“Пажаніліся мы летам 1945 года, — расказвала Ніна Паўлаўна. — Вось з таго часу і разам. А пазнаёміліся ў рэдакцыі слонімскай газеты “Вольная праца”, дзе я працавала літработнікам. Мне ён тады вельмі спадабаўся. Раней у Слоніме я не бачыла і не сустракала прыгажэйшага за яго мужчыну. Хаця на першы погляд, здавалася, што Ваня звычайны, як ўсе. Але заўсёды ў адрозненне ад іншых, ён быў і заставаўся паэтам. Вершы яго мне таксама падабаюцца. Я, напрыклад, як выйду зімою на вуліцу, заўжды прыгадваю яго радкі:
Асабіста мне муж прысвяціў толькі адзін верш “Развеяліся хмары”. Але я ніколі на гэта не крыўдавала…”.
Гэты верш быў надрукаваны ў апошнім зборніку Анатоля Іверса “Травень” (Слонім, 1997). У ім ёсць такія радкі:
Так, хмараў у жыцці паэта са Слоніма было шмат. Нарадзіўся ён 15 траўня 1912 года ў вёсцы Чамяры. Праз два гады сям’я падалася ў бежанства. Жылі ў Казанскай губерні і ў Кіеве. Вярнуліся дамоў толькі ў 1918 годзе.
Як не цяжка было, а за гэты час маленькі Ваня навучыўся чытаць па-руску, а калі вярнуўся з бацькамі ў родныя Чамяры, пайшоў “перавучвацца” у польскую пачатковую школу. Але гэтыя мовы былі для яго чужыя. Хлопчыку хацелася вучыцца ў беларускай школе. Аднойчы летам з Віленскай беларускай гімназіі прыехаў у Чамяры Казімір Чартовіч, які за лета падрыхтаваў чамяроўскіх дзяцей да паступлення ў гімназію. Сярод гэтых вучняў быў і Іван Міско. У 1926 годзе ён становіцца вучням беларускай гімназіі ў Вільні. Там чамяроўскі хлопец знаёміцца з Алесем Салагубам, Язэпам Урбановічам, Міхасём Васільком. Раскідвае лістоўкі, вывешвае чырвоныя сцягі, носіць у турму мопраўскія перадачы для вязняў, расклейвае плакаты, ходзіць на дэманстрацыі рабочых. Аднойчы паліцыя разагнала забастоўшчыкаў, а некалькі дзесяткаў гімназістаў былі выключаны з беларускай навучальнай установы, у тым ліку і Іван Міско, якога пад канвоем прывезлі ў Чамяры і пад распіску здалі бацькам.
Потым былі яшчэ дзве спробы працягваць адукацыю ў Клецкай і Навагрудскай гімназіях, але і адтуль “бунтар” Міско быў выключаны. Яго “універсітэты” закончыліся ў 1931 годзе, пасля чаго юнак вярнуўся ў родную вёску.
У адзін з вечароў да Івана Міско зайшоў незнаёмы хлопец, перадаў прывітанне ад Валянціна Таўлая і папрасіў згоды на подпіс пад Дэкларацыяй сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Дэкларацыя і першы верш Івана Міско пад псеўданімам Анатоль Івэрс былі апублікаваныя ў першым студзеньскім часопісе “Літаратурная старонка” за 1934 год. Праўда, наклад часопіса быў канфіскаваны, але з друкарні ўдалося вынесці толькі некалькі нумароў.
Праз некаторы час вершы Анатоля Івэрса (Іверса) сталі часта друкавацца на старонках выданняў “Літаратурная старонка”, “Калосьсе”, “Беларускі летапіс”, “Шлях моладзі”, “Наша воля”, “Асва”. А ў верасні 1939 года ў Вільні выйшаў яго першы паэтычны зборнік “Песьні на загонах”.
Аб чым пісаў малады паэт з Чамяроў? Ды пра тое, як шуміць жыта, як “хтось расчэсваў зялёныя сосны”, як “заігралі ветры ў полі” і як “залацілася раніца ападаючым шэлестам”. А яшчэ паэт пісаў пра Беларусь, пісаў шчыра і светла, натхнёна і радасна:
Калі прыйшлі “першыя саветы” і ў Слоніме пачала выдавацца раённая газета “Вольная праца”, яе першы рэдактар Іосіф Чарняўскі запрасіў Івана Міско на працу на пасаду літсупрацоўніка рэдакцыі. А ў 1940 годзе на выязным пасяджэнні ў Беластоку кіраўніцтва пісьменніцкай арганізацыі БССР прыняло Анатоля Іверса ў Саюз пісьменнікаў.
У гады вайны Іван Міско ўзначальваўваў Слонімскую падпольную антыфашысцкую арганізацыю і быў намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя Дзяржынскага па разведцы. У лесе выдаваў антыфашысцкую газету “Барацьба”, лістоўкі, дапамагаў выпускаць падпольную “Вольную працу”.
Вайна прайшла праз сэрца і душу Анатоля Іверса. Ён страціў першую жонку і бацьку, ды і сам быў на валаску ад гібелі. Але, не гледзячы на ўсе яго заслугі, для савецкай улады ды і ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, паэт Анатоль Іверс заставаўся чужым. Замест творчай працы ён працаваў на смолазаводзе, у хімлясгасе, а калі пайшоў на пенсію — быў адказным сакратаром Слонімскага раённага аддзялення таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. А першы пасляваенны зборнік вершаў выйшаў з друку толькі ў 1970 годзе. Ён называўся “З пройдзеных дарог”. Сюды ўвайшлі вершы, напоўненыя пачуццём шчырай любові да роднага краю і яго працавітых людзей, а таксама паэма пра камсамольца Валодзю Бялько. У сваіх паэтычных радках Анатоль Іверс стараўся праўдзіва адлюстраваць перамогі над усімі акупантамі, якія не давалі спакойна жыць і працаваць на роднай зямлі: