Выбрать главу
ІІІ

Якія адказы дае сярэднявечная ідэя на нашы чатыры пытаньні?

Што да месца чалавека ў сусьвеце, яе адказ рашуча антрапацэнтрычны. З пункту гледжаньня ранейшай навукі палажэньне ўяўлялася так: чалавек — валадар зямлі; Зямля ёсьць цэнтрам сьвету; Сонца і плянэты кружыняцца вакол яе; зоркі — ня што іншае, як рамкі гэтай земнай і, такім чынам, чалавечай сыстэмы. Біялёгія вучыць, што чалавек — істота адзіная ў сваім родзе, якая ўзвышаецца над усім іншым у сьвеце. Такім чынам, чалавек — цэнтар сусьвету. Гэтая антрапалягічная канцэпцыя ўзмацняецца яшчэ і біблійнай верай: паводле яе, сьвет быў створаны для чалавека, які ня толькі яго цэнтар, але і адзіная мэта.

Сярэднявечны адказ на пытаньне аб прагрэсе таксама станаўко нэгатыўны. Нягледзячы на велізарны аўтарытэт сьв. Аўгустына, першаадкрывальніка і радыкальнага прыхільніка эвалюцыі, сярэднявечны чалавек ня верыць у касьмічны прагрэс, і тым менш у грамадзкі. Яго канцэпцыя сьвету і грамадзтва хутчэй статычная.

Што да праблемы навукі, Сярэднявечча займае памяркоўнае становішча. Яно верыць у магчымасьць пазнаньня, прызнае вартасьць навукі, але адрозьнівае (ясна і востра пачаўшы ад сьв. Тамаша з Аквіну) веду ад веры. Вера, сьветапогляд ня могуць быць даведзенымі.

Наапошку кажучы аб магчымасьцях, адкрытых перад чалавекам, у Сярэднявеччы станаўко пераважае пачуцьцё бясьсільнасьці.

Падрахоўваючы: асноўная ідэя Сярэднявечча абнімае антрапацэнтрычную канцэпцыю, статычнае разуменьне сьвету, памяркоўны рацыяналізм і перакананьне, што магчымасьці чалавека абмежаваныя.

IV

Гэтую ідэю паступова, пачынаючы ад XVIII стагодзьдзя, заступае новая ідэя, якую называюць «асьветніцкай». Адзін складнік сярэднявечнай ідэі быў прыняты і нават увыразьнены, але мадэрны чалавек адкінуў, адносна глыбока перапрацаваўшы, іншыя складнікі.

Прымаецца антрапацэнтрызм, і яму надаецца радыкальны выгляд. Гэта, вядома, дзіўна, бо якраз у гэтым пэрыядзе навука дае ўсё болей пераконлівых аргумэнтаў супраць меркаваньня, што чалавек займае адмысловае месца ў сьвеце. Калі б астраноміі і біялёгіі не існавала, антрапацэнтрызм акурат цяпер адсьвяткаваў бы найвялікшую перамогу як у філязафічнай думцы, так і ў вераньнях масаў.

Калі ж казаць аб трох іншых пытаньнях, то ў Асьветніцтва навідавоку станаўкі разрыў зь Сярэднявеччам.

Такім чынам, найперш сьцьвярджаецца вера ў неабмежаваны прагрэс — што ёсьць яшчэ адным гістарычным дзівам, паколькі найважнейшыя аргумэнты, якія сьведчылі б аб ім, зьявіліся адно ў другой палавіне XIX стагодзьдзя.

Таксама вызнаецца, у адваротнасьць ад Сярэднявечча, неабмежаваны рацыяналізм. Чалавек можа ўсё вывучыць і ўсё зразумець. Навука ня знае межаў. Тое, што ляжыць вонках яе абсягаў, ёсьць простым забабонам.

Урэшце, пад узьдзеяньнем навукі і тэхнікі чалавек пачынае верыць у сваю неабмежаваную сілу. Маркс выдатна адлюстраваў гэтую веру, калі пісаў, што Прамэтэй, які выкраў у багоў агонь, ёсьць самым высакародным сьвятым у філязафічным календары. Такім чынам, асноўная ідэя Асьветніцтва абнімае крайні антрапацэнтрызм, веру ў прагрэс, крайні рацыяналізм і веру ў неабмежаваныя магчымасьці чалавека.

V

Так у цэлым уяўляюцца гэныя дзьве ідэі, што паўсталі ў мінуўшчыне і дагэтуль яшчэ аказваюць вялікі ўплыў на масы. Тым ня менш — і гэта найважнейшае цьверджаньне гэтых разважаньняў — гаворка ідзе аб вераньнях, што належаць да сівой мінуўшчыны: як сярэднявечная, так і асьветніцкая асноўная ідэя не адпавядаюць сучаснай духоўнай сытуацыі і як таковыя мусяць быць уважаныя за перажытыя.

Пачнем ад месца чалавека ў сусьвеце: якой уяўляецца сучасная духоўная сытуацыя ў гэтым сэнсе? Катастрафічнай для антрапацэнтрызму, супольнага для абедзьвюх даўнейшых асноўных ідэяў. Астраномія адназначна сьцьвердзіла, што Зямля ня ёсьць цэнтрам Сонечнай сыстэмы, што гэтая сыстэма ёсьць ня ўсёй сапраўднасьцю, але нязначным фрагмэнтам яе, што яна не знаходзіцца нават у цэнтры Млечнага шляху, што вонках гэтага Млечнага шляху існуе шмат (магчыма, мільярды) іншых падобных туманнасьцяў, што адлегласьці ў сусьвеце вымяраюцца мільёнамі парсэкаў (парсэк — гэта больш за 30 800 мільярдаў кілямэтраў), а час —мільярдамі гадоў. Думка, што істота, якая жыве цягам часьцінкі касьмічнай сэкунды на паверхні Зямлі, гэтага неймаверна малога фрагмэнту сьвету, ёсьць яго цэнтрам — гэтая думка сёньня падаецца нам цалкам беспадстаўнай.

