Выбрать главу
ПРАЖЫЛКІ ТУГІ
Прымі цвікі мае, салодкая яўрэйка, цвікі гліняныя напружання і болю... Прымі іх, вечна любая, прымі памкненне і з крылаў два цвікі і цвік маёй любові!
Вяртаюся з пустэльні, дзе я часта падаў; цыкуту забяры, частуй віном на вынас: хай плач любові твой маіх прагоніць катаў, сляпыя рухі ў іх, як быў сляпы Ланжынас![2]
Прымі цвікі, о новая мая матуля! Сімфонія аліваў, вып’ю твае слёзы! З чаканнем сядзем ля маёй змярцвелай плоці, як жаўранак далей злятае ад пагрозы!
Ідзеш... Сплятае жаль твая валасяніцу краплінай курарэ і вастрыём людскосці, каменным гонарам цнатлівасці і ртуццю Юдзіфінай, дзе мёд таемнай саладкосці.
Золь... восем раніцы, як чарадзей, паветра. Грызе сабака костку зніклага сабакі... Запалка пачынае ў маіх нервах плакаць, што капсуламі цішыні згасіў няўзнакі.
Душы паганскай азіяцкі спеў ласкавы гучыць у Бахусавай сыці з кубкам кавы!..
ЛЕДЗЯНЫЯ БРАТЫ
Кожны дзень прыходжу, як ты праходзіш, параходзік, даллю зачараваны... Вочы — светлачубыя капітаны; вусны — хусцінкі чырвонай праявы, звыклай хістануцца ў “бывай” крывавы!
Я прыходжу, праходзіш ты, ды аднойчы п’яная ад часу, нашай гардыні, параходзік даллю зачараваны, зорка вячэрняя ўсё ж нас пакіне!
Ветразі, здрадныя ветрыкі, быццам тая, што нас зноў пакінула скрусе! Золка каманду дадуць капітаны, хто пакіне бераг, я застануся!..
КУЦЦЯ
Замоўк аркестр, адно гуляюць цені жаночыя пад дрэвамі з вуалем, і цэдзяцца праз лісце ў летуценні хімеры поўні зледзянелым жалем.
Забыта плачуць арыямі губы, і сукні з алебастру, як лілеі. Шалёныя чародкі, ўсмешкі згубы, шаўковы водар пералескаў млее.
Святло твайго вяртання ўсмешкай стрэне; на зграбных форм тваіх богаз’яўленне спеў свята заблішчыць у велікосці.
Мой верш паўторыць у тваёй гасподзе містычны голас бронзы ў асалодзе, што ў свет прыйшоў Хрыстос тваёй мілосці.
ГАРАЧАЕ ВУГОЛЛЕ
Дамінгу Парэ дэль Р'ега
Для Ціліі — ў трагедыі — аздоблю мае радкі гірляндамі; нявінны крывяніць кожны меладычны плод, як сонца жаль, як змрочлівыя віны,     і Цілія мець будзе крыж канання, ды крыж святлом у міг астанні стане!
Для Ціліі — ў трагедыі — зацеплю агню крапліну ў вуснах летуценных; напружацца на пацалунак вусны — растрэснуцца ў пялёсткі руж свяшчэнных,     і мецьме Цілія кінжал расстанняў, забойца кветак ранніх і світанняў!
I ў цені, як падзвіжніцу, ахвяру, страх пяткамі адчуць Жыццё падыме, пакуль у бессані маліцца будзеш маім чалом і строфамі маімі.     Лілею ўзняўшы, ўбачыш Смерці выраз і прагна вып’еш кроў маю, як вірус!
ПРЫЦЕМАК
Я сніў уцёкі і твае карункі, раскіданыя па спальні спрасоння. А на пірсе дзіця ў гадоў пятнаццаць насіла маці, трымала на ўлонні.
Я сніў уцёкі і ўздых “назаўсёды”, ля карабельнага трапа прадонне; і сніў я маці, і свежыя хусткі зеляніны на галовах сутоння, і зорна вясельную сукню ўсходу.
На доўгім пірсе... I зграбную шыю, якая тоне!
НІЦАЯ ВЯРБА
Зімою лірыка, як шэпт пануры, калі наблізіцца пара знікання; і галасоў сурочлівых віхуры, нібы малітвы ў вечар развітання.
Ці летуценняў бачу я хаўтуры, труну, замоўклую ад хвалявання, ці ўсё заморскай зёлцы па натуры — там смерць, нібы глыток паветра зрання.
На золку адыду, і покуль ногі ступаюць, кожны паварот дарогі касу маёй канчыны гне вясёлы.
Сярод палоцен, дзе вятох канае, сабачая завые ўнізе зграя, хаваючы сваё “бывай” у долы.
вернуться

2

Ланжынас — грэчаскі рытор (213?—273).