Выбрать главу

Таму, калі шукаюць супольныя рысы Сярэдняй Эўропы, навязьлівым рэфрэнам вяртаецца гісторыя. Тая даўная і гэтая цяперашняя, запісаная ў калектыўным сьведам’і і перажываная ў дадзены момант. Ейны рэльефны відарыс — наўперад памяць паразы, прыніжальны досьвед прайгранкі. Мілаш нават робіць выснову, што «гістарычныя ўяўленьні заўсёды кормяцца калектыўнай памяцяй і пачуцьцём пагрозы»[166]. Яму ўтаруе Конрад: «Наша ўяўленьне гісторыі абмяжоўваецца рэтраспэкцыйным летуценьнем: каб жа тады склалася інакш, то ўсё б пайшло гладка. Амаль-перамогі, нібы-дасягненьні, а пасьля горкі экстаз самаабвінавачаньняў»[167]. Паляк і вугорац — два браты... у няшчасьці. Яны думаюць падобна, хаця іх падзяляе ня толькі адлежнасьць ад Амэрыкі да Эўропы, але і час: першае выказваньне паходзіць з пачатку восемдзясятых гадоў, другое зь дзевяцьдзясятых. Хіба — апрача Восені Народаў — у нашым аўтадыягназе нічога не зьмянілася? І надалей сярэднеэўрапейцы, паводле словаў Тамаша Лубеньскага, пакутуюць на «комплекс замкнёнасьці», «комплекс пэрыфэрыі» і «хваробу намадызму»[168]?

Перш як паспрабаваць адказаць на гэтае пытаньне, варта прызнаць, што ідэя Сярэдняй Эўропы ад самага пачатку знаходзіла вялікшы розгалас у Чэхіі, Вугоршчыне або ў краінах колішняй Югаславіі, чымся ў Польшчы. Чаму? Адной з прычын было, напрыклад, тое, што польскія землі былі падзеленыя паміж трыма гаспадарствамі, адно зь якіх распасьціралася далёка ў стэпы Азіі і прыналежнасьць якога да Эўропы нярэдка стаўлялася пад сумлеў, другое адмаўляла насельнікам цэнтральнай часткі кантынэнту называцца сапраўднымі эўрапейцамі, абдорваючы іх пагардлівым найменьнем Mitteleuropa, а трэцяе было ўблытана ў нутраныя нацыянальныя канфлікты. У гістарычнай памяці палякаў і надалей жыве абраз Рэчы Паспалітай, і загэтым яны не выстаўляюць прэтэнзій — як чэхі, вугорцы, славенцы — на габсбурскую манархію, якая збаёдала шанец стварэньня фэдэрацыі раўнапраўных малых дзяржаваў. Постаць дабрадушнага караля з бакенбардамі яшчэ ўзбуджае пэўны сантымэнт у жыхароў Кракава, сантымэнт супоўна незразумелы для насельнікаў Пазнані ці Варшавы. Адсюль вынятковасьць становішча Мілаша. Цяжка дзівіцца, што народжаны каля Коўні як царскі падданы, сьведка нараджэньня і экспансіі нацыяналізму дваццатага стагодзьдзя, у азоранай легендай гістарычнай мінуўшчыне Літвы ён шукае зразы для «Эўропы радзім».

Але малая папулярнасьць ідэі Сярэдняй Эўропы ў Польшчы мае яшчэ іншыя прычыны. Сярод іх у тым ліку і пытаньне прыналежнасьці да Эўропы. Як абгрунтавана даводзіць Багдан Цывіньскі[169], гэтае своеасаблівае прыхарошваньне лёгка паставіць пад сумлеў, калі зьвярнуцца да геаграфічных, гістарычных або эканамічных аргумэнтаў. Польшча для эўрапейцаў — гэта далёкая краіна, у гісторыі кантынэнту пастойна запозьненая, цывілізацыйна адсталая. Але, тым ня менш, патрэбная нейкай Эўропе, бо яна становіць сабой важны складнік яе духовай тоеснасьці. У чым тады палягае каштоўнасьць польскасьці? Цывіньскі асьцярожна кажа, што ён засяроджваецца на пазытыўных рысах стэрэатыпу паляка, да якіх адносяцца адвага і ахвярнасьць, здольнасьць да салідарных дзеяньняў, вернасьць каталіцызму і падпарадкаванасьць паводзінаў перадусім пачуцьцям. Вучоны прывёў тым самым, хоць і з засьцярогамі, набор традыцыйных прынцыпаў. Як бы ігнаруючы факт, што польскае грамадзтва за апошнія пяцьдзясят гадоў перажыло глыбокую мэтамарфозу і гэныя даўныя меры не заўсёды маюць прытарнаваньне. Наапошку, аднак, ён прызнае, што эўрапейскасьць ня ёсьць «вартасьцяй самой у сабе. Яна ёсьць баржджэй спосабам перажываньня вартасьцяў, прыступных чалавеку, спосабам, які свойскі эўрапейцу, бо ён паклікаецца на ведамыя яму культурныя кады і на запісаныя ў іх успаміны аб пэўных гістарычных даведаньнях». Дадаючы: «Дзеля гэтага «агульначалавечая», абстрактная вартасьць убіраецца ў строі блізкай нам сымболікі, а на ейным ахове стаяць ведамыя нам з гісторыі або зь легендаў героі»[170]. Намагаючыся ўскосна давесьці прыналежнасьць Польшчы да Эўропы, Цывіньскі выяўна абсалютызуе пры гэтым мяжу паміж Усходам і Захадам. Ён сьцьвярджае, што крытэрам, важнейшым за веравызнаньне, ёсьць «тып грамадзка-палітычнага ладу і філязофія чалавека і грамадзтва, якая стаіць за ім»: загэтым па адным баку пануе закон, па другім — «воля абсалютнага валадара»[171]. Гэтага роду абагульненьні лёгка паставіць пад сумлеў. Бо хіба Захад заўсёды кіраваўся законам, а ня воляй валадароў? Або ці ў Расію не пранікалі дэмакратычныя ідэі? Але прытарнаваная тут стратэгія, нягледзячы на шматлікія заганы, паўторыцца яшчэ ня раз.

* * *

Сілкаваны настальгіяй, летуценьнем або сукрытымі комплексамі, дыялёг выгнанцаў зь Сярэдняй Эўропы не заглух у пустцы, наадварот — ён выклікаў на Захадзе надзвычай жывы рэзананс. Прамовіла пачуцьцё сукрытай віны? Настальгія за ўстойлівым сэнсам? Прагненьне самасьцьвярджэньня? Як бы там ні было, заходнеэўрапейскія інтэлектуалы і пісьменьнікі проста навыперадкі бегалі адзін за адным, каб узяць удзел у дэбатах. Уборзьдзе, зрэшты, яны набылі форму міжнародных канфэрэнцый, падчас якіх — зазвычай адныя і тыя ж удзельнікі — заўзята разглядаюць размавітыя гістарычныя, палітычныя, гаспадарчыя, культурныя аспэкты жыцьця ў гэтай частцы кантынэнту. Сярэдняя Эўропа стаецца ў пэўным сэнсе моднай. Ейная адметнасьць і апрычонасьць выявілася ня толькі ў словах, запісаных дысыдэнтамі, але і ў штодзённым жыцьці насельнікаў дзяржаваў, захінутых зялезнай заслонай, як у пакутнай праўдзе палітычных рэалій, так і ў кампэнсацыйнай гістарычнай фікцыі.

Добрым прыкладам гэтага ёсьць ведамае эсэ Цімаці Гартана Аша з вымоўным назовам «Ці існуе Сярэдняя Эўропа?»[172]. Абапіраючыся на эсэ Гавэла, Міхніка і Конрада, аўтар выкрывае мітатворныя схільнасьці ў мысьленьні ўсходнеэўрапейскіх дысыдэнтаў, замоўчваньне імі цяжкіх і далікатных праблем, напрыклад, стаўленьня да Нямеччыны і нацыянальных меншасьцяў, ён даходзіць да высновы, што «кожная спроба прэпарацыі нейкай супольнай сярэднеэўрапейскай «эсэнцыі» гісторыі прыводзіць толькі да абсурдных спрашчэньняў або безьзмястоўных абагульненьняў», а само паймо немагчыма абараніць як «сьведчаньне супольнай гісторыі»[173]. Тым самым яно зводзіцца ў ісьце да паставаў, ідэяў і вартасьцяў, выведзеных незалежнымі інтэлектуаламі з досьведу жыцьця ў камуністычнай сыстэме. Набор прынцыпаў надзвычай просты і, няма сумлеву, годны павагі. Гэта «імпэратыў жыцьця ў праўдзе, адмаўленьне ад усілства, барацьба за грамадзянскую супольнасьць»[174]. Але якую карысьць могуць атрымаць з гэтага заходнія інтэлектуалы? Паводле Аша, развагі апазыцыянэраў не зьмяшчаюць надта шмат новых ідэяў, але яны могуць паслужыць ключом да мэханізмаў таталітарызму. «Яны ёсьць ідэалягічнай вакцынай, якая аказвае збавенны ўплыў на існыя ў Заходняй Эўропе рухі за мір. Яны становяць сабой годны перайманьня прыклад маральнай адказнасьці і асабістай адвагі. Яны нагадваюць, што «ідэі і словы маюць вагу»[175], і таму да іх нельга легкаважка падыходзіць і імі злоўжываць. Няцяжка зацеміць, што ў гэтых меркаваньнях трапнасьць назіраньняў ідзе ўзапар зь незнаёмасьцю рэалій, а таксама схільнасьцю да празьмерных абагульненьняў. Зь іншага боку, усё часьцей чуецца — напару яшчэ і агучанае прадстаўнікамі розных арыентацый — перакананьне, што на гэтым забытым прасьцягу перахаваліся тыя вартасьці эўрапейскай культуры, якія на Захадзе былі або зруйнаваныя, або адкіненыя.

вернуться

166

Cz. Miłosz, op. cit.

вернуться

167

G. Konrad: Dekadenci to my. «Krasnogruda», № 1, 1993.

вернуться

168

Гл.: T. Lubieсski: Porachunki sumienia. Warszawa, 1994.

вернуться

169

B. Cywiński: Mój kawałek Europy. Warszawa, 1994.

вернуться

170

Ibidem, s. 12.

вернуться

171

Ibidem, s. 13.

вернуться

172

«Zeszyty Literackie», № 17. Перадрук у: Pomimo i wbrew. Eseje o Europie Środkowej. Przeł. A. Husarska. Londyn, 1990.

вернуться

173

Op. cit., s. 31–32.

вернуться

174

Ibidem, s. 47.

вернуться

175

Ibidem, s. 49.