аналiзы як радыкальную спробу зьвярненьня ўвагi на трывiяльныя зь першага пагляду здарэньнi штодзённасьцi (i таму нельга пагарджаць дробнымi праявамi i адзнакамi[132]), у якiх дзеюць стлумленыя, выштурхнутыя, але тым ня менш усьцяж актыўныя iнтэнцыi. Таму абмыл — гэта шлях несьвядомага ў бок сьвядомасьцi, зьява, што функцыянуе на паўзьмежжы дзьвюх сфэраў. I гэтта праглядаецца нiцшэанская думка, асаблiва калi прыгадаць сабе чысьленыя зацемы фiлёзафа, што тычацца неаўтэнтычных узаемiнаў памiж сьвядомым i несьвядомым, узаемiнаў, абапёртых на прывiлеяванай пазыцыi сьвядомасьцi над iнстынктам («Жывёльныя функцыi ўсё ж у прынцыпе ў мiльён разоў важнейшыя, чымся ўзьнёслыя станы духу або вяршынi сьвядомасьцi: гэтыя апошнiя ёсьць надмернасьцяй, паколькi яны ня ў стане быць iнструмэнтамi гэтых жывёльных функцыяў[133]. Зазвычай сьвядомасьць бярэцца за ... найвышэйшыя iнстанцыi, тымчасам гэта толькi сяродак прылучэньня...»[134]). Абмыл для Фройда — гэта спосаб вырвацца з дысцыплiны лёгiкi i ладу грамадзкага моўнага абмену, прычым гэны трансгрэсіўны акт зьдзяйсьняецца так, што ён радыкальна ня бурыць зоны парадку, а толькi паказвае, што яна пабудавана на подзе непадпарадкавальных рэакцыяў сьвядомасьцi, якiя што да яе застаюцца ў стане пэўнай нэўтральнасьцi. Дарма што Фройд не гаворыць, як Нiцшэ, аб «жывёльных функцыях», тым ня менш можна паспрабаваць акрэсьлiць як абмыл зьяву, што выяўляе ў сфэры людзтва тое, што нялюдзкае. Мэханiзм, што генэруе памылкi, працуе, завастраючы паўзьмежжы ўвагi так, што яны могуць пэрфараваць i гмурыць напятую паверхню сьвядомасьцi. Паслугуючыся тэрмiналёгiяй Дэрыды, мы маглi б сказаць, што абмыл ёсьць «столкай», што зьяўляецца на напружанай матэрыi думкi. У Фройда чытаем:
123
У праграме III Тыдня Палянiстаў «Старое й новае лiтаратуразнаўства» зьявiўся наступны абмыл: «Дэканструктывiзм — кансэрваторыя».
124
Дэрыда шматкроць выказваўся на гэтую тэму. Тут мы прывялi толькi яго ўзглядна нядаўнае iнтэрвiю з Ч.Норысам, апублiкаванае ў «Architetural Design», vol.58, 1989.
131
F. Nietzsche, Poza dobrem i złem, przekł. S. Wyrzykowski, Warszawa, 1905, s. 10 (af.4).
132
Z. Freud, Wstęp do psychoanalizy, przekł. S. Kempnerówna, W. Zaniewicki, Warszawa, 1958, s. 14.