Выбрать главу

Зрэдку, але бываю ў мінскай творчай майстэрні свайго земляка Івана Міско. Там трапляю нібы ў музей, дзе вочы разбягаюцца ад розных бюстаў, малюнкаў, аўтографаў, здымкаў. Найперш уражваюць дзверы, на якіх пакінулі свае аўтографы тыя людзі, якія пабывалі ў майстэрні скульптара. Свае аўтографы пакінулі касманаўты Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак, Георгій Берагавой, мэр Масквы Юрый Лужкоў, расейскі мастак Ілья Глазуноў, кампазітар Аляксандра Пахмутава, спявак Іосіф Кабзон, і нават Аляксандр Лукашэнка. А пакінуў ён тут свой аўтограф, калі яшчэ быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. А я чым горшы за Рыгоравіча? Тым больш, што я — зямляк скульптара, таму таксама пакінуў на дзвярах свой аўтограф.

Каго толькі не ляпіў Іван Міско. Але яго ўлюбёнай тэмай была і застаецца касмічная. Партрэт першага касманаўта свету Юрыя Гагарына наш зямляк зрабіў пад гукі жалобнай узыкі ў дзень пахавання першаадкрывальніка касмічных прастораў. На сённяшні ж дзень у майстэрні скульптара з Чамяроў — цэлая галерэя скульптурных партрэтаў касманаўтаў з самых розных краін свету — Беларусі, Расіі, ЗША, Англіі, Францыі, Польшчы,

Германіі і нават Японіі і Афганістана.

Па словах скульптара, значная частка ягонага жыцця прайшла ў мінскай майстэрні. “Але ў кожнага чалавека ёсць дарагі сэрцу куточак зямлі — радзіма, — згадвае Іван Якімавіч. — Для мяне гэта вёсачка Чамяры, што на Слонімшчыне, дзе 22 лютага 1932 года я ўпершыню ўбачыў сонечнае святло. Тут жылі бацькі, дзяды і прадзеды. Яшчэ ў школьныя гады ў мяне з’явілася цікавасць да малявання. Калі ж наступіў час вызначаць свой жыццёвы шлях, вырашыў стаць мастаком. Мара збылася — я паступіў вучыцца ў мастацкае вучылішча ў Мінску. З першага курса пайшоў у армію. Служыў далёка ад родных мясцін, у Забайкаллі. Але і там стараўся не расставацца з жывапісам. Маляваў партрэты для гарнізоннага клуба, афармляў насценгазету. Завочна скончыў вучылішча імя Н.К.Крупскай у Маскве. Пасля службы прадоўжыў вучобу ў Мінску. І здарылася так, што паступаў я на аддзяленне жывапісу, а скончыў скульптурнае. Аднойчы ўбачыў, як працуе скульптар і быў уражаны. Магчымасць тварыць у жывой прасторы здалася мне пасля гэтага больш прывабнай, і сэрца маё назаўжды прыкіпела да скульптуры. Дыпломная кампазіцыя “Юнацтва” стала пачаткам творчай біяграфіі. У 1957 годзе я скончыў вучылішча. Затым была Беларуская акадэмія мастацтваў. Скульптурная кампазіцыя “Суровыя гады” падвяла вынікі вучобы. Гэта работа была своеасаблівым водгаласам маіх дзіцячых гадоў, абпаленых вайной. Я пачаў працаваць у Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі, якому аддаў дваццаць гадоў жыцця. Гэта быў надзвычай плённы перыяд для творчасці. Праца ў музеі дала рэдкую магчымасць удасканальвацца ў сваёй прафесіі. Сярод маіх ранніх работ — “Вясна”, “Беларусачка”, скульптурныя партрэты дырыжора Р. Шырмы, акадэміка А. Пракапчука, пісьменніка Я. Маўра, кампазітара Я.Цікоцкага, акадэміка Ф.Фёдарава, партрэт маці і цэлая серыя партрэтаў Герояў Сацыялістычнай Працы. Я ляпіў партрэты людзей, якія былі цікавымі для мяне. Сярод іх мае землякі, простыя людзі, якія пражылі настолькі багатае жыццё, што на іх тварах адбіліся і мудрасць, і душэўная прыгажосць, і высакароднасць. З 1957 года я пачаў браць удзел у рэспубліканскіх і ўсесаюзных мастацкіх выставах і конкурсах. Тройчы працаваў на міжнародных пленэрах па скульптуры ў Германіі. У 1965 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў”. [35]

Аднак персанажамі твораў Івана Міско сталі не горныя вандроўнікі паднябесся, але і знакамітыя людзі Беларусі. Не адну гадзіну ў майстэрні скульптара падчас яго работы правялі артыстка Стэфанія Станюта, пісьменнік Янка Маўр, акцёр Мікалай Яроменка, навуковец і палітык Генадзь Карпенка, спартсмен Аляксандр Мядзведзь. Мастак лічыць, што ўсе яны, ягоныя героі, — не зусім зямныя. Любоў да зорнай вышыні падказала нашаму земляку ідэю яшчэ двух партрэтаў — “бацькі амерыканскай касманаўтыкі” Барыса Кіта, які, як вядома, нарадзіўся ў Навагрудку, а таксама астролага Паўла Глобы.

У плённым супрацоўніцтве са скульптарамі М.Рыжанковым і А.Заспіцкім, архітэктарам А.Трафімчуком Іван Міско стварыў помнік-мемарыял, прысвечаны маці-патрыётцы, правобразам якой стала Анастасія Купрыянава, пяцёра сыноў якой загінулі на вайне. Помнік устаноўлены ў Жодзіна.

Сярод работ Івана Міско шмат скульптурных партрэтаў і кампазіцый. Гэта помнік Максіму Горкаму ў Мінску, заснавальніку беларускага нацыянальнага тэатра Ігнату Буйніцкаму ў вёсцы Празарокі на Глыбоччыне, помнік герою Івану Кабушкіну ў Баранавічах, помнік рускаму мастаку І.Рэпіну ў Здраўнёве, надмагільны мемарыял Гагарыных у горадзе Гагарыне і многія іншыя. А яшчэ Іван Якімавіч марыць зрабіць помнік Льву Сапегу і ўстанавіць яго ў родным Слоніме. Праект сумесна з архітэктарамі ўжо зроблены.

вернуться

35

Міско Іван. Альбом. Мн., 2002. С. 5