Выбрать главу
Перамога! Перамога! Абіваем з ботаў пыл. І на пройдзеных дарогах Ставім новыя слупы. Вецер гутарыць з ліствою, Ад кастра адносіць дым. А слупы ўсе пахнуць хвояй, Нашым лесам маладым. [25]

Але як цяжка Анатолю Іверсу не было і дзе б ён не працаваў, заўсёды пісаў вершы, ніколі не цураўся матчынай мовы. “Я заўсёды размаўляў на сваёй мове, — казаў пры жыцці паэт. — За гэта мяне называлі нацыяналістам альбо, у лепшым выпадку, “той, хто гаворыць па-беларуску”. Мяне не арыштоўвалі, хоць дапытвалі больш чым паўсотні разоў. Двойчы звальнялі з працы за тое, што “не внушал политического доверия”.

Але паэт трываў і “шчасце спазнаў” у сваіх вершах. Трэці зборнік паэзіі “Жыву ў бацькоўскім краі” пабачыў свет у Мінску ў 1982 годзе. Ва ўступным слове да яго Алег Лойка трапна заўважыў, што “вершы Анатоля Іверса другой паловы 60-70-х гадоў раскрылі жыццёвы лёс паэта найбольш шырока і глыбока, і іх дэкларацыі — часцей за ўсё менавіта ёмістыя паэтычныя формулы жыцця і барацьбы, вернасці Радзіме, праўды лёсу чалавечага, як, напрыклад, гэтыя:

Таварышы, паверце, Хачу не проста жыць, Хачу да самай смерці Радзіме паслужыць”. [26]

Нялёгка было ў правінцыі жыць, але вершы пісаліся і выдаваліся новыя кнігі: “Я пайшоў бы ўслед за летам…”(Мінск, 1987), “Прыдарожныя сосны” ( Слонім, 1995), “Травень” (1997).

Для мяне, а таксама для ўсіх землякоў, Анатоль Іверс найперш застаўся ў нашай памяці як паэт, які шчыра служыў свайму народу і Бацькаўшчыне. У вершы “На дзяды” (зборнік “Травень”. С.55) ён сам падвёў вынікі перажытага і сказаў пра ўсё смела і адкрыта:

Я тры рэжымы перажыў: Быў пан, быў гітлерац, “таварыш”. І памяць кажа: беражы, Каго яны закатавалі. Палегла многа без віны За мову родную ў змаганні. А голас іх дасюль звініць На гістарычным скрыжаванні. Каб не забылі мы наш род І тых, каго няма на свеце, Каб ведалі, што мы — народ, Што дзень свабодаю нам свеціць. Свабодны люд стварыў бы лад Дэмакратычны, не жалезны, Каб Беларусь наша была Краінай вольнай, незалежнай. [27]
ЯКУБ МІСКО

З земляком Якубам Міско мне не пашанцавала сустрэцца і пазнаёміцца. Калі я паступіў на першы курс Белдзяржуніверсітэта, у часопісе «Маладосць» (1980, № 9) з’явілася яго дакументальная аповесць «Было яно калісьці…». Я купіў часопіс і на адным дыханні прачытаў гэтую аповесць. У ёй Якуб Міско цікава апісваў свае дзіцячыя і юнацкія гады, беларускую Вільню, дзе вучыўся і сталеў, а таксама родную Слонімшчыну. А дзесьці ў 1989 годзе яшчэ адзін мой зямляк, доктар гістарычных навук Васіль Мялешка прыслаў мне верш Якуба Міско, які называўся «Наперад». Гэты верш гісторык знайшоў у архіве, ён друкаваўся ў 1926 годзе ў падпольным часопісе вучняў Віленскай беларускай гімназіі. Я параіў Васілю Іванавічу даслаць верш Якуба Міско ў «ЛіМ», што ён і зрабіў. І 6 кастрычніка 1989 года верш «Наперад» Якуба Міско быў надрукаваны на адной са старонак тыднёвіка. Гэты верш у той час заклікаў моладзь да шчаслівейшай долі, да барацьбы за лепшае жыццё:

Наперад, да лепшае долі! Наперад, да сонца, да зор! Мы ў цемры ня можам жыць болей, Нам трэба сьвятло і прастор!..

Якуб Міско нарадзіўся 1 ліпеня 1911 года ў вёсцы Чамяры ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў пачатковай школе ў бежанстве ў Расіі. А калі сям’я вярнулася ў Чамяры ў 1921 годзе, паступіў у Віленскую беларускую гімназію, адкуль яго за рэвалюцыйную дзейнасць некалькі разоў выганялі.

вернуться

25

Іверс Анатоль. З пройдзеных дарог. Мн., 1970. С. 55

вернуться

26

Лойка Алег. “Хачу не проста жыць…”// Іверс Анатоль. Жыву ў бацькоўскім краі. Мн., 1982. С. 9-10

вернуться

27

Іверс Анатоль. Травень. Слонім. 1997. С. 55