Заразом сучасная біялёгія і псыхалёгія нанесьлі сьмяротны ўдар міту аб нібыта выключных уласьцівасьцях чалавека, аб яго ўзвышэньні над прыродай. Яны выявілі, што чалавек, як і іншыя жывёлы, ёсьць папросту вынікам эвалюцыйнага разьвіцьця жыцьця на Зямлі.

Праўда, гаворка можа весьціся аб так званым «антрапічным прынцыпе», згодна зь якім чалавек зьяўляецца мэтай усяго касьмічнага працэсу. За гэты прынцып выказваліся таксама і некаторыя вядомыя астраномы. Але, наколькі можна зарыентавацца, няма падставы ўважаць гэты «прынцып» за вынік строгіх навук. Супраць гэтага прамаўляюць чатыры меркаваньні: 1) антрапічны прынцып належыць да касмалёгіі, якая апэруе на памежжы навук і мэтафізычных спэкуляцыяў; 2) адносна яго няма згоды паміж спэцыялістамі; 3) існуе падазрон, што тут мы маем дачыненьні зь яшчэ адным непамысным пранікненьнем спэцыялістаў у чужую ім галіну. Гісторыя навук поўная такога роду пранікненьняў, хоць і ажыцьцёўленых перадавымі навукоўцамі, але іншага разу кампрамэтуючых іх — досыць прыгадаць філязафаваньне Джынса, Эдынгтона, Планка і Гайзэнбэрга; 4) уплыў сьветапоглядных матываў падаецца відавочным. Згаданы «прынцып» ня ёсьць, такім чынам, спаважным аргумэнтам супраць так добра ўгрунтаванага цьверджаньня, што чалавек у сьвеце ёсьць фрагмэнтам без значэньня. А тое, што і абароньнікі аджылых сьветапоглядаў будуць хапацца гэтага «прынцыпу», як тапелец саломінкі, можна было прадбачыць. Насуперак іх прапагандзе варта сьцьвердзіць, што пэўныя і выдатна ўгрунтаваныя вынікі прыродазнаўчых навук твораць духоўную сытуацыю, якая выключае ўсякі антрапацэнтрызм. Чалавек ня можа быць уважаны за цэнтар сусьвету.

Такім парадкам, у гэтым сэнсе мы маем дачыненьні з радыкальным запярэчаньнем асноўнага складніка як сярэднявечнай, так і асьветніцкай ідэі. Новая духоўная сытуацыя не дазваляе нам мысьліць антрапацэнтрычна.

VI

Пералом закранае таксама і іншыя пытаньні, але палажэньне зьяўляецца своеасаблівым у кожным з гэтых выпадкаў.

Як вынікі навук, так і гістарычнае дасьведчаньне зь вялікай сілай спрыяюць разрыву зь верай у прагрэс. У кожным разе сярод таго, што нам цяпер вядома, мы не знаходзім аргумэнтаў, якія б прамаўлялі за касьмічны прагрэс. Калі прыняць тэорыю вялікага выбуху (big bang), як гэта робіць бальшыня астраномаў, трэба разумець гісторыю сусьвету як працэс несупыннай дэградацыі — што можна было б, зрэшты, вывесьці з другога закону тэрмадынамікі[3]. Але нават згодна з тэорыяй несупыннага тварэньня (continuos creation) у сусьвеце няма прагрэсу. Сучасная навука не дае падставы для веры ў касьмічны прагрэс.

З зусім іншай прычыны сучаснаму чалавеку, бадай, яшчэ цяжэй верыць у касьмічны прагрэс чалавецтва. Праўда, існуе галіна, у якой такі прагрэс ужо некалькі стагодзьдзяў відавочны, — а менавіта галіна жыцьця, а таксама прыродазнаўчых навук, зьвязаная з тэхнікай. Гэтага прагрэсу, якога Сярэднявечча ня знала, немагчыма сёньня запярэчыць.

Але новая духоўная сытуацыя ўлучае ня толькі ўсьведамленьне гэтага факту. Яе істотным складнікам ёсьць таксама дасьведчаньне чалавечай лютасьці, перажытай папярэднім пакаленьнем у такой ступені, што сёньня не выпадае сур’ёзна гаварыць аб маральным прагрэсе чалавецтва. Заразом страх перад наступкамі ядравай вайны і засьмячэньне прыроды прывялі да таго, што прагрэс навукі і тэхнікі ня толькі не атаесамляецца з прагрэсам чалавецтва, але і пачынае пагражаць яго існаваньню. Дасьведчаньне чалавечай лютасьці і боязь наступкаў тэхнікі робяць немагчымай у сучасны момант веру ў гістарычны прагрэс у якой-любя істотна важнай галіне.

У выніку гэтай новай сытуацыі мы зьяўляемся сьведкамі радыкальнага ў гэтым сэнсе разрыву з ідэяй Асьветніцтва, але адначасова (у адваротнасьць ад палажэньня ў справе антрапацэнтрызму) набліжэньня да сярэднявечнай ідэі.

вернуться

3

Закранаючы цесна з гэтым зьвязанае пытаньне існаваньня інтэлекту па-за нашай зямлёй, можна парэкамэндаваць яго ўсебаковы разгляд у кнізе, выданай Э. Рэйджыс: Extraterrestrians, Cambridge, 1985.