Выбрать главу

У сакавіку Сэсар Вальеха захварэў. Дактары не знаходзілі прычыну, але тэмпература не спадала. Нават у знакамітай клініцы не змаглі паставіць дыягназ. Гаварылі, што як быццам колісь на радзіме Сэсар перанес ліхаманку. Але ж ён дужа хварэў у Еўропе таксама, падарваў нервы беднасцю, пакутаваў за іспанскую злыбяду, прадчуваў горкі лёс рэспублікі. 29 сакавіка ён прадыктаваў жонцы: “Хоць перад Богам прыйдзецца трымаць адказ, там, за смерцю, ёсць у мяне абаронца: Бог”.

Ізноў парадаксальны інтэлект паэта нават на парозе смерці, у агоніі, адкрывае нам дыялектычны вобраз Бога ў мудрай еднасці суддзі і абаронцы.

Сэсар Вальеха адышоў 15 красавіка 1938 года раніцой, а палове дзесятай. За колькі хвілін да гэтага ён нібы прачнуўся і вымавіў: “Хачу ў Іспанію!”

20 студзеня 1939 года салдацкая друкарня рэспубліканскае арміі Іспаніі на ўсходнім фронце выпусціла ў свет першае выданне кнігі “Іспанія, адвядзі ад мяне чару гэтую”. Тыраж трапіў у рукі франкістаў, і толькі пазней, праз гады, удалося выратаваць лічаныя экземпляры. У ліпені ў Парыжы аматары паэзіі змаглі чытаць упершыню “Гуманныя вершы” і іспанскую паэму пад адной вокладкай. Іншыя творы з’явіліся толькі праз дваццаць — трыццаць гадоў намаганнямі ўдавы паэта і ягоных сяброў.

Іспанія, на жаль, не адвяла ад паэта чару пякельнага гора, якую і ёй прыйшлося зазнаць. Лёс таксама. Бязлітасны лёс. Адно Сэсар Вальеха мог напісаць гэтыя радкі:

Нарадзіўся ўдзень без зморы, Бог якраз тады быў хворы, і цяжка.

Карлас Шэрман

З кнігі “Чорныя геральды” (1915—1919)

Чорныя геральды

ЧОРНЫЯ ГЕРАЛЬДЫ
Жыццё нас б’е, ды так... Аж я не разумею! Б’е, як у злосці Бог, нібы ад тых удараў пакутаў хвалі ўюць сабе гняздо надзеі на беразе душы... Ці я не разумею!
Іх шал, удараў тых... ратаяў злых барознаў на тварах з лютасці, на карках, што не ўдзерці. Ці гэта жарабкі атылаў дубалобых, Геральды чорныя, ганцы ад пані Смерці.
Як ад Хрыста ў душы зрываюцца ў прадонні ад веры найсвятой — ёй Лёс жадае кары. Трэск бохана, які згарае дымна ў печы, пакуль выцягваем, нагадваюць удары.
А чалавек... Жабрак! Адводзіць моўчкі вочы, бы на плячы руку адчуўшы перад сконам; адводзіць, як вар’ят, і ўсё, што нёс пакутна, мялее лужынай у позірку ягоным.
Жыццё нас б’е, ды так... Ажно не разумею!

Спрытныя выступы

СВЯТЫ ЛІСТАПАД
Поўня! Карона над лобам вялізным, льешся лістотай на жоўтыя цені! Тоіш трагічную слодыч смарагдаў, чырвань кароны Хрыста ў задуменні.
Поўня! Блакітам злюцелае сэрца, што ты лунаеш у кубку, налітым сінім глыбокім віном, да заходу, чоўнам тугі, што ў хаўрусе з нябытам?
Поўня! Лунаеш, лунаеш дарэмна і ахвяруеш сабой да астачы: можа, маё ты цыганскае сэрца — небам вандруе і вершамі плача!..
ПРЫЧАСЦЬ
О прыгажуня! Жылы, яе ферменты маёй старое неістоты з чорным шампанскім, што жыццём лічу я, смертны!
А валасы — карэньчыкі далёкай маёй лазы і кайнасці і кары. А валасы — густыя ніткі мітры маёй загубленай нязбытнай мары!
І цела — вір ад пены закіпелы ружовага ад палу Іярдана; вагаецца, нібы бізун няспешны дабра, каб зло зняважыць нечакана!
А рукі — прага вечнасці і цноты, дзе гесперыды[1] свята гаспадыні, як дзве дарогі белыя ратунку, з крыжа сарваных перамлелай плынню яны як плазма той крыві нязломнай, што не трывае пад маёю сінню!
А ножкі — жаўранкі, яны з учора майго вяртаюць мне вясцін бярэма! О ножкі — дзве слязіны, іх згубіў я, калі, як Дух Святы, спусціўся нема і ў Свет на Вербніцу ўвайшоў аднойчы, далёка назаўжды ад Віфліема.
вернуться

1

Гесперыды — у грэчаскай міфалогіі дочкі Атланта, якія жылі ў казачным садзе, дзе расла яблыня з залатымі пладамі. Выкраданне яблык, якія ахоўваў стогаловы дракон, адзін з подзвігаў Геракла.