Выбрать главу

Паганель перш за ўсё выкупаўся ў вадзе Каларадо, якая цячэ сярод ружовых берагоў, над дном з чырвонай гліны. Яго вельмі здзівіла глыбіня ракі, але, успомніўшы, што нядаўна раставаў снег, вучоны больш не здзіўляўся. Талая вада настолькі пашырыла раку, што пераправіцца праз яе ўброд было немагчыма. На шчасце, недалёка быў плецены мост, зроблены, напэўна, індзейцамі. Скарыстаўшы гэта, маленькі атрад адразу пераправіўся на левы бераг ракі і там паставіў лагер.

Перш чым легчы спаць, Паганель дакладна вызначыў геаграфічныя каардынаты ракі і падкрэсліў іх на карце з асаблівай дакладнасцю. Гэтым ён адплаціў сабе за тое, што Яру-Дзангбо-Чу сцякала з гор Тібета не даследаванай.

У наступныя два дні, 27 і 28 кастрычніка, не было ніякіх здарэнняў. Тая-ж аднастайнасць пейзажа, тая-ж неўраджайная глеба. Аднак паступова зямля рабілася ўсё болей вільготнай. Атраду даводзілася цяпер перабірацца праз «канады», балотныя нізіны, і «эстэро», вечна мокрыя лагуны з вадзянымі раслінамі.

Вечарам падарожнікі спыніліся каля вялікага возера з вельмі салёнай вадой—Урэ Ланквем, «горкага возера» індзейцаў, на беразе якога ў 1862 годзе аргентынскія карныя атрады ўчынялі крывавую расправу над паўстанцамі. Падарожнікі размясціліся тут, і ноч пераспалі-б спакойна, каб не малпы-сапажу і дзікія сабакі: гэтыя шумныя жывёлы наладзілі такі канцэрт у гонар еўрапейцаў, што кожны модны кампазітар пазайздросціў-бы іх «музычнай» вынаходлівасці.

РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ

Пампасы

Аргентынскія пампасы цягнуцца ад трыццаць чацвертага да саракавога градуса паўднёвай шыраты. Слова «пампасы» — арауканскага паходжання і азначае «стэп, які зарос травой». Гэта назва надзвычай адпавядае месцу. Падобныя да дрэва мімозы заходняй часткі пампасаў і густая трава ўсходняй надаюць ім своеасаблівы выгляд. Расліна пускае карэнні ў пласт глебы, якая ляжыць на глініста-пясчанай чырванаватай ці жаўтаватай падглебе. Геолаг зрабіў-бы шмат адкрыццяў, даследаваўшы гэтыя адкладанні трацічнага перыяда[37]. Там захавана бясконца вялікая колькасць касцей першабытных жывёл і людзей. Індзейцы сцвярджаюць, што астаткі гэтыя належаць людзям з вымершага вялікага племені тату. У падглебу, такім чынам, закапана гісторыя першых часоў існавання пампасаў.

Амерыканскія пампасы — такая-ж геаграфічная адасобленая вобласць, як саваны краіны вялікіх азёр ці сібірская тайга. Клімат іх кантынентальны, з вялікай спякотай улетку і марозамі зімой. Амплітуда хістанняў тэмпературы ў іх куды большая, чым у правінцыі Буэнос-Айрэс.

Паганель вытлумачыў гэта тым, што ў прыморскіх краінах акіян улетку забірае цяпло, а зімой памалу аддае яго зямлі[38].

— Адсюль,— дадаў ён,— вывад, што тэмпература паветра на астравах хістаецца менш, чым на кантынентах: там не так горача ўлетку, але затое і не так холадна зімой. З прычыны гэтага і клімат заходняй часткі пампасаў не выдаецца той умернасцю, уласцівай усходняй частцы, якая мяжуе з акіянам. У заходняй частцы бываюць вялікія маразы, вялікая спякота, рэзкая змена тэмпературы. Увосень, гэта значыць у красавіку і маі, там бываюць частыя заліўныя дажджы. Але ў гэтую пару года надвор’е звычайна бывае сухое і гарачае.

Падарожнікі крануліся ў дарогу на світанні. Глеба стала цвёрдай, пяскоў больш не было, а значыцца, зніклі і мёданосы і хмары пылу ў паветры. Коні бадзёра беглі сярод зарасніку пая-брава, высокай травы, якая расце пераважна ў пампасах, у якой індзейцы знаходзяць прытулак ад навальніцы. Час ад часу, чым далей, тым радзей, экспедыцыя сустракала водазборы, вакол якіх расла вярба. Тут коні праганялі смагу.

Талькаў ехаў наперадзе, расчышчаючы дарогу ў кустах. Ён узганяў гадзюк-халінас, небяспечнейшую рознавіднасць віпер, укус якіх забівае быка менш як праз гадзіну. Спрытная Таука пераскаквала цераз кусты і дапамагала свайму гаспадару прачышчаць дарогу астатнім коням каравана.

Выгляд прэрый не мяняўся—на сотні міль вакол не было ні аднаго каменьчыка. Нідзе, ў свеце нельга было знайсці пейзажа, больш аднастайнага, манатоннага і сумнага. Трэба было быць вучоным-энтузіястам, як Паганель, каб захапляцца такой дарогай. Што радавала яго тут? Ён сам не мог-бы адказаць на гэтае пытанне. Можа куст, можа проста пучок травы. Але ён усё скарыстоўваў, бесперапынна навучаючы Роберта, які з ахвотай слухаў яго лекцыі.

вернуться

37

Трацічны перыяд (кайназойскай эры) — геалагічная эпоха, якая характарызуецца росквітам млекакормячых і буйнымі гораўтваральнымі працэсамі.

вернуться

38

З гэтай-жа прычыны зіма ў Ісландыі мякчэйшая, чым у Ламбардыі.